Грамадства

«Мой тата даў вам 14 сутак за Чарнобыльскі шлях. Ён ужо памёр. Прабачце яму»

Як дачка суддзі выбачылася перад палітвязнем. Гэты выпадак у сваім фэйсбуку апісаў Зміцер Дашкевіч.

Да кабака ля Курапатаў пад'ехала машына — разьвярнулася і стала. Зь яе выйшлі двое — мужчына і жанчына, веку ля 45 абое. Я падумаў, «У кабак пруцца». Але ён гукнуў: «Дзе тут Зьмітро?!» А яна адказала: «Дык вось жа ён!»

— Мяне клічуць Натальля К., памятаеце такое прозьвішча?

— Не, — трохі разгубіўся я, бо заўсёды няёмка забыцца на чыёсьці імя ці прозьвішча.

— Мой тата даў вам суткі ў Першамайскім судзе.

— О! — абрадваўся я, бо памятаць прозьвішчы ўсіх сваіх судзьдзяў ніяк ня мог, — дзе ж іх упомніш усе тыя суткі, столькі іх было.

— 14 дзён выпісаў ён вам.

— О, дык я памятаю! — перапоўніла мяне зьдзіўленьне. — І да таго і пасьля таго ўвесь час давалі 15, а тады раз — і 14! І я запомніў іх аж дасюль! Гэты быў 2006 год, за Чарнобыльскі шлях.

— Так, 2006-ы.

— І як тата ваш, шчэ працуе?

— Не, памёр. Прабачце яму!.. Тады ж не было чалавека, які займаўся адміністрацыйнымі справамі. А тата проста рабіў сваю працу…

— Так, на жаль, рабіў, — уздыхнуў я, — будзем спадзявацца, што ён потым за гэта выбачыўся… Бог зь ім, я ні на кога не трымаю крыўдаў, галоўнае, што цяпер мы разам.

— Так, цяпер мы разам! — падхапіўся мужчына, спадар Алег. — Ці мог я падумаць паўгады таму, што я буду цяпер!.. Мы ж во — праз дарогу працуем. Я глядзеў, як стаіцё вы тут пад бел-чырвона-белым сьцягам і лічыў вас гэтымі, як яго… Не, не змагарамі нават… во — барцунамі! А 9 жніўня як шора з вачэй звалілася! Дык гэта ж наш нацыянальны сьцяг! Гэта ж наш сьцяг!

— Наш! — пацьвердзіў я.

— І вось стаіш ты тут, а я быў супраць, што стаіш!

— Я стаю, каб мы зьвярнулі ўвагу на прычыну, каб зразумелі, што Лукашэнка — гэта заканамерны, лагічны вынік нераскаянага, неасуджанага камунізму.

— Так, цяпер мы ведаем! Я хоць за Савецкі саюз галасаваў, але за гэтую поскудзь ніколі не галасаваў! Але супраць вас быў. А цяпер, цяпер шоры як зваліліся з вачэй — гэта ж нацыянальны, гэта ж наш родны сьцяг!

— Прабачце нам! — паглядзела на мяне са сьлязьмі на вачох Натальля!

— Дык няма вам за што выбачацца перада мною! — аж зусім няёмка стала мне, і я яе абняў.

— За тое, што 20 год вы былі адзін! — не згадзілася яна, і я ледзь сам стрымаў, каб не падкацілі сьлёзы.

— Ды ня быў я адзін…

— Мала было вас!

— Мала.

— Але цяпер нас многа!

— Цяпер многа!

— І цяпер мы пераможам!

— Цяпер пераможам!

Мы памаўчалі. І Натальля сказала на разьвітаньне: «Я даўно хацела папрасіць у вас прабачэньня за тату!» Зноў даўкі камяк падступіў мне пад горла. «Дзякуй, цяпер мы разам», — усё, што змог адказаць я, і мы абмяняліся на разьвітаньне нацыянальным, родным нашым поклічам: — Жыве Беларусь! — Жыве вечна!

І я застаўся з цяжкімі думкамі пра тое, зь якой жахлівай эпохі, зь якой антычалавечай сыстэмы мы выходзім — дзеці са сьлязьмі на вачох просяць прабачэньня за ўчынкі бацькоў. Гэта цяжка і для таго, хто просіць, і нават для таго, у каго просяць, бо абодва перажываюць адно. Але яшчэ цяжэй, калі праліта нявінная кроў, калі ўжо няма ў каго перапрасіць, бо хто тады прабачыць?

Але ёсьць Той, Хто прабачае і нават прагне прабачыць — нябёсны Тата, Які дзеля нявіннай крыві Сына Свайго прабачае і правіны чалавека, і правіны народа. Былі б мы толькі гатовыя прасіць. І мне здаецца, што мы, як нацыя, ужо падыходзім да таго моманту, калі скажам: «Мы даўно хацелі папрасіць у Цябе прабачэньня!» І прабачэньне Таты зробіць нас адроджанымі людзьмі ў адроджанай краіне.

Каментары

Цяпер чытаюць

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Паліна з Салігорска набрала 400 балаў на экзаменах. Вось куды яна будзе паступаць7

У Кіраўску брат забіў сястру, хочучы абараніць яе ад мужчын са сваіх галюцынацый

На Заслаўскім замку спрабуюць раскрыць таямніцу падземнага ходу2

Іран прыпыніў здабычу газу на найбуйнейшым у свеце радовішчы

Пасля разносу Лукашэнкі «Беларусьфільм» бярэцца ствараць «лінейку сваіх серыялаў»4

«Гэта не самы прывабны варыянт». Што думаюць беларусы пра ўвядзенне Грузіяй трохгадовага ДНЖ для айцішнікаў3

Трамп не збіраецца падпісваць заяву G7 па пытанні ізраільска-іранскага канфлікту

Чаму расіяне аддалі ўкраінцам целы забітых, а тыя — не?8

Колькасць вакансій у Беларусі ў 54 разы большая, чым зарэгістраваных беспрацоўных1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць