Меркаванні

Віктар Марціновіч пра вяртанне Навальнага: Прыйшоў час памяняцца з Расіяй месцамі

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра вяртанне палітыка.

Я не з тых, хто думае, што Навальны нас чамусьці мог навучыць.

Гераізм Навальнага для мяне не большы за гераізм Бабарыкі, які ішоў у прэзідэнты, дакладна ведаючы, што яго закрыюць. І пры тым меў што страчваць.

Ці гераізм Ціханоўскай, якая вылучалася проста таму, што яе мужа ўжо закрылі.

Але пры гэтым я ўсведамляю, што падзеі ў Шарамеццеве будуць мець велізарныя геапалітычныя наступствы.

Якія закрануць і нашу краіну.

Навальны стаў Навальным толькі таму, што Пуцін — былы падпалкоўнік КДБ СССР — праз уласны форс і пыху не дазваляў сабе з апанентамі паводзіцца гэтаксама прымітыўна, як гэта было прынята ў нашых бээсэсэрах.

У нас Навальнага змясцілі б у астрог яшчэ пасля першага грунтоўнага даследавання ФБК. І закрылі б на дзясятку, не дапускалі б адвакатаў, прыбралі б з жыцця і інфармацыйнага поля.

Уласна, у гэтым быў нейкі шарм, прыкмета «бальшога стылю» — Навальны не чапляў наўпрост Пуціна, крытыкуючы яго атачэнне, Пуцін не прыбіраў Навальнага.

Гісторыя з вяртаннем — гэта імклівы даўнгрэйд расійскіх рэалій да Беларусі-2020.

Тая ж нерашучасць.

Тая ж спроба спачатку заплюшчыць вочы, потым «усіх павязаць» і нарэшце — проста і тупа арыштаваць самога Навальнага. Рэйс з Берліна можна было адразу накіраваць з Унукава на які-небудзь нікому не вядомы аэрадром. Але ж не, вагаліся, узважвалі. Самалёт кружляў над Масквой, час ішоў, колькасць людзей, якія сачылі за прыгодамі борта кампаніі «Перамога» на «Дажджы», за гадзіну ваганняў вырасла з 220 да 400 тысяч.

Кожную хвіліну чакання палітычная вага Навальнага павышалася.

І было адчуванне, што калі прыбіраюць прыхільнікаў, не выпускаюць людзей на машынах з Унукава — дык, мабыць, дадуць выйсці ў горад. Але скончылася гэта абсалютна па-беларуску: затрыманнем і ноччу ў Хімках, без допуску абаронцаў.

І зараз Расіі трэба будзе далей прайсці па сцяжынцы, што ўсе гэтыя гады працярэблівала Беларусь.

Трэба будзе выйсці з Рады Еўропы.

Бо толькі тады яна здолее не звяртаць увагі на Еўрапейскі суд па правах чалавека, які Навальнага па справе «Іў Рашэ» апраўдаў. Трэба будзе згарнуць прадстаўніцтва ў міжнародных структурах, якія па Навальным не проста «заклапочанасць» будуць выказваць, але ўласныя юрыдычныя рашэнні прапаноўваць. І патрабаваць іх выканання.

Мы былі ў гэтым пункце ў 1997 годзе. Менавіта тады, пасля палітычнага крызісу 1996-га, ПАРЭ прыпыніла дзеянне статусу спецыяльна запрошанага для Беларусі.

І праз гэта любыя парушэнні правоў і працэдур у нашай краіне не падуладныя нікому, акрамя тутэйшых уладаў. Да таго ж цяпер давядзецца прыйсці і Расіі.

Расія пасля гэтага скандальнага затрымання зойме тое месца ў еўрапейскім парадку дня, якое дагэтуль займала наша краіна.

Але не толькі вонкавыя наступствы тут прынцыповыя.

Як я казаў раней, 2021 год стане вельмі «гарачым» для нашай суседкі. І пачнецца ўсё не ў верасні, калі адбудуцца думскія выбары. Пачнецца ўсё раней.

Ды што там, усё ўжо пачынаецца.

Затрыманне зрабілася тым самым трыгерам, якім — як нехта ў Крамлі баяўся — ніколі б не зрабілася вяртанне Навальнага само па сабе.

Пратэсных акцый пакуль не анансавалі, але яны будуць.

І, гледзячы па тым уздыме, які ўначы панаваў у Маскве, гэта будуць зусім новыя па памерах акцыі.

Расійскай паліцыі давядзецца і тут прайсці па беларускай сцежцы. Не дарэмна ж учора ва Унукаве крычалі «Фашысты!» і спявалі «Перамен». І так, там пакуль ніхто не страляў па натоўпе гумовымі кулямі, але спарадычныя затрыманні «ні за што» ўжо былі. Далей трэба будзе авалодаць майстэрствам выбудовы судовага канвеера — бо як без яго асуджаць тых, каго затрымалі «ні за што»?

Гэта вымусіць Пуціна зусім па-іншаму ставіцца да беларускіх раскладаў. І калі яшчэ ў Сочы ён мог настойваць на кампрамісе, рэформах і вырашэнні супярэчнасцяў праз дыялог, дык цяпер ён як дарадца проста пазбаўляецца голасу. На любую заўвагу можна будзе казаць «на сябе паглядзі».

У выніку гэта прывядзе да выбудовы «інтэрнацыяналу контррэвалюцыянераў». Я б нават не выключаў вяртання былых эканамічных нішцякоў, бо гэта натуральна — дапамагаць сістэме, якую ненавідзяць гэтаксама, як тваю ўласную. Але перад гэтым Расію захлыне — можа, нават з’явіцца адчуванне, што Ланцэлот абавязкова пераможа Дракона, «трэба толькі падціснуць яшчэ».

Дзе, у якім свеце, мы акажамся ў канцы 2021 года, уявіць цяжка. Відавочна, што дазволенае маленькай краіне ніхто не будзе прабачаць велізарнай дзяржаве з ядзернай зброяй. Відавочна таксама, што Байдэн — не Трамп.

Мы ўвесь 2020 год адчувалі сабе героямі, за дзеяннямі якіх сочаць у Расіі. Прыйшоў час памяняцца ролямі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба6

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: Калі мы скончым, вазьміце ўладу над сваім урадам. Ён будзе вашым14

Шпакоўскі: Жадаем Ірану мужнасці і стойкасці56

Ізраіль і ЗША рыхтуюцца да шматдзённага канфлікту з Іранам

Як асвоілася Святлана Ціханоўская ў Варшаве і ці ўжо пайшла на бокс? Распыталі11

ЗША і Ізраіль наносяць масіраваныя ракетныя ўдары па Іране60

Цэны на какава-бабы абваліліся. Але ці патаннее шакалад?7

Боршч з мёдам і кава з парфумай. У Беларусі адкрылі стараверскую кавярню

Гродна апераджала Вільню. Былі часы, калі італьянцы эмігравалі ў Беларусь. Іх кроў цячэ ў некім з вас4

У Балівіі разбіўся самалёт, які перавозіў грошы, загінулі 15 чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба6

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць