Ад зараду батарэі да руху мышы: якую інфармацыю пра нас збірае Facebook?
Кіраўніцтва Facebook апублікавала адказы на пытанні амерыканскіх кангрэсменаў, на якія заснавальнік сэрвісу Марк Цукерберг не змог ці не паспеў адказаць падчас слуханняў у кангрэсе.

У прыватнасці, сацыяльная сетка падрабязна пералічвае ўсе звесткі пра карыстальнікаў і прылады, якія яна збірае і адсочвае:
- Звесткі пра прыладу. Аперацыйныя сістэмы, версіі праграмнага забеспячэння, узровень зараду батарэі, магутнасць мабільнага сігналу, даступнае месца для захоўвання файлаў, тып браўзера, тыпы і назвы дадаткаў і файлаў, убудовы.
- Звесткі пра аперацыі. Напрыклад, ці адкрыта акно, альбо яно знаходзіцца ў фонавым рэжыме; рухі мышы (гэта дапамагае адрозніваць людзей ад ботаў).
- Ідэнтыфікатары. Унікальныя ідэнтыфікатары, ID прылады і іншыя ідэнтыфікатары, у тым ліку з гульняў, дадаткаў або асабістых акаўнтаў, ID сямейных прылад (і іншых ідэнтыфікатараў, звязаных з прадуктамі Facebook і прывязаных да адной прылады або акаўнта).
- Сігналы прылады. Сігналы Bluetooth і інфармацыя пра найбліжэйшыя пункты доступу да Wi-Fi, радыёмаякі і мабільныя вышкі.
- Звесткі пра налады прылады. Інфармацыя, якую карыстальнік дазваляе атрымаць праз налады — напрыклад, доступ да геалакацыі, камеры і фатаграфій.
- Сетка і сувязь. Назва мабільнага аператара або правайдэра карыстальніка, мова, гадзінны пояс, нумар мабільнага тэлефона, IP-адрас, хуткасць сувязі і, у некаторых выпадках, інфармацыя пра найбліжэйшыя або падлучаныя да той самай сеткі прылады, што дапамагае, напрыклад, перадаць відэазапіс з тэлефона на тэлевізар карыстальніка.
- Cookie-файлы. Інфармацыя з сookie-файлаў, якая захоўваецца на прыладзе карыстальніка, у тым ліку ID і налады.
Каментары