Грамадства1313

«Маці паехала на Вадохрышча ў палонку ныраць, захварэла — і памерла». Расказвае бабуля забітага беларуса з «ДНР»

Аляксандра Бязрукава.

1 ліпеня стала вядома, што на ўсходзе Ўкраіны загінуў ураджэнец Гомля. 21-гадовы Раман Бязрукаў ваяваў на баку так званых «ЛДНР». Раман быў адзіным унукам жыхаркі Гомля Аляксандры Бязрукавай. Ягоныя бацькі памерлі. «Нікому сірата быў не патрэбны. Цяпер я нават пасьведчаньня аб ягонай сьмерці ня маю», — распавяла Свабодзе Аляксандра Бязрукава.

Раман нарадзіўся ў працоўным пасёлку Касьцюкоўка. Цяпер гэта частка Чыгуначнага раёну Гомля.

Дом, у якім Раман Бязрукаў жыў у Гомлі.

Ягоны бацька памёр, калі Раман яшчэ быў малы. «Ад анкалёгіі. Тут у мяне дома і памёр», — кажа Аляксандра. Маці памерла, калі Раману было дванаццаць гадоў. «Яна пасьля сьмерці майго сына яшчэ мела дваіх сужыцеляў, і дваіх дзяцей прыдбала з імі. Яна была прастуджаная, і яшчэ паехала на Вадохрышча ў палонку ныраць. Запаленьне лёгкіх здарылася — і памерла», — апавядае бабуля.

Малы Рома на руках у бацькі.

На працу ўладкавацца ня мог, дапамогі як сірата ня меў

Рому вырашылі аддаць пад апеку ягонай хроснай, якая жыла ў Данецку. Хросная ня мела сваіх дзяцей. Хлопчык гадаваўся ў Данецку, там жа скончыў першы курс тэхнікуму. «У 2014 годзе на Данбасе пачалася вайна. Яны — мая сястра, пляменьніца — хросная Рамана і ён зьехалі ў Крым. Там прасядзелі тры месяцы, пакуль ня скончыліся грошы. Прыехалі ўсе да мяне. Але колькі чалавек можа пражыць на маю адну пэнсію 300 рублёў?» — кажа Аляксандра.

Жыхары Данецку зьехалі на радзіму, Раман застаўся ў бабулі ў Гомлі. «Ён тут скончыў адзінаццатую клясу. На працу ўладкавацца нікуды ня мог. Дапамогі ніякай ніадкуль не было. 18 споўнілася — і ўсе пра сірату забыліся. Грошы яму перасталі плаціць. Стаяў на чарзе як сірата на кватэру — ніхто ніводнага разу не патэлефанаваў, не пацікавіўся ім», — кажа бабуля Рамана. [Насамрэч дзяржава выдзеліла Раману жылплошчу ў доме ў Касцюкоўцы — «НН»]

Чытайце таксама: Загінуў 21-гадовы сірата з Гомеля, які ваяваў за «Наваросію»

Раман Бязрукаў.

Унук спрабаваў зарабіць у Гомлі — расклейваў афішы, раздаваў рэклямкі. «Але тых грошай хапала толькі на праезд. Два разы езьдзіў на заробкі ў Маскву — адзін раз заплацілі, другі — не, прадаў мабільны, каб даехаць дахаты. Хадзіў на наш шклозавод — прасіўся на працу, не ўзялі», — кажа Аляксандра.

У выніку ўнук вырашыў у 2017 годзе вяртацца ў Данецк. «Ён думаў, што там будуць якія будоўлі — усё ж разбамбілі, лягчэй знойдзе працу. Потым пайшоў у апалчэньне. Ён мне казаў, што яму шкада тых дзетак, што гінулі ў Данецку. Ён абараняў простых людзей, а не тых, з вялікімі кашалькамі, якія дзяцей сваіх за мяжу зьвезьлі».

Аляксандра Бязрукава падкрэсьлівае, што унук ня мог сюды вярнуцца «праз загад Лукашэнкі». Жыхарка Гомля мае на ўвазе крымінальны артыкул за ўдзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыях іншых краін.

«Так наш сусед там быў, ваяваў за ДНР. Потым цягалі яго тут, два месяцы ў СІЗА сядзеў», — кажа яна.

Выйшаў на пазыцыю, закурыў — і загінуў

Яна ведае з аповедаў сястры, што Раман загінуў, калі выйшаў на пазыцыю і запаліў цыгарэту. Сьвятло ад запальнічкі, відаць, заўважыў снайпэр, тлумачыць яна.

«Пляменьніца была на пахаваньні, хросная ягоная. Пахавалі Рому ў прыгожым месцы, на Алеі герояў. Ваенныя хавалі. Толькі дагэтуль я не маю пасьведчаньня пра сьмерць — пляменьніца ніяк не можа яго там выбіць. Ужо, сказала, будзе пісаць у пракуратуру», — дадала Аляксандра.

Яна перабірае дакумэнты — розныя пасьведчаньні пра сьмерць: сына, нявесткі, іншых родных.

«Усе памерлі. Празь месяц пасьля сьмерці Рамана і сястра мая ў Данецку памерла. Адны пахаваньні ў мяне».

Праз тое, што Раман публікаваў у сацыяльных сетках здымкі ў вайсковай форме і са зброяй, да бабулі прыходзілі з КДБ.

«Здымкі ягоныя глядзелі, мяне распытвалі. Як ён тут ня мог уладкавацца на працу, ня меў ніякай дапамогі як сірата — то нікога не цікавіла. А тут зацікавіліся».

Каментары13

Цяпер чытаюць

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries6

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries

Усе навіны →
Усе навіны

«Паставілі перад фактам: альбо плацім, альбо застаемся». Група турыстаў з-за закрытай мяжы мела праблемы з вяртаннем дамоў3

Зяленскі расказаў пра новы ўкраінскі контрнаступ

«Яны ўжо ніколі не вярталіся». Беларусы стварылі мультфільм пра палескую шляхту, якая вымушана выехала ў Польшчу6

«Нас там не лічаць за людзей». Былы палітвязень Павел Нікіценка расказаў пра амаль адбытае зняволенне і нечаканае вызваленне2

Трамп заявіў, што Пуцін яго падвёў сваім нежаданнем завяршаць вайну9

«Кіберпартызаны» расказалі, як вылічваюць людзей па «справе Гаюна»9

Расіяне скінулі бомбу на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці, загінула пяць чалавек1

МУС Беларусі: Ніякіх даведак для выезду за мяжу без пашпарта ў нас не існуе19

Кітайцы купілі нямецкія брэнды MediaMarkt і Saturn1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries6

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць