Грамадства

Рэкорды жніва: «канфідэнцыйнасьць гарантуем»

У пагоні за патрэбнымі паказчыкамі ў асобных гаспадарках Гомельшчыны па загадзе з раёнаў зерне пачынаюць зьбіраць пры вільготнасьці 30%. Піша Сямён Печанко.

У пагоні за патрэбнымі паказчыкамі ў асобных гаспадарках Гомельшчыны па загадзе з раёнаў зерне пачынаюць зьбіраць пры вільготнасьці 30%. Піша Сямён Печанко.

Дзіўна, але гомельскія гаспадаркі маюць праблемы з папаўненьнем састарэлай маральна і фізычна ўборачнай тэхнікі. І гэта пры тым, што ў Гомелі разьмяшчаецца «Гомсельмаш».

Прычына – нястача грошай. Падрыхтаваць камбайн да жніва абыходзіцца ў 10–15 млн. рублёў, сярэдняя гаспадарка мае 5–6 камбайнаў. Мэханізатары наракаюць на якасьць рамонту – вельмі часта камбайн спыняецца праз 2-3 дні пасьля рамонту на «Гомсельмашы», бываюць выпадкі, калі заміж новых дэталяў ужо на месцы знаходзяць старыя. Старыя «Доны», самыя маладыя зь якіх зробленыя ў 1990 г., можна выкарыстоўваць у якасьці сеялак. Сытуацыю ратуюць мясцовыя адмыслоўцы, якія дэманструюць цуды майстэрства. Яны знайшлі арыгінальны спосаб мінімалізаваць страты: шчыліны і дзіркі заляпляюць будаўнічай ізаляцыйнай пенай. Камбайнэры маюць тут вялікую зацікаўленасьць – толькі ў сэзон уборкі можна сур’ёзна зарабіць, бо тона ўраджаю дае да 40 тыс. руб. заробку.

«Тэлевізар нам дапаможа»

Бывае і так: спраўны камбайн прастойвае ў самую гарачую пару ў полі, бо няма паліва. Дакладней, грошай, каб яго набыць у дастаковай колькасьці. Гэтак і з угнаеньнямі і сродкамі аховы, якія набываюць не тады, калі ў іх ёсьць патрэба, а калі надараецца выпадак абарваць які крэдыт ці выбіць грошы ў раёне. Як кажуць мясцовыя спэцыялісты – дапамогі ад дзяржавы яны амаль не адчуваюць. «Яе можна ўбачыць толькі ў тэлевізары», – кажуць яны. І ня раяць давяраць убачанаму з акна аўтамабіля – «Асноўнае фінансаваньне ідзе ў прыдарожныя палеткі, а праедзь на УАЗе далей, па палявых дарогах, і пабачыш, што тут робіцца». Дырэктар аднаго з КУСПаў разводзіць рукамі: «Зямля ўрадлівая, «Гомсельмаш» пад бокам, а мы ніяк ня выб’емся з пазыкаў».

Рагатыя гарантыі

Ці не адзіная крыніца прыбыткаў – малако. Грошы ад яго продажу ідуць на выплату заробкаў і нарыхтоўку кармоў на зіму. Рагулі ў некаторых гаспадарках робяцца закладніцамі крэдытнай палітыкі дзяржавы. Адзін з кіраўнікоў падзяліўся такім сакрэтам: «Працую другі год і ўжо другую вясну закладаю статак у якасьці гарантыі вяртаньня крэдыту. Крэдыт жа ня вернеш, але які банк паедзе да мяне, каб спагнаць гэты «рагаты доўг»!? І да мяне так колькі год рабілі».

Вадкія лічбы

Шмат хто з кіраўнікоў аграпрадпрыемстваў скардзіцца на татальны ўціск: «Мы ўсе працуем на лічбы». На ўзроўні асобнай гаспадаркі гэта выглядае наступным чынам: з раёну загадваюць падрыхтаваць адпаведную справаздачу – на які ўраджай разьлічвае дадзеная гаспадарка. З раёну вяртаецца заданьне. Часам яно улічвае рэальны стан гаспадаркі, але гэта хутчэй вынятак, як правіла ад кіраўніка патрабуюць як мінімум на 30% звыш магчымага.

У пагоні за патрэбнымі паказчыкамі ў гаспадарках па загадзе з раёнаў зерне пачынаюць зьбіраць пры вільготнасьці 30%. Яго потым плюшчаць і аддаюць на корм быдлу. Раён жа мае з кожнай тоны ўмалоту 150 кг дадатковых паказчыкаў, а насамрэч звычайнай вады. І цякуць тыя паказчыкі ў аддзелы статыстыкі па 5–6 тонаў у суткі з кожнае гаспадаркі – колькі здолее ператравіць жывёла і не западозрыць дзяржкантроль. У хвалёныя мільёны тонаў трэба залічыць ня толькі вільгаць, але й немалы адсотак дамешкаў, а пры ўборцы «Донамі» яны складаюць да чвэрці масы. З таго што ачысьціцца і прасушыцца, першагатункавага зярна, якое пойдзе на харчовыя мэты, застаецца ў лепшым выпадку 50%. Таму ня варта й сумнявацца, што Гомельшчына дасьць сёлета свае 950 тыс. тонаў хлебу.

Прывілеі для радзімы прэзыдэнта

Калі параўнаеш умовы, у якіх працуе Гомельшчына і суседняя зь ёй, датаваная з усемагчымых фондаў, Магілёўшчына, міжволі падзівісься, як гэта яна ніяк ня выйдзе на запаветны мільён. Вось і сёлета радзіма прэзыдэнта атрымала заданьне на 850 тыс. т. А становішча з тэхнікай, камплектавальнымі і палівам тут якасна іншая. Тут не працуюць «Доны», старэйшыя за 10-12 гадоў – іх сьпісваюць на запчасткі ці прадаюць гамельчукам. Парк уборачнай тэхнікі увесь час абнаўляецца як за кошт айчынных вытворцаў, так і замежнай тэхнікай. Не ўзьнікае тут праблемаў і з атрыманьнем крэдытаў, хоць зь іх вяртаньнем справы ў гэтым рэгіёне аніяк ня лепш, чым у суседзяў.

На пытаньне, чаму ж пры такім спрыяньні вобласьць аніяк не нагоніць па паказчыках астатніх, мясцовыя асьцярожна разважаюць аб тым, што людзей такая апека разбэшчвае: «Занадта лёгка ўсё гэта даецца, няма адказнасьці, дадайце сюды савецкую спадчыну – тады павынішчалі гаспадароў, цяпер жа на гэтую пустэчу пруць найлепшую тэхніку. Дый паказуха гэтая тлуміць галаву – працуем на паказчыкі».

Канфідэнцыйнасьць гарантуем

Каб даведацца пра паказчыкі, патрэбная непасрэдная згода кіраўніка той ці іншай гаспадаркі. Блянкі для статыстычных зьвестак бухгальтар атрымлівае ў адпаведным аддзеле ў раённым упраўленьні сельскай гаспадаркі. На тым блянку стаіць цікавы штамп: «Канфідэнцыйнасьць Вашых зьвестак гарантуем». Запоўнены блянк з подпісамі кіраўніка і бухгальтара гаспадаркі вяртаецца ў раён, дзе, як жартуюць у калгасах, яго, перад адпраўкай у вобласьць, патрэбным чынам дапрацоўваюць.

Вось так і ваююць на ўсходзе Беларусі ўдзельнікі штогадовых «бітваў» – у няроўных умовах і з прыкладна аднолькавым вынікам. Суцяшае хоць тое, што патэнцыял у нашай вёскі ёсьць. Застаецца дачакацца іншых умоваў для працы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя20

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя

Усе навіны →
Усе навіны

Вызваленым палітвязням патрабуецца рэчавая дапамога. Вось што трэба і куды перадаваць4

Экс-палітвязень расказаў, што адбывалася ў 2020‑м на «Гродна Азоце» і як яго ў калоніі даводзілі да суіцыду3

У Лунінцы неба асвяцілі загадкавыя светлавыя слупы ФОТАФАКТ

«Мы цалкам разумеем, якая там дзяржава». Літоўскія перавозчыкі не збіраюцца падаваць пазовы ў беларускія суды праз затрыманыя фуры4

Перад аперацыяй захопу Мадура Ватыкан прасіў пра ягоную эвакуацыю ў Расію17

У Беларусі забаранілі антыперспірант Rexona1

У Мадрыдзе закрылі кітайскі рэстаран, у якім пад выглядам качак людзей кармілі галубамі3

Трамп вырашыў захопліваць расійскія танкеры, бо Пуцін яго «стаміў»16

Мінскія камунальнікі паказалі, што робяць са снегам, які прынёс цыклон «Улі»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя20

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць