Улада88

«Лукашэнка прайграў стратэгічна». Што пішуць у Расіі па выніках інтэрв'ю Лукашэнкі?

24 снежня Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю расійскай радыёстанцыі Эхо Москвы. Наша Ніва сабрала для вас асноўныя рэакцыі на гэтае інтэрв'ю ў расійскіх СМІ.

Коммерсант FM: Аляксандр Лукашэнка прайграў стратэгічна

Палітычны аглядальнік Коммерсант FM Дзмітрый Дрызе лічыць, што беларускі лідар робіць апошнія спробы дамагчыся для сябе найбольш выгадных умоў.

На думку расійскага журналіста, у заявах беларускага лідара прасочваецца «нейкае бязладдзе». З аднаго боку, Лукашэнка запэўнівае: мы 31-ю карту з Уладзімірам Пуціным не абмяркоўвалі, адкінулі яе ў бок. Далей Лукашэнка чытае гісторыку Аляксею Венядзіктаву лекцыю пра тое, што такое дзяржаўны суверэнітэт.

«Але гэтая праславутая карта ўсё ж існуе — яе падрыхтавалі», — звяртае ўвагу Дрызе.

Пры гэтым прыкметна, што на Аляксандра Лукашэнку сур'ёзна ціснуць, лічыць журналіст.

«Старая формула, «я — ваш адзіны саюзнік», больш не працуе. Лукашэнка прайграў стратэгічна. Усё на свеце калісьці канчаецца, кажа народная мудрасць. Нельга бясконца выязджаць на адной і той самай формуле. Ну, выйграе год. Але ж усё роўна рана ці позна давядзецца прымаць сур'ёзнае і рызыкоўнае рашэнне — сказаць хаўрусніку «так» або «не». І ў тым, і ў іншым выпадку ён рызыкуе страціць уладу. Без субсідый эканоміку чакае крах. Але тэарэтычна можна пачаць рынкавыя рэформы і растлумачыць гэта народу. А што тычыцца саюза, у яго ж можа быць толькі адзін прэзідэнт», — адзначае аглядальнік.

«Беларусь можа стаць федэральнай акругай Расіі»

Расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі, кажучы пра перспектыву «саюзнай дзяржавы», лічыць, што Беларусь можа ўвайсці ў склад Расіі ў якасці яшчэ адной федэральнай акругі з захаваннем права на мову і культуру. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва РИА Новости.

«Яны хочуць газ па цане Смаленска. Тады станьце як Смаленск, але не адной маленькай вобласцю, а шэсць абласцей, гэта можа быць федэральная акруга — Заходняя федэральная акруга. Калі ласка, сталіца, галоўны горад — Мінск. У перспектыве да яе (акругі) частка Балтыйскіх тэрыторый адыдуць або на поўдзень ад Беларусі і гэтак далей. Пазіцыя ЛДПР — проста ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі з захаваннем таго, што ім хацелася б — мова, дзе хочуць, там яшчэ што-небудзь», — заявіў Жырыноўскі.

На пытанне, ці гатова грамадства ў Расіі і Беларусі да такога, палітык адказаў станоўча.

Life: Лукашэнка працягвае ціснуць на Маскву

Расійскае выданне Life звярнула ўвагу на словы Лукашэнкі аб тым, што NATO можа абараніць суверэнітэт Беларусі. Аглядальнік выдання Дзмітрый Радзівонаў лічыць, што павярнуць сваю заяву Лукашэнка потым можа як заўгодна.

«Лукашэнка потым заўсёды скажа, што нічога такога не сцвярджаў, проста выказаў здагадку, апісаў адзін са сцэнарыяў», — піша Радзівонаў.

Аглядальнік Life лічыць, што Лукашэнка такімі заявамі пасылае адразу тры сігналы.

У першую чаргу як бы намякае Маскве, што яна не адна на планеце, ёсць яшчэ краіны Захаду, на якія паглядае беларуская апазіцыя («не падтрымаеце мяне — прыйдуць гэтыя»). Па-другое — той самай празаходняй апазіцыі, глядзіце, маўляў, я яшчэ не прадаўся з трыбухамі Маскве, гатовы абараняць суверэнітэт, калі трэба — з дапамогай НАТА.

Ну і сігнал Захаду тут таксама ёсць — вы ж не хочаце, каб Расія паглынула Беларусь і рускія Ту-160 перамясціліся на беларускія базы?

Хоць, безумоўна, гэта ў першую чаргу спроба ціснуць на Маскву, лічыць Life.

Аглядальнік звяртае ўвагу — пасля перамоў з Пуціным Лукашэнка распавядае пра поспехі і перспектывы інтэграцыі, але, вярнуўшыся ў Мінск, мяняе рыторыку.

Радзівонаў піша, што развярнуўшыся на Захад, аб суверэнітэце Беларусь дакладна забудзе надоўга, калі не назаўжды. І па нейкай прычыне прыводзіць прыклад Украіны.

Новые известия: Беларусь гэта не Крым і не Данбас

Ілля Грашчанкоў, палітолаг, генеральны дырэктар Цэнтра развіцця рэгіянальнай палітыкі (ЦРРП) пракаментаваў па просьбе «Новых известий» прэс-канферэнцыю Лукашэнкі:

«Беларусь — гэта не Крым, не Данбас, хутчэй наадварот, тут да «ізаляцыйнага» шляху Расіі ставяцца скептычна. Беларусы працуюць у Польшчы, Германіі, многія з іх — каталікі, таму Лукашэнка разумее, што працягнуць аб'яднанне без яго падтрымкі — проста нерэальна, а з ім — можна паспрабаваць, але наўрад ці ён пойдзе на гэтую рызыку. Таму тэма аб'яднання, хутчэй за ўсё, так і застанецца вісець у паветры, і працягне раздражняць расійскае кіраўніцтва, як калісьці раздражняла гойсанне Януковіча ад РФ да ЕС», — сказаў палітолаг.

Репортёр: Працэс інтэграцыі забуксаваў

Працэс інтэграцыі канчаткова «забуксаваў». Пытанне не тое што аб аб'яднанні, але і аб далейшым збліжэнні становіцца з кожным разам усё больш праблематычным, адзначае Репортёр.

Апошняе інтэрв'ю беларускага лідара само па сабе з'яўляецца выклікам Крамлю, адзначае выданне.

«Падобныя выпады нават ужо не засмучаюць, не злуюць, хутчэй, выклікаюць пэўныя, чыста фізіялагічныя рэфлексы — занадта ўжо яны надакучлівыя і кепска смярдзяць пры гэтым. Месцамі ж Лукашэнку пачынае проста адкрыта «несці»», — піша журналіст.

Выданне лічыць: пытанне Саюзнай дзяржавы альбо будзе вырашана не пазней наступнага года, альбо застанецца ў гісторыі яшчэ адным прыкладам «вельмі жорсткага геапалітычнага паражэння».

BFM.RU: У Расіі ідзе актыўны пошук рашэння «палітычнага транзіту — 2024»

Інтэрвію Лукашэнкі лягло на развагі, што актывізаваліся зноў у Расіі, наконт таго, каб паправіць канстытуцыю, адзначае аглядальнік BFM.RU. Георгій Боўт.

Мала хто верыць у Расіі, што пасля заканчэння свайго прэзідэнцкага тэрміну ў 2024 годзе Уладзімір Пуцін возьме і проста выдаліцца ў прыватнае жыццё, як Барыс Ельцын. Пры гэтым адзін з варыянтаў такой палітычнай будучыні некаторыя аналітыкі якраз звязваюць з «саюзнай дзяржавай».

Так што, хутчэй за ўсё, у найбліжэйшы час мы зноў будзем назіраць актывізацыю чутак пры адсутнасці выразных тлумачэнняў, у тым ліку наконт будучыні «саюзнай дзяржавы», піша палітычны каментатар.

«Усё гэта сведчыць не пра тое, што нейкі варыянт так званага палітычнага транзіту — 2024 ужо знойдзены, а пра тое, што ідзе актыўны пошук рашэнні», — піша Боўт.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Бабарыка: Не могуць здымацца санкцыі з прадпрыемстваў і людзей, задзейнічаных у вайне. Выпусціце палітвязняў цаной забойства ўкраінцаў?35

Бабарыка: Не могуць здымацца санкцыі з прадпрыемстваў і людзей, задзейнічаных у вайне. Выпусціце палітвязняў цаной забойства ўкраінцаў?

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прапанаваў Трампу вывезці ўзбагачаны ўран з Ірана ў Расію

На таргі выставілі арыштаваны Rolls-Royce2

З эфіру АНТ выразалі словы Лукашэнкі пра тое, што вызваленыя палітвязні змогуць застацца ў Беларусі5

Гістарычная Менка прачнулася і выйшла з берагоў7

«Выглядае як акцыя жывадзёраў»: у розных раёнах Мінска нехта раскідвае пацучыны яд9

За два дні на выратавальны ўкол Ксюшы з Магілёва сабралі рэкордныя $300 тысяч. Мама здала яе ў дзетдом, а чужыя людзі б’юцца за жыццё дзіцяці5

Уручаныя прэміі «Залатой маліны»1

Учора ўвечары ў цэнтры Мінска знікла электрычнасць1

25 сакавіка ў Кіеве пройдзе беларуска-ўкраінскі форум4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка: Не могуць здымацца санкцыі з прадпрыемстваў і людзей, задзейнічаных у вайне. Выпусціце палітвязняў цаной забойства ўкраінцаў?35

Бабарыка: Не могуць здымацца санкцыі з прадпрыемстваў і людзей, задзейнічаных у вайне. Выпусціце палітвязняў цаной забойства ўкраінцаў?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць