Якія беларускія законы парушаюць мігранты ў памежнай зоне? Разбіраемся
З 8 лістапада некалькі тысяч курдскіх мігрантаў спрабуюць прарвацца з Беларусі на тэрыторыю Еўрасаюза. Яны стаяць лагерам ля мяжы з Польшчай, жывуць у намётах, паляць вогнішчы, спрабуюць разбурыць агароджу на мяжы. І ўсё гэта робіцца пад наглядам беларускіх памежнікаў. Беларускія сілавікі мігрантаў не чапаюць, хоць тыя і парушаюць цэлы шэраг правіл і законаў, за якія многія беларусы сядзяць рэальныя тэрміны. «Наша Ніва» паглядзела правілы знаходжання ў памежнай паласе і пару тройку законаў, якія мігранты не тое што парушаюць — проста ігнаруюць.
Важны дысклэймер — гэта не тэкст супраць мігрантаў. Гэта тэкст супраць абсурду.
Па-першае, для грамадзян Беларусі, якія хочуць правесці час у памежнай паласе, патрэбен пропуск. Яго выдаюць мясцовыя памежнікі. Тэрмін выдачы пропуску для фізічных асоб — да 5 рабочых дзён. Пры гэтым па пропуск трэба звярнуцца загадзя.
«Грамадзяне павінны папярэдне апавяшчаць памежнікаў па тэлефоне пра свой намер наведаць тэрыторыю памежнай паласы з пэўнай мэтай».

Па пропуск могуць звярнуцца і замежнікі. Спадзяёмся, госці з Курдыстана так і зрабілі.
Акрамя таго ў цёмны час сутак, а таксама за мяжу інжынерна-тэхнічных збудаванняў грамадзяне дапускаюцца толькі ў выпадку крайняй неабходнасці па рашэнні начальніка адпаведнага тэрытарыяльнага органа памежнай службы.

Магчыма, начальнік такое рашэнне прыняў адмыслова для мігрантаў. Бо не парушыў жа ён сам свае ж правілы, правільна?
«У асоб, якія парушылі парадак уезду (уваходу), часовага знаходжання і перамяшчэння ў памежнай паласе, пропускі канфіскоўваюцца. Штраф за парушэнне заканадаўства складае ад 10 да 50 базавых велічынь».
Пра канфіскацыю пропускаў у курдаў пакуль нічога не было чуваць, як і пра штрафы.
Згодна з правіламі Дзяржпагранкамітэта забаронена «весці без адпаведнага дазволу ўпаўнаважаных службовых асоб органаў пагранічнай службы фота- і відэаздымку пагранічных нарадаў, пагранічных знакаў, аб'ектаў інфраструктуры прыгранічнай тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы, іншых аб'ектаў органаў пагранічнай службы, фота- і відэаздымку тэрыторыі сумежнай дзяржавы».
Як бачым, мігранты спакойна вядуць стрымы, выкладваюць фота з прыгранічнай тэрыторыі.
Забаронена таксама «знішчаць, прыводзіць у непрыдатнасць, перамяшчаць памежныя і папераджальныя знакі, лініі сувязі і камунікацый, аб'екты інфраструктуры памежнай тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы, іншыя аб'екты органаў памежнай службы». Мінімум адзін аб’ект інфраструктуры — а дакладней плот з калючага дроту — увесь дзень актыўна разбуралі мігранты.

Рэакцыі з боку беларускіх памежнікаў не было. Хоць наступны пункт забараняе «аказваць уздзеянне альбо пераадольваць інжынерныя збудаванні і загароды, іншыя аб'екты, якія ўзводзяцца, абсталёўваюцца і выкарыстоўваюцца ў мэтах абазначэння дзяржаўнай мяжы і забеспячэння яе аховы».
Забаронена таксама «размаўляць з фізічнымі асобамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сумежнай дзяржавы, прымаць ад іх або перадаваць ім якія-небудзь тавары ці падаваць сігналы».
Тут спрэчны момант. Але цягам сутак мігранты падаюць сігнал польскім вайскоўцам: прапусціце! Ці паказваюць ім непрыстойныя жэсты.
Таксама за забруджванне драўняна-хмызняковай расліннасці прадугледжаныя штрафы да 10 базавых, за вырубку — да 20 базавых.

Акрамя таго, хаджэнне натоўпам для беларусаў адразу лічыцца незаконным масавым мерапрыемствам і караецца адміністратыўкай: суткамі ці штрафам.
Мігрантам жа можна не толькі прагульвацца калонай у некалькі тысяч, а і выходзіць на праезную частку.

Нагадаем, у судах ужо год выносяцца прысуды беларусам, якія стаялі на праезнай частцы падчас пратэстаў, што расцэньваецца як «блакіроўка дарог» і за гэта ёсць крымінальная адказнасць.
Але кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў ужо адказаў на ўсе падобныя пытанні.
«Парушэнняў заканадаўства з боку мігрантаў не зафіксавана», — сказаў ён.
Каментары