Гісторыя66

Янка Брыль, Вэстэрплятэ і Радзіма

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Гэтыя нататкі спарадзіў тэкст Алеся Пілецкага «Першыя бомбы на Беларусь упалі ў 1939-м» («Наша Ніва» за 26 жніўня).

...У 1961—1964 гг. я жыў у вёсцы Тамашоўка Брэсцкага раёна. Гэта на сутыку Беларусі, Польшчы і Украіны. Чыгуначная станцыя ў Тамашоўцы і дасюль называецца Уладавай, бо на заходнім беразе Буга ўзвышаецца павятовы гарадок Уладава. За 7 кіламетраў на захад ад Уладавы маецца вёска Каралёўка (на польскі лад Каралюўка), адкуль родам мая дзядзіна Маруся.

У 1970-х я настаўнічаў недалёка ад Тамашоўкі — у вёсцы Радзеж Маларыцкага раёна.

Ведаючы нямецкую паводле савецкіх падручнікаў, у тым кутку Беларусі я дазнаўся, што ў немцаў часцей, чым падручнікавае das Konfekt, ужываецца калька з французскае — das Bonbon. Менавіта bonbon’амі частавалі салдаты Вермахта малых палешукоў у верасні 1939 года. Бо і Тамашоўка, і Дамачава, і Радзеж, і Маларыта на 17 верасня былі ўжо пад немцамі.

Шасцітомная «Гісторыя Беларусі» пра гэта сціпла маўчыць. Лінію фронту па стане на 17 верасня яна праводзіцьпраз польскія і ўкраінскія Радзынь, Люблін, Краснастаў, Замосце, Тамашаў, Гарадок (не блытаць з падляшскім, дзе праводзіцца «Басовішча»!), Драгобыч. Дзе той Люблін, Краснастаў, дзе той Гарадок і Драгобыч!

Такія гісторыі пішуцца. Іншыя гісторыі помняцца.

Тамашоўскія і камароўскія дзядзькі, апавядаючы пра немцаў 1939 года, не маглі зразумець, чаму немцы адступілі перад расійцамі і, не супраціўляючыся, пайшлі за Буг. А на тым беразе Буга, у Каралёўцы, бацька цёткі Марусі, стары царскі салдат, расцаніў гэтае «адступленне» як праяву сілы і моцы бальшавікоў.

...У час Вераснёвай кампаніі польскія патрыёты забілі ў ваколіцах Тамашоўкі некалькі нямецкіх салдатаў. Іх пахавалі на салдацкіх нямецкіх могілках у Тамашоўцы. (Могілкі гэтыя з мноствам магілаў, з ільвом на ўсечанай чатырохкутнай пірамідзе былі закладзеныя пасля бітвы пад Уладаваю ў жніўні 1915 года.) У 1940 годзе жыхары Тамашоўкі сталі сведкамі таго, як Вермахт клапаціўся пра сваіх салдатаў. З таго боку Буга прыйшлі машыны з лафетамі. Дамавіны з эксгумаванымі целамі жаўнераў паставілі на лафеты і ўрачыста, з адданнем воінскай пашаны, павезлі за Буг. Чэсць жывым і мёртвым нямецкім салдатам аддавалі і чырвоныя: армейцы, энкавэдзісты, памежнікі.

Тамашоўскія «палітыкі» (а сярод іх пераважалі людзі Майсеевага вызнання), якія бачылі польскіх, нямецкіх і савецкіх вайскоўцаў ды маглі супаставіць іх вонкавы выгляд, зрабілі слушную выснову:

— Як будэ нова война, німэць далэко пожэнэ большэвікоў.

Вызнаўцы Торы не здагадваліся, які лёс іх чакае. А з Тамашоўкі, з даліны Буга, добра відаць касцельную вежу ў Сабіборы. У тым самым Сабіборы, дзе быў лагер смерці. Зрэшты, тамашоўскія юдэі лягуць у чыстым полі. Іх магілу відаць з дарог Брэст—Уладава і Уладава—Кобрынь, што сходзяцца-разыходзяцца за вёскай.

...Нямецкія салдаты нічога не ведалі пра тое, калі пачнецца вайна. Едучы праз Каралёўку, дзе жыла мая дзядзіна Маруся, яны пыталіся ў сялян:

— Do Buga daleko?

І здзіўляліся, пачуўшы, што сем кіламетраў.

Стары ж мікалаеўскі салдат занепакоіўся. «Діткы, — казаў ён, — будэ вуйна. Трэба робыты бліндаж, бо большэвік пожэнэ німця, будэ стрыляты, бомбыты...»

Бліндаж быў зроблены ў гаро¬дзе. І калі ўранку 22 чэрвеня паляцелі нямецкія самалёты, калі там, каля Уладавы, зараўлі гарматы, калі нямецкая армада пасунулася на ўсход, сям’я цёткі Марусі схавалася ў бліндажы. Ды нядоўга там прабыла, бо хутка стала даволі ціха, хіба што машыны ішлі на ўсход ды з усходу вярталіся самалёты.

Самалёты бамбілі савецкія танкі, што размяшчаліся за станцыяй Уладава, бліжэй да Орхава, ля санаторна-лясной школы. На пачатку 1960-х у тым ляску, што прыкрываў застаўскае стрэльбішча, можна яшчэ было ўбачыць акопы — паглыбленні, у якіх стаялі «грозныя машыны»... Ніводная з іх не сышла з месца. І з дота, з якога выдатна праглядваліся даліна Буга і дарога з Уладавы на Тамашоўку, не было ніякай карысці. Гэты дот, мусіць, і зараз кожны ўбачыць на Лысай гары, калі ісці на Станіславоўку (дакладней, да былой Станіславоўкі).

Не было ніякай карысці і з аэрадрома ў Багуслаўцы за шаснаццаць вёрст ад мяжы, на будаўніцтва якога зганялі моладзь з Ра¬дзежа і ваколіц.

...Калі я жыў у Тамашоўцы і слухаў тамтэйшыя гісторыі (stories), пісьменнік Янка Брыль наведаў Сабібор. Мы, здаецца, былі ўжо знаёмыя. Завочна. Лістоўна.

Шкадую, не папытаўся ў Івана Антонавіча, ці бываў ён у Сабіборы да вайны. Службу стралец Ян Брыль пачынаў у Холме (Хэлме, калі на польскі лад), а дарога да Холма вяла праз Брэст і Уладаву. Гэтая дарога і цяпер пазначаная на мапе.

Перад вайною Польшча стварала сваю марскую пяхоту, і рослага («паўтара Івана») — з сямігадовай школай і гімназічным «калідорам» за плячыма — стральца Яна Брыля перакінулі на Узбярэжжа. Цяпер ён меў іншы тытул — szeregowy piechoty morskiej.

У жніўні 1939-га марскія пехацінцы пасяліліся ў асабняках, што стаялі ў ваколіцах Гдыні. У паветры пахла порахам, і гаспадары прыморскіх сядзібаў не адважваліся ехаць з Варшавы і Лодзі, каб бавіць вакацыі ды ўрлёпы ля мора, і таму мусілі ахвяраваць сваё дабро для патрэбаў войска. У манаграфіі Юрася Грыбоўскага, які падпісаўся Jerzym Grzybowskim, пра беларусаў у польскім войску ёсць, здаецца, здымак трох жаўнераў, якія сядзяць на тым пясчаным узбярэжжы. На здымку і Янка Брыль. Пісьменнік, жартуючы, каментаваў гэты здымак: «Тут курваў не хапае». Бо, не дачакаўшыся варшаўскіх ды лодзінскіх насельнікаў тых прыморскіх асабнякоў, лярвы прыставалі да жаўнераў. І да гэтых трох на здымку — таксама. І былі ў той час, як рабіўся здымак, непадалёк ад іх.

Калі пачалася вайна, знакаміты лінейны карабель «Шлезвіг-Гальштэйн» абстрэльваў не толькі Вэстэрплятэ (той паўвостраў, які знаходзіцца ў межах цяперашняга Гданьска), але і сопацкае, і гдынскае ўзбярэжжа таксама. Праз гады шараговец марской пяхоты Янка Брыль стане ганаровым грамадзянінам Гдыні. Аднаго разу ў размове ён скажа, што вось нехта няўважліва слухаў яго, пераблытаў Гдыню з Гданьскам і зрабіў яго абаронцам Вэстэрплятэ. Цяпер гэтая памылка качуе з выдання ў выданне і нават у Беларускую энцыклапедыю трапіла.

Успамінаючы 1 верасня 1939-га, ён скажа мне, якое ўражанне на яго зрабіў расквечаны Гданьск (тады яшчэ Danzig). Усе, хто мог бачыць, дзіваваліся, як у той ранак расчырванеўся ад сцягоў гэты нямецкі анклаў. Не ўсе жаўнеры тады ведалі, што ў нацыстаў таксама чырвоныя сцягі...

— На вайне да ўсяго звыкаеш...

І пісьменнік казаў пра тое, пра што (ці не з эстэтычных меркаванняў) ён не пісаў у мастацкіх творах і што, мажліва, прачытаем у яго запісах. Як, напрыклад, яны, згаладалыя марскія пехацінцы, ядуць з бляшанак, а побач ляжыць труп жаўнера, з якога вываліліся кішкі, і гэтыя кішкі хлэмтае падсвінак...

Адзначаў ён і нарастанне штучнага патрыятызму ў польскай літаратуры пра Абарончую вайну:

— Чым далей, тым усё менш сустракаеш у гэтых працах слова «dezercja». Хутка пра яе зусім не будзе ні слова.

Беларусам і ўкраінцам, асабліва тым, што ваявалі на захадзе і поў¬начы Польшчы, не было куды ўцякаць. Заставалася або смерць, або палон. Балазе, у Польскай Рэспубліцы не дзейнічала правіла «памры, але не здавайся».

Пісьменнік дзякаваў лёсу, што яму пашэнціла з палонам. І за тое дзякаваў, што не ўдалося ўцячы першы раз — у 1940-м. Хто ведае, ці не апынуўся б былы польскі марскі пехацінец Янка Брыль у адной калоне з былым польскім жаўнерам Барысам Рагулем, які ўцёк з нямецкага палону і якога ў чэрвеньскія дні 1941-га ў доўгай — на некалькі кіламетраў — калоне вялі з мінскае турмы па Магілёўскай шашы. Нагадаю, што ў той калоне былі Зэлік Аксельрод, Рыгор Бярозкін, Масей Сяднёў, Мікола Цэлеш...

Янку Брылю ўдалося ўцячы пад канец 1941-га. Ужо выпаў снег, і загорскія мужчыны і дзецюкі на санях ехалі ў бок Налібоцкае пушчы. На першых санях сядзеў Мікалай Брыль. «Коля!» — гукнуў Янка Брыль...

Так ён вярнуўся на Радзіму. А праз колькі дзён ён пайшоў праведаць сваю сястру Ганну, што жыла ў Палужжы пад Карэлічамі. Ганніна хата стаяла на пагорку, і, калі ён падышоў да яе, пачуў мужчынскі голас:

— Ваня идёт!

Што да хаты падыходзіць менавіта Ваня, а не хто іншы, па фотаздымках, якія захоўваліся ў Ганны, вызначыў савецкі акружэнец Міхаіл Іпатаў. Лёс распарадзіўся так, што ён, напалавіну русак, напалавіну кіргіз, стаў бацькам беларускай пісьменніцы Вольгі Іпатавай. А гэта яшчэ адна ненапісаная story.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА9

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА

Усе навіны →
Усе навіны

Кампанія пашкадавала змарнелага хаскі і жорстка забіла яго гаспадара. Жонка забітага таксама далучылася да катаванняў11

Знеслі апошні драўляны дом. Сядзібная забудова каля метро «Грушаўка» амаль знікла3

Пратэстоўцы ў Катманду падпалілі рэзідэнцыю прэзідэнта і прэм'ера7

Расіяне на Данеччыне ўдарылі авіябомбай па людзях, што прыйшлі атрымліваць пенсію — больш за 20 загінулых17

Карбалевіч: Ад апазіцыі цяпер мала што залежыць, варта рыхтавацца да сыходу Лукашэнкі13

Гімназія Ірыны Абельскай змяніла ўласніка і засакрэціла яго імя2

Гісторык Ігар Мельнікаў выйшаў на волю15

Прэм'ер-міністр Непала падаў у адстаўку2

Лукашэнка загадаў вярнуцца да пахаванай 13 гадоў таму ідэі стварэння фінансава-прамысловых груп4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА9

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць