Меркаванні1717

Віктар Марціновіч: Дудзь са сваёй «Калымой» бабахнуў сапраўдную каштоўнасную дыверсію і для беларускіх школьнікаў

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра нашумелы фільм Юрыя Дудзя «Колыма — родина нашего страха», які сабраў ужо больш за 12,7 мільёнаў праглядаў

У гэтым нешта ёсць: сталінізм і рэпрэсіі на нашу зямлю прыйшлі з Расіі, і канчаткова зняць гэтае насланнё могуць таксама адтуль. Бо ўсе спробы беларускіх даследчыкаў дэмантаваць культ Сталіна, давесці праўду пра рэпрэсіі праз фармат не горшых за «Калыму» відэапраектаў (згадайма двухсерыйны фільм «Спецпаселенцы», сцэнар для якога пісала прафесар ЕГУ, знаўца гісторыі рэпрэсій Ірына Раманава) не прыносяць прыстойнага розгаласу.

А ў фінале, як паказваюць уступныя экзамены абітурыентаў, толькі што вылузаных з беларускіх школ, тое, што ў падлеткаў у галовах, у значнай ступені вызначаецца зместам падручнікаў.

Школьнікі ж, на жаль, ні «Архэ», ні «Будзьму», ні «Нашу ніву» не чытаюць. І адзінай штучкай, больш магутнай для гадавання самасвядомасці дзетак, чым падручнік, ёсць хто-небудзь з рускіх блогераў-мільённікаў. У гэтым сэнсе Дудзь са сваёй «Калымой» бабахнуў сапраўдную каштоўнасную дыверсію.

Не, асноўныя «ахвяры» той дыверсіі — не рускія падлеткі. Бо, як кажа сам Дудзь у сваім фільме, большасць з іх проста нічога не ведае пра Сталіна і рэпрэсіі. Міністры тут не выходзяць на парады ў форме НКУС, адукацыяй не кіруюць камуністы, гісторыю не выкладаюць так, быццам ніякай Перабудовы не было.

Нарэшце, нікому ў краіне Дудзя не прыходзіць у галаву назваць Калыму месцам злачынстваў фашыстаў, як гэта часам робяць з беларускімі Курапатамі. Дык вось, найбольшы плён «Калыма» будзе мець сярод гадаванцаў беларускіх школьных падручнікаў, у якіх пра маштабы рэпрэсій кажацца мовай колькасці рэабілітаваных, а не мовай лічбаў страчаных.

12 мільёнаў праглядаў «Калымы» за 2 тыдні — гэта толькі пачатак. Будзе болей, бо праект у Дудзя атрымаўся эпічны. І не варта параўноўваць «Калыму» з «Намедні», не варта казаць, што Дудзь — «новы Парфёнаў». Парфёнаў збольшага пераказваў (нават пералічваў!) падзеі, рабіў гэта дзе лепей, дзе горай — але ніякіх гатовых высноваў у яго не было. Тут можна дадаць, што НТВ канца 1990-х было разлічанае на нашмат разумнейшую публіку, чым YouTube канца 2010-х. Што аўдыторыя «Намедні» сама магла зрабіць высновы наконт повязі паводзін Расіі падчас Першай сусветнай вайны і ельцынскім п’янствам.

Але ведаеце, бываюць моманты, калі гэта вельмі патрэбна: разжаваць і растлумачыць. Не таму, што глядач здурнеў. А таму, што назваць усё сваімі імёнамі — таксама акт смеласці. І калі ты бачыш, як пра прычыны ўсеагульнага страху простымі словамі разважае папулярны відэаблогер, табе лягчэй паразумецца са сваім асабістым страхам. 

У гэтым, у простых высновах з простых назіранняў — асноўная каштоўнасць «Калымы». Не ў каларытных персанажах кшталту «пацанчыка», што кіруе маршруткай пры -50 паводле Цэльсія, ці даследчыка ГУЛАГа, які раптоўна і нечакана аказваецца прыхільнікам Сталіна («калі б не Сталін мы б ужо былі пад Амерыкай»); не ў красамоўных апісаннях холаду. А ў гэтых вось падсумаваннях пра смешныя перасцярогі бацькоў Дудзя («ніколі не выпінайся, сынку»), якія паходзяць адсюль, з Калымы, «радзімы нашага страху».

У лютым беларуская Акадэмія навук ухваліла ўнёсак Сталіна ў станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Днямі Ігар Марзалюк і газета «СБ» аспрэчылі колькасць загінулых ад рэпрэсій у БССР. Было выказанае меркаванне, што ва ўсім СССР у 1937-м 1938-м гадах пазасудовымі органамі было вынесена 681 692 смяротных прысудаў у межах «кулацкай» і «нацыянальнай спецаперацый».

Арыфметыка «СБ» ужо выклікала абурэнне беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў рэпрэсій, але каго гэта цікавіць, акрамя чытачоў «НН» і «Будзьмы»?

А вось фрагмент з «Калымы»:

Дудзь: Па стане на 2018 год якія лічбы па вязнях ГУЛАГа і загінулых у ГУЛАГу найбольш блізкія да праўды?

Раман Раманаў, дырэктар Музея гісторыі ГУЛАГа: 20 млн чалавек — гэта лічба людзей, якія прайшлі праз ГУЛАГ з 1930 па 1956. Гэтая лічба, можна сказаць, на сёння ўжо прызнаецца ўсімі гісторыкамі.

— Колькі з 20 мільёнаў загінула?

— Паводле тых самых дадзеных даследчыкаў — 2 мільёны чалавек.

Гэтыя лічбы — 20 млн і 2 млн — суправаджаюцца інфаграфікай і ўваходзяць ва ўсе трэйлеры «Калымы», якія памнажаюцца цяпер у ВК і іншых падлеткавых асяродках.

І з гэтым не паваюеш: пакуль камуністычныя падручнікі спрабуюць уцюхаць беларускім школьнікам, што рэпрэсіяў у СССР было няшмат ці што яны «ўраўнаважваліся» поспехамі ў галіне культуры і сельскай гаспадаркі БССР, фільм зразумелага школьнікам Дудзя на першых хвілях распавядае пра крамніцу, што пачаставала аднакласнікаў эскімо і была асуджаная на Калыму як «растратчыца».

Вялікі рэспект Дудзю за тое, што выкарыстаў сваю вядомасць, каб перавыхаваць генерацыю, на якую ён мае ўплыў. 

Каментары17

Цяпер чытаюць

Арт-менеджар Алег Ларычаў арыштаваны па крымінальнай справе

Арт-менеджар Алег Ларычаў арыштаваны па крымінальнай справе

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская падтрымала народ Ірана: «Тыранія заўсёды падае»3

У 42 гады памёр гомельскі оперупаўнаважаны9

Расіяне ўпершыню выкарысталі ва Украіне ўдарны БПЛА «Герань-5»

Кіт Келаг пра Зяленскага: Ён жорсткі сукін сын14

Марына Золатава абнавіла фота профіля і расказала пра сябе ды тых, хто застаецца ў Гомелі7

«1418 дзён ганьбішча расейскай арміі». Працягласць вайны Расіі супраць Украіны зраўнялася з Вялікай Айчыннай вайной11

HBO выплаціць удаве беларуса Васіля Ігнаценкі 10 тысяч еўра за серыял «Чарнобыль»3

Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства89

У Мінску з’явяцца два новыя каталіцкія храмы8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арт-менеджар Алег Ларычаў арыштаваны па крымінальнай справе

Арт-менеджар Алег Ларычаў арыштаваны па крымінальнай справе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць