У Наваполацку чацвярых студэнтаў Полацкага дзяржуніверсітэта судзілі за акцыю «Нуль праміле». Ва ўсіх штрафы ад 135 да 675 рублёў, паведамляе gorod214.by.

4 снежня некалькі студэнтаў ПДУ правялі флэшмоб у галоўным корпусе ВНУ. 7 снежня хлопца і трох дзяўчат абвінавацілі па артыкуле 23.34 КоАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Маладога чалавека ў той жа дзень затрымалі да суда. 10 снежня яму далі штраф 25 базавых велічынь (675 рублёў).
Усіх дзяўчат судзілі 14 снежня. Кожная атрымала штраф 5 базавых велічынь (135 рублёў).
Студэнты распавялі gorod214.by, што не згаджаліся з пратаколамі, заявілі, што праводзілі « не масавую акцыю, а антыалкагольны флэшмоб».
Першымі акцыю «Нуль праміле» ў лістападзе правялі медыкі бальніцы хуткай дапамогі з салідарнасці з затрыманым калегам: ён знаходзіцца ў СІЗА. Да іх далучыліся і супрацоўнікі Tut.by: журналіст Кацярына Барысевіч таксама ў СІЗА. Доктару і журналісту інкрымінуюць ч. 3. 178 Крымінальнага кодэкса - «разгалашэнне медычнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы».
На Tut.by быў апублікаваны дакумент, які сведчыць, што ў крыві збітага і памерлага рамана Бандарэнкі не было алкаголю. СК і Аляксандр Лукашэнка заяўлялі, што Раман быў п'яны.
За збіццё Рамана Бандарэнкі нікога не затрымалі, крымінальнай справы таксама няма.
Каментары