Грамадства

«За час у турме пухліна павялічылася». У журналісткі Ксеніі Луцкінай моцна ўпала здароўе, і ёй прад'явілі новае абвінавачванне

Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна восем месяцаў знаходзіцца за кратамі. Спачатку яе звязвалі са «справай Прэс-клуба» і вінавацілі ў саўдзеле ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Але пасля таго, як гэту справу закрылі, на Ксенію завялі новую. Апошнія месяцы журналістка жыве на абязбольвальных — пухліна, якая шмат гадоў яе не турбавала, пачала расці. Бацька Луцкінай падзяліўся з «Нашай Нівай» апошнімі навінамі пра дачку.

Ксенія адпрацавала на дзяржаўным тэлебачанні 15 год. Здымала дакументальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы — пра Другую сусветную вайну, Чарнобыльскую катастрофу. Іншыя яе праект — дакументальныя драмы: жыццёвыя аповеды пра сям’ю, адзіноту, каханне.

У жніўні 2020 года журналістка звольнілася з БТ і хацела запусціць альтэрнатыўны канал. Далучылася да Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Відаць, таму і трапіла пад удар.

Дэталі новай крымінальнай справы пакуль невядомыя — адвакат пад падпіскай аб неразгалошванні.

Сям’я Ксеніі вельмі непакоіцца за яе здароўе. У 2012 годзе журналістцы зрабілі складаную аперацыю на галаўным мозгу — выдалялі пухліну. Яшчэ адна засталася, яе немагчыма было выразаць. Але ўсё трымалі пад кантролем.

«У яе было нармальнае самаадчуванне, кожны год праводзілі абследаванне. А за месяцы ў турме значны рост пайшоў. Яе вазілі два разы на МРТ — у маі і ў ліпені. Вынікі паказваюць, што пухліна павялічылася. Дачцэ неабходна кансультацыя, мы дабіваемся, каб яе адвезлі на прыём у цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі, каб зразумець, што і як рабіць далей.

У Ксеніі да 1 верасня пасцельны рэжым. У яе моцныя галаўныя болі, пастаянна колюць абязбольвальныя. Я ёй таблеткі важу кожны панядзелак», — расказвае бацька Алег Луцкін.

Дома журналістку чакае сын-шасцікласнік. Сваё 11-годдзе ён адзначыў без мамы.

«Кожны дзень задае пытанне, калі яна вернецца. 23 чысла, калі ў Ксеніі заканчваўся тэрмін утрымання пад вартай, ён мне званіў, плакаў, а я сказаць нічога не мог. «Дзе мама?» — пытаўся з такой прэтэнзіяй, маўляў, дзядуля, ты маўчыш, ты нешта хаваеш.

Мы з Мацвеем размаўляем, як сябры. Учора гутарылі да паловы 12-й — і пра маму, і пра быт, і пра тое, як трэба жыць. Быць сумленным, верыць у сябе і не падманваць нікога.

Пішам разам з ім лісты маме. Расказваем, што схадзілі на рэчку, пакупаліся, стараемся не засмучаць нічым. Ксенія ў кожным лісце ўкладае для яго асобную паштоўку. Яна вельмі хвалюецца за дзіця, як да школы сабраўся, як там іншыя побытавыя рэчы».

Лісты ад Ксеніі ходзяць дрэнна, хоць яна шмат піша. Сям’я атрымлівае карэспандэнцыю раз на два тыдні — адразу па тры лісты.

«Ксенія трымаецца. У кожным лісце запэўнівае: «Усё будзе добра» — і шле ўсмешкі. Але за апошнія два месяцы ў яе вельмі моцна здароўе ўпала.

Адвакат яе раз на тыдзень наведвае. А мне забаранілі спатканні. Я звяртаўся тройчы з гэтай просьбай — усе разы адмовілі».

Дома ў журналісткі была вялікая бібліятэка. Таму і за кратамі яна шмат чытае. З апошняга — замаўляла Познера.

У адным з лістоў Ксенія так згадвала сваю працу над тэлефільмам пра вайну:

«Я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія не ўсім пад сілу. Думала пра сваіх продкаў, калі пісала. Цяпер — сама ў падобных абставінах… Бачыш, як жыццё паварочваецца».

Нагадаем, астатнія фігуранты справы «Прэс-клуба» выйшлі на свабоду: яны сплацілі ўрон, які налічыла следства, кампенсацыю (агулам каля 200 тысяч рублёў) і падпісалі прашэнне аб памілаванне на імя Лукашэнкі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», Луцкіна адмовілася падпісваць такое прашэнне. 

Адрас для лістоў Ксеніі Луцкінай: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1.

Чытайце таксама:

Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якая 15 год працавала на БТ, а цяпер апынулася ў СІЗА за спробу стварыць альтэрнатыўны канал

Каментары

Цяпер чытаюць

Дашкевіч расказаў, як трапіў за кратамі ў «нізкі статус» і напісаў прашэнне аб памілаванні8

Дашкевіч расказаў, як трапіў за кратамі ў «нізкі статус» і напісаў прашэнне аб памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка выявіла ў продажы смажаную рыбу з цвіллю

Ціханоўская сустрэлася з Бабарыкам і Калеснікавай28

Мінчук дзве гадзіны дыктаваў махлярам коды з СМС, а потым здзівіўся, што ўсе яго грошы спісаліся2

З’явілася відэа, як мінскія камунальнікі незвычайна абаранялі пешаходаў ад падзення ледзяшоў з дахаў дамоў2

Дальнабойшчыкі зарабляюць шмат, але калі ідуць на пенсію або па крэдыт, то выяўляецца, што не ўсё так радасна6

У Польшчы знайшлі сабаку, які згубіўся ў Беларусі. Здаецца, ён сам перайшоў мяжу па замерзлай рацэ2

Трамп заклікаў Украіну стаць больш згаворлівай10

«Жорсткі лофт». У «Мінск-Свет» здаюць студыю з голымі сценамі — людзі шакаваны цаной3

Пасажырскі цягнік уначы сутыкнуўся з дзікай жывёлай

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дашкевіч расказаў, як трапіў за кратамі ў «нізкі статус» і напісаў прашэнне аб памілаванні8

Дашкевіч расказаў, як трапіў за кратамі ў «нізкі статус» і напісаў прашэнне аб памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць