Грамадства

«Ва Украіне вырашаецца лёс усяго рэгіёна». Навошта беларус паехаў на вайну

Яўген родам з беларускага горада Баранавічы. Баранавіцкі аэрадром з пачатку вайны выкарыстоўваецца расійскімі войскамі для нападу на Украіну. Яўген тым часам знаходзіцца пад Кіевам. Пасля жніўня 2020 года ён быў вымушаны выехаць у Польшчу праз рэпрэсіі. А цяпер вырашыў, што павінен адправіцца ваяваць на баку Украіны. «Еўрарадыё» даведалася, за што беларус паехаў змагацца, чаму даўно да гэтага рыхтаваўся і чаму лічыць, што вайна — гэта надоўга.

«Тут вырашаецца не проста лёс Украіны»

Яўген трапіў ва Украіну 8 сакавіка, а 9-га ўжо з'явіўся ў размяшчэнні тэрабароны. Яго падраздзяленне незвычайнае — гэта інтэрнацыянальнае антыаўтарытарнае падраздзяленне.

Яўген у складзе тэрабароны

«Тут служаць людзі з анархісцкімі, неаўтарытарнымі левымі поглядамі і тыя, хто ім спачувае. Большасць хлопцаў — украінцы, на другім месцы беларусы. Ёсць з Расіі, Заходняй Еўропы і нават канадцы. Усяго 50 чалавек. У тым ліку дзяўчаты з баявым досведам. Адна з іх — вайсковы медык», — расказвае Яўген.

Пасля таго як наш суразмоўнік быў вымушаны пакінуць дом праз рэпрэсіі, ён стаў рыхтавацца да вайны.

«Беларуская гісторыя паказвае, што мірны пратэст не працуе са звар'яцелымі дыктатарамі. На жаль, у 2020 годзе ў беларусаў не было сілавога блока, які мог бы ўзяць на сябе супраціўленне рэжыму. З моманту, як я прыехаў у Польшчу, я пачаў рыхтавацца да вайны. Мяркуючы па тым, як у беларускі батальён Каліноўскага арганізавана з'язджаюцца мужчыны, я быў такі не адзін».

Разлік быў на тое, што сілы спатрэбяцца, калі ў Беларусі зноў успыхнуць пратэсты, як у жніўні 2020 года.

«Як толькі я пачуў пра тое, што ва Украіне, магчыма, пачнецца вайна з Расіяй, я зразумеў, што я павінен прыняць у ёй удзел. Ва Украіне вырашаецца не проста лёс Украіны, а ўсяго рэгіёна. Калі мы зможам перамагчы расійскі імперыялізм, ёсць надзея, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца да лепшага найбліжэйшым часам».

Яўген з плакатам «Свабоду Мікіту Увараву» ля амбасады Расіі ў Варшаве

Не служыў у войску, але давялося надзець вайсковую форму

Пакуль у баявых дзеяннях Яўген не ўдзельнічаў. Звычайна яго дзень складваецца з фізічных трэніровак, тэарэтычных заняткаў, каравулаў. Бываюць начныя патрулі:

«У мяне няма баявога досведу. Я нават у беларускім войску не служыў з прынцыповых меркаванняў. Сітуацыя змянілася, і давялося надзець вайсковую форму».

У Яўгена часта пытаюцца, як ён мог адправіцца ваяваць, калі ён анархіст. Бо гэта павінна супярэчыць яго поглядам.

«Як нам кажуць: чаму мы ваюем за Украіну? Не за Украіну. Так, тут шмат праблем, якія я, як анархіст, крытыкую. Але ў Расіі сітуацыя ў шмат разоў горшая. Правы ўкраінцаў і свабоды, якія людзі выбілі ў барацьбе з дзяржавай на Майдане, да Майдана, усе нізавыя структуры будуць знішчаныя, калі Расія пераможа».

 

«Давядзецца жыць з пачуццём віны, калі кагосьці заб'ю»

Пакуль што ў размяшчэнні даволі ціха, але ніколі не ведаеш, што будзе заўтра. Магчыма, давядзецца забіваць або проста не прачнешся праз удар ракеты. Усведамленне блізкасці смерці, як сваёй, так і чужой, ёсць, адзначае Яўген.

«Я меркаваў, што настане момант, калі давядзецца са зброяй у руках адстойваць свае перакананні. Хацелася б, каб гэтага наогул не было, але па-іншаму нельга. Гэта жахліва. І мне жыць з пачуццём віны, калі давядзецца кагосьці забіць. Але пачуццё віны таксама будзе, калі я не буду знаходзіцца тут і цяпер. За дзяцей, якія паміраюць у Марыупалі.

Больш за ўсё баюся, што ў баявой сітуацыі магу сарвацца і, напрыклад, дабіваць параненых праціўнікаў. Для мяне прынцыповая пазіцыя, што тых, хто здаецца, ні ў якім разе нельга забіваць. І ніякіх катаванняў».

Ехаць ва Украіну было страшна, але знаходзіцца там аказалася лягчэй, чым уяўлялася.

«У Варшаве часта плакаў, калі чытаў навіны з Беларусі. Цяпер я ўспрымаю ўсё нашмат прасцей. Няма пачуцця віны. Я не быў у сітуацыі, калі пад нагамі выбухаюць снарады і кагосьці з маіх знаёмых забіваюць. Таму не магу сказаць, што са мной будзе, калі з такім сутыкнуся».

Украінцы часта не ў курсе, што адбываецца ў Беларусі

Стаўленне да беларусаў, якія прыехалі ваяваць на баку Украіны, добрае, кажа Яўген.

«На ўездзе ва Украіну эсбэушнік правяраў дакументы. Калі даведаўся, што я не жыву ў Беларусі пасля жніўня 2020 года, пытанняў да мяне адразу не стала».

