Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»3232

Лукашэнка зрабіў ход Зэльцэрам

Улада дзейнічае ў сваёй парадыгме. Піша ў блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Самы гучны вынік сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскімі кангрэсменамі — указ аб памілаванні Зэльцэра.

Выраз «палітычны торг» датычна палітыкі афіцыйнага Мінска стаў ужо клішэ, маветонам для аналітыкаў. І тым не меней — гэта сапраўды фірмавы стыль рэжыму. Летась вызвалілі Казуліна ды іншых са спісу палітвязняў — і атрымалі ад Штатаў бонус: прыпыненне санкцый супраць двух прадпрыемстваў «Белнафтахіма». Цяпер вось на шалю вагаў кладзецца лёс небаракі Зэльцэра.

Улада дзейнічае ў сваёй парадыгме. Ей незразумелыя эфемерныя матэрыі. Ментальна бліжэйшы прымітыўны чэнч: ты — мне, я — табе.

Зрэшты, Лукашэнка зрабіў і яшчэ адзін вербальна шырокі жэст: прапанаваў зноў разгарнуць амбасады (пасля леташняй дыпламатычнай вайны ў іх засталося па жменьцы супрацоўнікаў). Аднак умовай паставіў скасаванне «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Дарэчы, дэпутат Крыстафер Сміт, адзін з сённяшніх гасцей Лукашэнкі, быў суаўтарам і палкім прамоўтэрам жорсткага антыдыктатарскага закона.

На скасаванне «Акта» Вашынгтон пакуль што не пойдзе. Але дэ-факта яго пазіцыя памякчэла. Адна з ідэй тога закона: ніякай фінансавай падтрымкі дэспатычнаму рэжыму! Цяпер жа амерыканцы паспрыялі, каб МВФ даў Мінску дадатковы мільярд. Атрымалася ў піку Маскве, якая затармазіла траншу на паўмільярда, запатрабаваўшы, са слоў Лукашэнкі, прызнаць Абхазію ды Паўднёвую Асецію.

Такім чынам, і ў падыходзе ЗША, бадай, пабольшала геапалітычнага прагматызму. Беларускай уладзе даюць бонусы за процістаянне Крамлю.

На сустрэчы з кангрэсменамі 30 чэрвеня Лукашэнка нават дазволіў сабе лёгкае ментарства, параіўшы Амерыцы адмовіцца ад стаўкі на палітыку сілы. Маўляў, павучыцеся ў Еўрасаюза, каторы ласкай дамогся куды большага прагрэсу ў дачыненнях з Беларуссю.

Сапраўды, Вашынгтон з санкцыямі зараз падвісае. Брусель аўтаномна перазагрузіў свае дачыненні з «апошняй дыктатурай», і пра еўраатлантычнае партнёрства ў беларускім пытанні можна казаць цяпер толькі вельмі ўмоўна.

Такім чынам, беларускае кіраўніцтва пашырае плацдарм для замежнапалітычнай гульні. Амерыканцам Лукашэнка ставіць у прыклад еўрапейскую «рэалпалітык». Еўрасаюзу накідае прагматычны дыялог, прадае непрызнанне каўказскіх рэспублік. Ну а Маскву палохае сыходам на Захад. У выніку хто болей, а хто меней, але ўсе праплачваюць.

Ці вялікі рэсурс у такога манеўравання? Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што дастаткова вялікі. І прыводзіць прыклад манеўраў кіргізскага кіраўніцтва, якое спачатку раскруціла на грошы Маскву скасаваннем дамовы на авіябазу з амерыканцамі, а потым аднавіла яе пад іншай шыльдай — ужо за даплату ў доларах.

Ну а Беларусь жа — сэрца Еўропы, тут такія бабкі можна касіць на манеўровай геапалітыцы! У прыватнасці, на нашай тэрыторыі — аж два надзвычай важныя для Крамля вайсковыя аб'екты, нагадвае эксперт.

Канечне, нават такое далёкае ад ідэалаў высокай палітыкі манеўраванне — гэта лепей, чым мёртва застыць у абцугах Крамля. Але будучыня Беларусі няпэўная. Рэпрэсіі прыглушаны, аднак і зменамі ў грамадстве не патыхае. Палітычная глеба выпалена, патэнцыял апазіцыі падарваны, соцыум апатычны, і наіўна думаць, што вертыкаль возьмецца культываваць тут парасткі грамадзянскай актыўнасці.

Геапалітычны жа акцэнт Захаду азначае, у прыватнасці, што ён у агляднай перспектыве (пры тым што захаваецца адрознасць у пазіцыях мягкацелага Бруселя і болей прынцыповага Вашынгтона) можа задаволіцца дэкаратыўнымі саступкамі ў галіне дэмакратыі.

І, ва ўсякім разе, не стане надта перашкаджаць новаму прэзідэнцкаму тэрміну Лукашэнкі, які паспеў ужо назваць кангрэсменаў сябрамі.

Каментары32

Цяпер чытаюць

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі13

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Адсячэш адну галаву — вырастаюць новыя». Як кіраўніцтва Ірана пабудавала сістэму, якая дазваляе ўтрымліваць уладу10

Дэлегацыі РФ і ЗША правялі перамовы ў Фларыдзе

Кэці Пэры супраць Кэці Пэры. Аўстралійская дызайнерка выйграла пазоў супраць спявачкі, з якой судзілася з-за імя

Трамп: ЗША ўжо атрымалі перамогу над Іранам6

У Магілёве з'явіўся «мост імя Героя Савецкага Саюза М.І. Яшына». Назва тройчы парушае заканадаўства4

Цэны на нафту зноў вярнуліся да ўзроўню вышэй за $100 за бараль3

Нафтавы «запасны праход»: ад энергетычнага калапсу свет ратуюць усяго два трубаправоды

Стала вядома, якія траўмы атрымаў новы вярхоўны лідар Ірана2

У Гомелі жанчына занесла свайго сабаку на стрыжку да грумеркі. Забрала ўжо мёртвага

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі13

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць