Грамадства

«Роўна ў 23:34 ахоўнікі пачулі: «З Новым годам! Сыходзь!» Беларусы — пра сустрэчу 2021-га ў ізалятары

Больш за 100 беларусаў сустрэлі Новы год на сутках па адміністрацыйных справах. «Наша Ніва» распытала людзей, што днямі выйшлі з СІЗА, пра тое, ці моцна адрозніваўся святочны дзень у турме ад звычайных будняў зняволенага.

«Чаркаваліся вадой з-пад крана ў пластыкавых кубках»

Антон Галанаў. Фота з архіваў героя

Антон Галанаў выйшаў з жодзінскага СІЗА 3 студзеня: 19-гадовы студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта трапіў за краты за тое, што сфатаграфаваўся з суседзямі па Малінаўцы на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

— Пры гэтым па пратаколе я ўдзельнічаў у маршы, выкрыкваў палітычныя лозунгі. Сведка на судзе паблытаў і дату майго затрымання, і месца, і час — усё адно далі 15 сутак. Не змякчыла прысуд нават тое, што ў мяне інваліднасць па зроку, — расказвае Антон.

Чатыры дні хлопец правёў на Акрэсціна. Адзін з іх — з сукамернікам, у якога пацвердзіўся каранавірус, яго пасля забралі. У сераду арыштантаў перавезлі ў Жодзіна. Перадачы ніхто з новенькіх атрымаць ужо не паспеў.

— Пашанцавала, што валанцёры далі хаця б зубныя шчоткі, туалетную паперу і крыху печыва, — расказвае хлопец. 

Перадача ад сваякоў прыйшла акурат перад Новым годам — 30 снежня, але, як згадвае Антон, яе чамусьці ўвесь дзень і ноч трымалі пад дзвярыма і аддалі толькі 31-га.

— Сваякі паклалі нам сыр, каўбасу. З навагодняга — крыху мандарынаў і сурвэткі з зімовымі ўзорамі. Лісты мне ўсе 15 сутак не аддавалі, хаця ведаю, што іх пісалі. Мы самі 31 снежня перадалі на волю віншаванні для сваіх — з тымі, хто якраз выходзіў раней на волю.

31 снежня бліжэй да адбою хлопцы — у камеры было 10 чалавек — селі за стол, упрыгожылі яго сурвэткамі, расклалі сваё «багацце». 

— У перадачы апынуліся аднаразовыя кубачкі. Мы налілі ў іх вады з-пад крана і «чаркаваліся», прамаўляючы тосты: «Каб Новы год быў лепшы за стары», «За перамены», «Каб не сустракацца больш у падобных месцах»… Дзяўчаты з суседняй камеры пачалі спяваць «Муры» і ўсялякія навагоднія песні кшталту Jingle Bells. А недзе ў 23:34 (відаць, у адной з камер змаглі даведацца пра час) у СІЗА пачуўся крык: «Сыходзь! З Новым годам! Ура!» Ахоўнікі, канечне, афігелі ад такога нахабства. Пачалі рабіць заўвагі, усіх супакойваць. Адзін супрацоўнік папрасіў: «Давайце хаця б Новы год сустрэнем па-за палітыкай».

Антон таксама расказвае, што чуў, як пасля 00:00 грымелі салюты. 

— У нейкі момант нават падалося, што пару залпаў было зусім побач з СІЗА. Мы вырашылі — гэта, каб падтрымаць нас.

1 студзеня ніякіх паслабленняў для асуджаных не было — пад’ём у 6.00 і ўсё па раскладзе. Праўда, як адзначае суразмоўца, ежа была нашмат лепшай, чым звычайна: на сняданак далі рыс, на абед быў смачны боршч, мяса далі нетрадыцыйна шмат. Складвалася ўражанне, што кухар нібыта спецыяльна пастараўся.

— На свабодзе мяне сустракалі не толькі сваякі, але і суседзі ў двары. З феерверкамі і шампанскім. Так што свята для мяне працягнулася. Праўда, большым святам было зноў спаць на сваёй канапе з выключаным святлом, — кажа Антон. — Ведаеце, адно з маіх хобі — гістарычная рэканструкцыя. І я актыўна збіраў старую форму міліцыянераў, яшчэ савецкую нават. А цяпер нават не ведаю, што з гэтым рабіць. Апранаць яе пасля выбараў дакладана не хочацца, — шчыра прызнаецца юнак.

«Гэты Новы год я запомню назаўсёды»

38-гадовы Уладзімір Плахотнікаў займаецца распрацоўкай інтэрнэт-крам. Яго схапілі недалёка ад станцыі метро «Партызанская» 20 снежня, у родным раёне, калі ён адзін ішоў дадому.

Уладзімір Плахотнікаў. Фота з архіваў героя

Асноўную частку сваіх сутак ён таксама адбыў у Жодзіне.