Яўген у Беларусі ў жніўні 2020 года з плакатам «Беларуская рулетка»

Пра тое, што да беларусаў сталі ставіцца горш з пачатку вайны, Яўген, вядома, чуў.

«Я быў адным з адміністратараў інстаграм-старонкі акцый беларусаў Варшавы. Украінцы актыўна адзначалі акаўнт і прасілі перадаць беларускаму ўраду, што не трэба ваяваць з Украінай.

Тады я зразумеў, што большасць людзей з Украіны не ў курсе, што адбываецца ў Беларусі. І я апісваў сітуацыю, што мы ў Варшаве не можам ніяк паўплываць на ўрад там. Таму што мы ўцяклі ад гэтага ўрада. Я тлумачыў, што беларусы замежжа прымаюць уцекачоў, збіраюць гуманітарную дапамогу, хтосьці едзе ваяваць. І ніхто з гэтых людзей не спрабаваў са мной лаяцца.

Яўген з разуменнем ставіцца да эмоцый украінцаў. Але да тых, хто, напрыклад, у Варшаве праяўляе агрэсію ў дачыненні да беларусаў, у яго адно пытанне: «Чаму вы не ва Украіне?» Там можна не толькі ісці на фронт, падкрэслівае суразмоўнік».

 «Ганіце рускіх з дому»

Таму, як беларускі рэжым павёў сябе ў дачыненні да Украіны, Яўген зусім не здзіўлены.

«Пры гэтым я бачу, як Лукашэнка спрабуе ўсяляк унікнуць непасрэднага ўдзелу беларускіх салдат. Магчыма, таму, што разумее, што тады больш не будзе другога крэсла, на якое можна саскочыць.

Я хацеў бы перадаць беларусам не губляць надзею, рыхтавацца да горшага і чакаць лепшага. Усё цяпер гаворыць пра тое, што ў найбліжэйшай перспектыве мы будзем жыць у свабоднай краіне, а ўсе гэтыя вырадкі панясуць заслужанае пакаранне.

Ёсць у суразмоўніка і пасланне да жыхароў яго роднага горада, чые вайскоўцы дапамагаюць расіянам бамбіць Украіну.

— Ганіце на *ер рускіх з дому! У мяне на самай справе слоў не стае. Побач з аэрадромам жывуць мае сваякі, якія, на жаль, займаюць супрацьлеглую пазіцыю. Я часта перажываю, што, калі будзе ляцець адказ, можа пацярпець у мой дом».

Вайна пяройдзе на паўночны фронт

Самае цяжкае, што давялося бачыць ва Украіне, — вялізныя чэргі на выездзе з краіны.

Людзі пешшу выходзяць з Украіны

«Бясконцы, велізарны паток людзей. У асноўным гэта жанчыны і дзеці. Многія людзі з жывёламі. Большасць практычна без рэчаў. Я пакуль не бачыў трупаў, але думаю, што горш, чым гэтыя чэргі, я наўрад ці нешта ўбачу.

А з пазітыўнага — я веган дзесяць гадоў і перажываў, што, прыехаўшы ва Украіну, у лепшым выпадку стану вегетарыянцам. Але ў мяне нават веганскі сухпай ёсць. Магчыма, заўтра я буду есці тушонку, але цяпер я вельмі рады».

Нягледзячы на вайну, жыццё пад Кіевам кіпіць.

«Калі стаю ў каравуле, бачу, як шпацыруюць закаханыя парачкі, дзеці гуляюць у футбол, людзі ездзяць на працу. Адзінае, што на фоне гэтага кіпучага жыцця стаяць мужчыны ў форме са зброяй і не сціхаюць сірэны».

Чаканні наконт працягласці вайны ва Украіне розныя: хтосьці лічыць, што хутка ўсё скончыцца, хтосьці ўпэўнены, што гэта на гады.

«Я схільны думаць, што гэта надоўга. Для мяне вайна не скончыцца ва Украіне, а пяройдзе на паўночны фронт. Беларусы ж не проста так паехалі ваяваць ва Украіну. Нам потым яшчэ Беларусь вызваляць», — кажа на заканчэнне Яўген.

«Мы дакладна разумелі, што не выжывем». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай

Загінулы беларускі добраахвотнік працаваў дальнабойшчыкам у Польшчы і пакінуў працу, каб абараняць Украіну

Баец, медык, фонд Żyvi, FreeShop Partyzanka… Вялікі рэпартаж пра беларусаў, якія дапамагаюць Украіне

Каментары

Цяпер чытаюць

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА3

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Шмат сонца, еўрапейская архітэктура. Айцішніца расказала, чаму нізкія падаткі не ўтрымалі яе ў Сербіі3

Віленская «Дапамога» тэрмінова збірае вопратку, пасцелю, хатнія рэчы для вызваленых1

Нідэрланды, як і Ірландыя, Славенія і Іспанія, прыгразілі байкатаваць «Еўрабачанне-2026», калі ў ім будзе ўдзельнічаць Ізраіль3

Вызвалены філосаф Уладзімір Мацкевіч: Я пакуль не гатовы расказваць пра тое, што было на мяжы1

Беларусы сабралі ўжо 100 тысяч еўра на патрэбы выпушчаных на волю палітвязняў9

Гамельчука вызвалілі ад адказнасці за ўдзел у пратэстах праз тое, што ўжо прайшло пяць гадоў. Гэта такі першы вядомы выпадак5

Трамп і Пуцін могуць сустрэцца на саміце ў Малайзіі3

Затрыманы журналіст Кірыл Пазняк8

Ці сапраўды цыклічны сон дапамагае выспацца?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА3

Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць