Культура33

Жонка Генадзя Бураўкіна: Добра, што ён не бачыць таго, што сёння робіцца. Нават мемарыяльную дошку на яго доме не далі павесіць

28 жніўня класіку беларускай літаратуры, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу Генадзю Бураўкіну споўнілася б 86 гадоў. У інтэрв'ю «Салідарнасці» яго жонка Юлія падзялілася ўспамінамі і паразважала пра цяперашні час.

— Мы ў гэты дзень абавязкова збіралі сяброў, — успамінае Юлія Якаўлеўна, як раней святкавалі дзень нараджэння Бураўкіна. — І паколькі гэта быў жнівень, цудоўнае цёплае надвор’е, але не такая гарачыня, як цяпер, то сядалі ў Крыжоўцы пад яблынямі. А калі збіраліся не на дачы, так дома — але заўсёды прыходзілі сябры, і ўсе ведалі, што 28-га трэба прыйсці да нас.

Цяпер, канечне, пойдзем да яго на могілкі…

А яшчэ адна сямейная традыцыя Бураўкіных звязаная з 9 мая. Рэч у тым, што акурат у гэты дзень пара некалі распісалася ў ЗАГСе, толькі потым паставіўшы перад фактам бацькоў. Падзею адзначалі па-студэнцку: у кафэ ўніверсама «Сталічны» сведка маладых, Мікалай Матукоўскі, пачаставаў кампанію пельменямі і віном «Гамза».

Фота: асабісты архіў Юліі Бураўкінай

Бураўкін любіў вясёлыя застоллі. Сябры паэта на дзень нараджэння заўсёды прыносілі ў падарунак свае новыя кніжкі, мастакі — карціны.

— Быў нейкі перыяд, што пачалі ўсе дарыць самавары, — з усмешкай прыгадвае жонка. — Не скажу цяпер, ці тады было так модна, ці шмат іх было ў продажы. Але тыя самавары і зараз засталіся, чатыры на дачы і адзін дома.

З іншых памятных рэчаў — падарункі, якія яму рабілі калегі ў Нью-Ёрку, прадметы з лагатыпам ААН, якія цяпер нагадваюць пра тую частку нашага жыцця, і гэта такі насычаны ўспамін (у 1991-1994 годзе Генадзь Бураўкін быў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН, і сям’я амаль 4 гады пражыла ў ЗША. — Заўв. рэд.)

«Патрэбныя не адзін ці два чалавекі, апантаныя беларускасцю»

— Дарэчы, пра ўспаміны. Ці не прыйшоў яшчэ, на вашу думку, час публікаваць мемуары Генадзя Бураўкіна?

— Я паглядзела тыя ягоныя нататнікі: гэта не мемуары, хутчэй, дзённікавыя запісы — розныя асацыятыўныя ўспаміны, развагі пра пісьменнікаў, пра розныя падзеі ў жыцці, пра тое, што ён чытаў і што яго турбавала.

Але яшчэ не, дакладна не. Там ён многа дзе раскрываў сваю душу, тое, што, можа, яшчэ не патрэбна апублічваць. Скажам так, трэба, каб ягоныя запісы дачакаліся моманту.

— У мінскай тапаніміцы ўвекавечаныя імёны розных людзей, якія нават і не маюць дачынення да Беларусі. Але дагэтуль няма ані вуліцы Быкава, ані Караткевіча, Барадуліна, Бураўкіна… Ці бывае вам крыўдна з гэтай нагоды?

— Я мяркую, павінен прайсці час, каб грамадства ўсвядоміла, што трэба называць вуліцы і наогул берагчы памяць пра сваіх, а не чужынцаў, а то нават прыблудных людзей. У нас ад гэтага манкурцізму шмат якія сферы цярпяць.

А трэба адукоўваць людзей — каб яны былі не проста пісьменныя, а каб памянялася стаўленне да свайго: да сваіх прарокаў, да сваіх паэтаў, пісьменнікаў, філосафаў, герояў. Пакуль усё гэта забіваецца нейкай непатрэбшчынай.

Некалькі год таму, згадвае жонка паэта, да яе прыйшлі маладыя людзі з ідэяй усталяваць мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў Генадзь Бураўкін. Юлія Якаўлеўна адразу сказала: «Вам ніхто не дазволіць гэта зрабіць», — і насамрэч, ініцыятыва «патухла» на ўзроўні Мінгарвыканкама.

— Нават дошку не дазволілі, — з прыкрасцю канстатуе яна. — Я ўжо не кажу пра тое, што 20 гадоў яго не друкавалі дзяржаўныя выдавецтвы, толькі «Мастацкая літаратура» выдала першую за многія гады кнігу (зборнік «Ніці лёсу» выйшаў пры канцы 2018-га. — Заўв.).

І каб прабіць гэтую сцяну, патрэбныя не адзін ці два чалавекі, апантаныя беларускасцю — трэба, каб гэта рабіла дзяржава, і ва ўсіх школах, ва ўсіх ВНУ глыбей вывучалі сваю культуру, сваю гісторыю.

