Пра што новы Закон аб моладзевай палітыцы?
Сухі закон да 21 году, вайскова‑спартыўныя летнікі і, як варыянт, новае Міністэрства па справах моладзі. Пра новы Закон «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі» піша лідэр Моладзі АГП Міхась Пашкевіч.
Сухі закон да 21 году, вайскова‑спартыўныя летнікі і, як варыянт, новае Міністэрства па справах моладзі — менавіта такія абнаўленні збіраюцца унесці народныя абраннікі на чарговай сесіі парламенту ў Закон «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі». Піша лідэр Моладзі АГП Міхась Пашкевіч.
Дзяржаве патрэбныя здаровыя, ідэалагічна правільныя маладзёны. І новы Закон скіраваны менавіта на гэта. Наколькі паспяховым ён атрымаецца, сумнявацца не выпадае, бо галоўным выканаўцам пазначаны дзяржаўны орган па справах моладзі. Ён жа адказвае за вызначэнне эфектыўнасці моладзевае палітыкі. І наўрад ці кіраўніца аддзелу па справах моладзі Мінадукацыі Ірэна Дыль прызнае сваю ж працу неэфектыўнай. Праўда, тут яе можна зразумець.
Паглядзіце на лічбы: 19 579 609 тыс. руб. — агульная сума выдаткаў на моладзевую палітыку у дзяржбюджэце на 2009 г.
З гэтых сродкаў непасрэдна структура спадарыні Дыль «засвойвае» 1 737 227 тыс. руб., 304 589,0 тыс. руб. — Акадэмія Кіравання пры Прэзідэнце, а амаль 90% —17 537 793 тыс. руб. — правільна, БРСМ.То бок асноўны кавалак пірага з’ядае «грамадскае аб’яднанне», а адказваць за усе недахопы маленькаму аддзелу Мінадукацыі, які і месціцца ў будынку БРСМ амаль пад страхой.
Калі прайсціся па астатніх пунктах, то Закон можна назваць пустым і дэкларатыўным.У чым сэнс пералічваць канстытуцыйныя правы і свабоды і ў чарговы раз падкрэсліваць дзяржаўны клопат аб моладзі? (калі цікава, то чытайце самі).
І самае галоўнае — крытэрыі паказчыкаў эфектыўнасці ў ім так і не прапісаны.Пра неабходнасць іх замацавання, дарэчы, казалі і прадстаўнікі БРСМ, а менавіта сакратар ЦК Далжанеўскі. Іншая справа, невядома, што канкрэтна ён тут меў на увазе.
Хутчэй за усё, дзяржава не пойдзе на саступкі і аніякіх канцэптуальных зменаў у Закон 1992 году ўнесена не будзе. Адпаведна і працаваць гэтая дэкларацыя аб добрых намерах не будзе.
Але і гэты закон можна зрабіць прыземленным і больш жыццястойкім. Варта закласці выключна конкурсны празрысты галосны механізм выдаткоўвання дзяржаўных рэсурсаў пры рэалізацыі праектаў і праграмаў. У саўмінаўскім варыянце (а менавіта Саўмін распрацоўваў новы «стары» праект) зараз усе прасцей: «в целях создания необходимых условий для функционирования молодежных общественных объединений, влияния на характер и направленность их деятельности государство может оказывать этим молодежным объединениям материальную и организационную поддержку. Государственные органы и организации вправе передавать в установленном порядке молодежным общественным объединениям здания и сооружения, иное необходимое для осуществления их деятельности имущество»(ст.15 п.4).
То бок камусьці можа дапамагаць, а камусьці — не. Хто будзе вырашаць і як, а галоўнае , навошта, у гэтым законапраекце не сказана.Рабіце высновы самі. Безумоўна, на сто працэнтаў механізм не спрацуе — чынавенства знойдзе які спосаб абысці і гэты антыкарупцыйны парог. Але Закон урэшце пачне працаваць для усіх, а не толькі для БРСМ і піянераў са скаўтамі. Зразумейце правільна, аўтар зусім не прыхільнік дзяржаўнай падтрымкі грамадскіх арганізацый, але калі дзяржава усе ж вырашыла «падтрымаць», то хай робіць гэта празрыста.
Канечне, варта было б дадаць паведамляльны прынцып рэгістрацыі моладзевых арганізацый і стварэнне моладзевых парламентаў, але нават для нашай «лібералізацыі» гэта занадта.
Першае чытанне законапраекту адбудзецца 24 сакавіка, а сам законапраект, як чакаецца, стане адным з асноўных на веснавой сесіі палаты. Паглядзім, што атрымаецца.
Каментары