— Ніякіх паслабленняў у гонар свята нам не рабілі. Нават не выводзілі пагуляць, хаця мы вельмі прасілі — за 13 сутак я дыхаў свежым паветрам толькі адзін раз. Хаця вось душ мы, нарэшце, дачакаліся 31 снежня. А так — усё як звычайна: прыбіральня без дзвярэй, адпаведныя пахі і ахоўнікі, якія свяцілі лазерам у вочы, каб мы не сядзелі на ложках (на лаўцы на ўсіх месца не хапала, прыходзілася стаяць).

Падняць сабе настрой атрымалася толькі перадачамі, з якіх і склаўся святочны стол.

— Бліжэй да апоўначы мы чулі, як нейкія людзі крычалі пад турмой: «З Новым годам!» Было вельмі прыемна. Раніцай 1 студзеня мы зноў разбавілі традыцыйны рацыён нашымі перадачкамі: было крыху мандарынаў і нават кавалак чырвонай рыбы. Павіншавалі адзін аднаго. Незвычайныя ў мяне эмоцыі ад сустрэчы Новага года ў турме — будзе што згадаць. І такое дакладна не забудзеш.

2 студзеня на свабодзе Уладзіміра сустракаў натоўп з блізкіх.

— Было вельмi прыемна, што столькi чалавек прыехалі мяне сустрэць. І з падарункамi! А дома мяне чакаў святочны стол i яшчэ порцыя падарункаў пад ёлкай.

Астатнія святы Уладзімір правядзе дома, бо захварэў за кратамі на каранавірус.

«З сурвэтак зрабілі навагоднюю елку»

33-гадовы дырэктар фірмы па рэстаўрацыі Максім Каравай таксама апынуўся ў Жодзіне. 

Максім з сям'ёй

— Забралі 20 снежня проста каля пад’езда ў Мінску. Пакуль я вёў размову з бабуляй, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, невядомыя выбеглі з буса і мяне забралі: на 12 сутак па вядомым артыкуле 23.34.

У камеры з Максімам былі некалькі айцішнікаў, выкладчык вышэйшай матэматыкі, навуковец, інжынер, спартовец, а таксама адзін мужчына, які сядзеў за крадзеж.

— Самым цяжкім для мяне было спаць з уключаным святлом. На пытанне, чаму так, нам адказалі: «Каб вам не было тут салодка». У камеры была антысанітарыя, паўсюль — цвіль і жудасны пах. Праўда, праз некалькі дзён знаходжання ў Жодзіне мы атрымалі мыла і ўжо вымылі ўсё, да чаго дацягнуліся. Акрамя гэтага, нам не аказвалі медыцынскую дапамогу — у некаторых сукамернікаў адчувалася тэмпература, мы прасілі лекі ці хаця б кіпень, але некалькі дзён нас ігнорылі. Толькі пад самы Новы год выдзелілі дзве таблеткі парацэтамолу на дзесяць чалавек.

31 снежня хлопцам дайшла першая перадача. Ліставанне пры гэтым блакавалася цалкам.

— У нас атрымаўся сапраўдны святочны стол, бо да гэтага мясцовую ежу збольшага выкідвалі — яна была нясмачная. З сурвэтак мы зрабілі навагоднюю ёлку. Нягледзячы на адбой у 22:00, мы бліжэй да 00:00 перастукваліся і крычалі адзін аднаму «Жыве Беларусь!». Мы ведалі, што недзе побач з намі ў Жодзіне Марыя Калеснікава і Сяргей Ціханоўскі, таму разлічвалі, што нехта захоча прыйсці павіншаваць іх пад турму. Так і адбылося: уначы мы пачулі звонку і гук ад феерверкаў, і крыкі «Жыве Беларусь!». Самы цікавы дзень у турме атрымаўся. Што тычыцца жаданняў, то загадалі мы ўсе адно: тое, чаго хоча ўся краіна, — расказвае Максім.

Асобны дзякуй Максім папрасіў перадаць валанцёрам, якія і ў святы дапамагалі сваякам з перадачамі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Касмічная турыстка Марына Васілеўская выйшла замуж за касманаўта Навіцкага? Яны носяць пярсцёнкі21

Касмічная турыстка Марына Васілеўская выйшла замуж за касманаўта Навіцкага? Яны носяць пярсцёнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку13

«Бабарыка быў бы годным прэзідэнтам, але хунта пазбаўляецца ад разумных людзей крымінальнымі метадамі». Што пішуць людзі пра банкіра76

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання3

Зборная Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі выйшла на чэмпіянат свету па футболе

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?1

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце7

Вызначыліся каманды ад Еўропы, што напрамую выйшлі на ЧС па футболе, і ўдзельнікі стыкавых матчаў

Зборная Беларусі згуляла другую нічыю запар у матчы, які нічога не значыў3

На выратаванне вядомага касцёла дзяржава так і не знайшла грошай і звярнулася да грамадзян7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Касмічная турыстка Марына Васілеўская выйшла замуж за касманаўта Навіцкага? Яны носяць пярсцёнкі21

Касмічная турыстка Марына Васілеўская выйшла замуж за касманаўта Навіцкага? Яны носяць пярсцёнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць