Леташняя акцыя «Несмяротны полк» стала самай буйной дэманстрацыяй сілы прарасійскіх арганізацый у Беларусі. Паўтары тысячы чалавек з партрэтамі Сталіна і Леніна прайшлі праспектам Незалежнасці ў Мінску ад філармоніі да плошчы Перамогі.
Сёлета шэсце не дазволілі. Сталіністы-бальшавікі трапілі ў тую ж пастку, што і апазіцыя: заплаціце за працу міліцыі, якая будзе ахоўваць мерапрыемства. Але цалкам забараняць «Несмяротны полк» не сталі. Дазволілі сабрацца ля доміка першага з’езда РСДРП па вуліцы Камуністычнай.

Што кінулася сёлета ў вочы? Праз забарону шэсця колькасць удзельнікаў «Несмяротнага палка» рэзка зменшылася. Максімум такіх набралася чалавек 700, год назад было ў два разы болей.
Не было прадстаўнікоў арганізацыі «Русь маладая», якую ўзначальвае выхадзец з нацысцка-паганскіх арганізацый Сяргей Лушч. Летась менавіта ягоныя малойчыкі шыхтавалі натоўп, ішлі паперадзе і раздавалі георгіеўскія стужкі.

Не было Аляксея Дзермана і Аляксандра Шпакоўскага, на мінулае 9 Мая яны не прамінулі магчымасць прайсці адным шэсцем з сталіністамі і прыхільнікамі «ДНР». Магчыма, вецер аднекуль зверху дзьме ў іншы бок. Такія людзі выразна адчуваюць гэтыя павевы.
Было мала людзей з сімволікай «ДНР» і «ветлівых людзей». Хаця свяціліся людзі кшталту Сяргея Ланавенкі — таго самага, які атрымаў кухталёў на станцыі метро «Магілёўская» за майку «ДНР». Быў чарнасоценец Міхаіл Малаш, былы каталіцкі актывіст Дзяніс Салаш, які перайшоў на пазіцыі «рускага свету». Былі і людзі ў майках «СССР», якія тым не менш фарсілі ў амерыканскіх красоўках New Balance.
Размаўляць з удзельнікамі было цяжка. Кагосьці з калег яны называлі «прадажнымі пацукамі», кагосьці, як мяне, «нашчадкамі фрыцаў». Выснову такую зрабілі не толькі з маіх «белабандэраўскіх» пазіцый, але і праз тое, што я руды.
«У мяне неадназначнае стаўленне да Сталіна. Ёсць такі панятак, як «тэорыя змовы». Дык згодна з ёй, у мяне і да Леніна стаўленне неадназначнае, і да Сталіна, і да Хрушчова. Рэпрэсіі?.. Трэба разабрацца наконт іх. Я лічу, што ў рэпрэсіях хапала і правільнага, і няправільнага. Я лічу, што працэнтаў на 90 там было ўсё правільна. Было шмат тых, хто быў расстраляны правільна», — кажа Аляксандр Барнатовіч, які трымае ў руках партрэт Сталіна.

Васіль Зелікаў, старшыня бальшавіцкай арганізацыі «Айчына», бачыць кагосьці з сваіх прыяцеляў і крычыць яму: «З табой трэба паразмаўляць потым, як будзем змагацца з Курапатамі». «Позна ўжо змагацца, змагацца трэба было ў 1940-м», — кажа нехта з натоўпу.
Наступным суразмоўцам становіцца генерал-маёр Генадзь Калінін: «Я прыйшоў на гэтае святкаванне, каб прадставіць свайго бацьку Генадзя Калініна і свайго цесця. Усе яны былі параненыя, але прыйшлі з фронту. На «Беларусь помніць» — гэта афіцыёз, а мы сабраліся, сапраўдныя патрыёты свайго народу. Я не ведаю, чаму не дазволілі. Наша кіраўніцтва, мабыць, не ўсведамляе ўсяго маштабу перамогі ў маі 1945 года», — кажа Генадзь Калінін.
«Мне не падабаецца чырвона-зялёны сцяг. Не падабаецца бел-чырвона-белы. Мне падабаецца георгіеўская стужка пераможцаў», — укліньваецца ў размову вусаты нізкаваты спадар.
«А вам таксама чырвона-зялёны сцяг не падабаецца?» — пытаюся ў генерала.
«Гэта сцяг не пераможцаў. А там хіба будзе партрэт Сталіна як вярхоўнага галоўнакамандуючага? Чаго нам туды ісці, калі там не будзе партрэта Сталіна, які разбіў усю гэтую фашысцкую Еўропу», — гаворыць генерал. Затым ён кажа, што з усёй Еўропы грамадзяне толькі трох краін не ваявалі супраць СССР — Вялікабрытаніі, Швецыі і Швейцарыі. «Усе астатнія — фашысты», — запэўнівае ён.
«Сталін, як і лідар партыі бальшавікоў, як і важны дзяржаўны дзеяч, як і вярхоўны галоўнакамандуючы, унёс самы значны ўклад у перамогу. Салдаты, як і простыя грамадзяне СССР, верылі Сталіну.
На фота мой дзед Гарахоўскі Уладзіслаў Лявонцьевіч, гвардзіі капітан 329-га гвардзейскага мінамётнага палка ІV Украінскага фронту і старшы оперупаўнаважаны НКВД «Смерш». Я знаходзіў узнагародныя дакументы дзеда, мяркуючы па тым, што я там знайшоў, я ім ганаруся. Ён адлоўліваў бандытаў у Заходняй Украіне і Чэхаславакіі.

Ён паставіў працу свайго падраздзялення так, што туды не пранік ніводзін шпіён і дыверсант. Я падтрымліваю бальшавікоў, але толькі ні ў якім разе не нацыянал-бальшавікоў. Мы ўсе грамадзяне СССР», — кажа Аляксей Гарахоўскі. На выгляд яму гадоў 20—25, у яго руках таксама партрэт Сталіна.
«Калі ў вас ёсць чатыры класы адукацыі, то вы здагадаецеся, хто такія белабандэраўцы», — кажа мне сівы дзед, які прадстаўляецца Міхаілам Якаўлевічам.
«Не здагадаюся, растлумачце», — адказваю.
«У нас у Беларусі падымае галаву белабандэраўская сволач, але яны не пройдуць. Так і перадайце!»
«Дык а хто яны?»
«А то вы не ведаеце?!»
«Не ведаю».
«Вакол яны».
«Няўжо і прэзідэнт белабандэравец, бо не даў правесці «Несмяротны полк»?
«Адваліце адсюль, не правакуйце».
Міхаіл Якаўлевіч круціць фігу, калі я спрабую яго зняць.
У гэты момант падскоквае Васіль Зелікаў, той самы бальшавік, які хацеў змагацца з Курапатамі.
«Што «Ваша Ніва» хоча? У нас праводзіцца міжнародная акцыя «Несмяротны полк», якая праходзіць у 90 краінах свету. Кропка. Я вам усё сказаў», — пырскае слінай Зелікаў.
«Чаму на «Беларусь помніць» няма транспарантаў з Ленінам і Сталіным? Як можна ўдзельнічаць у такой акцыі», — кажа яшчэ адзін чалавек.
«Заплаці яму грошай, ён тут будзе ўдзельнічаць. Толькі мы задарма ходзім», — крычыць на мяне жанчына з кароткай стрыжкай. Прапаную ёй паразмаўляць на дыктафон, наадрэз адмаўляецца. «Вам сорамна?» — пытаюся. «Сорамна за такіх, як вы», — адказвае яна.
«Праз 25—30 гадоў у нас тут будзе лёд, як на паўвостраве Ямал, — расказвае мне яшчэ адзін удзельнік акцыі. — Не верыш?»
«Не веру».
«А дарма. Я з 1973 года людзям праўду кажу, і ніколі не памыліўся. Я спытаў у тых, хто жыве там, дзе Белае Святло і дзе Стваральнік, якая ў нас і ў вас розніца ў гадавой храналогіі. 894 гады, адказалі мне…».
Калона падымаецца па прыступках да праспекту. Там стаяць супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта са стужкамі «яблыневага цвету», спецназаўцы таксама ў чырвона-зялёных колерах. Толькі «Несмяротны полк» у карычневай гаме. Але зусім хутка яны зліюцца з асноўным натоўпам людзей. Тых, хто выйшаў дэманстраваць свае палітычныя погляды ў Дзень Перамогі, не так шмат. Ім мала Сталіна, мала камунізму. Іх саміх нямнога.
Каментары