Нью-Ёрк, 1976 год. Бураўкін сярод дэлегатаў ХХХI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Фота: bellitmuseum.by.

«Беларускае тэлебачанне не гляджу»

«Чорнай навалаю коціцца зверху
Гвалт небывалы,
Раз’ятраны вэрхал.
У кіраўнічых суровых прамовах
Бэсціцца зноў беларуская мова».

У 2000-м, калі гэтыя радкі цэнзура ледзь не выкінула з кнігі Бураўкіна «Паміж зоркай і свечкай», паэт наўрад ці ўяўляў, якіх размахаў дасягнуць ціск на мову і рэпрэсіі беларускіх творцаў праз два дзясяткі гадоў. Як улады «зачысцяць» сотні ўстаноў культуры, ліквідуюць Саюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр і Таварыства беларускай мовы, закрыюць нават часопіс «Вожык», дзе ён працаваў.

— Як ахарактарызаваць тое, што зараз адбываецца з культурай і літаратурай? — перапытвае Юлія Якаўлеўна. — Ведаеце, я перачытвала не так даўно Гарэцкага і другіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя. Здаецца: сто гадоў прайшло. А як учора напісана пра адносіны да мовы, да літаратуры, да людзей, якія апякуюцца гэтым.

Я проста ў жаху. Прыйшоў адзін з унукаў і кажа: «Ой, добра, што дзед не бачыць гэтага нічога». Вось і ўсё, што можна сказаць пра цяперашні стан.

— Узначаліўшы Дзяржтэлерадыё БССР, Генадзь Мікалаевіч здолеў падняць узровень беларускага ТБ. Тое, за што яго крытыкавалі і называлі «нацыяналістам» — развіццё літаратурна-драматычнай рэдакцыі, дзіцячай рэдакцыі, спартыўныя эфіры па-беларуску, упор не на ідэалогію, а на асветніцкую складовую, нарэшце, «Калыханка», на якой выраслі некалькі пакаленняў беларусаў — пазней стала знакам якасці. Але апошнія некалькі гадоў адбываецца імклівая дэградацыя. Ці глядзіце вы сёння айчыннае тэлебачанне?

— Беларускае, таксама як і рускае, тэлебачанне я не гляджу. Проста не магу — ні навіны, ні другія якія-небудзь перадачы.

Справа ў тым, што тэлебачанне цяпер настолькі небеларускае — няма словаў, каб выказаць свае адносіны да яго, і нават жадання ўключаць тэлевізар няма. Далібог, на поўным сур’ёзе. А з пачатку вайны наогул сяджу толькі ў інтэрнэце.

«На трэці дзень уварвання на мой родны горад упала ракета»

Калі Юлія Якаўлеўна, украінка, толькі прыехала ў Мінск, то не ведала ні рускай, ні беларускай мовы. Але з лёгкасцю засвоіла і перайшла на беларускую ў побыце:

— Калі ўжо вучылася ва ўніверсітэце і пазнаёмілася з Генадзем, дык і пытанняў не ўзнікала — і беларуская, і руская, і ўкраінская — усе яны ўва мне арганічна спалучыліся і не выклікалі ніякай няёмкасці.

— Але пасля 24 лютага прайшла выразная лінія дэмаркацыі — не столькі паміж мовамі, колькі паміж носьбітамі… Як вы даведаліся пра пачатак вайны?

— Яшчэ калі рускія войскі сталі на мяжы, неяк адразу мне так блага стала, і было адчуванне, што вось-вось яны пойдуць, пераступяць гэтую мяжу. А якраз перад пачаткам вайны яны з Далёкага Усходу павезлі ўсё сваё жалезнае начынне, зброю. Думаю: усё, вайна. І сапраўды яна пачалася.

Я плакала цэлы месяц, не магла супакоіцца. На трэці дзень уварвання на мой родны горад упала ракета — праўда, нічога не разбурыла, але чалавека забіла, які на ровары ехаў.

І ўсё беларускае, што ў нас тут было, што адсочвалі і перажывалі — адсунулася на другі план, бо на першы выйшла мая Украіна. Усё так пераплялося і адно на адно наклалася — і беларускае, і ўкраінскае, і ваеннае, і сямейнае — вельмі цяжка пра гэта нават гаварыць.

Ва Украіне, кажа Юлія Якаўлеўна, у яе заставаліся родныя — дваюрадная сястра з сям'ёй. Але прыкладна за паўгады да лютага-2022 яны з'ехалі.

У Генадзя Бураўкіна было шмат украінскіх сяброў-творцаў, якіх ён перакладаў на беларускую мову. Жонка перакананая, што і цяпер ён бы не прамаўчаў. Але што могуць паэты і пісьменнікі з абвостраным пачуццём справядлівасці ў нашых цяперашніх умовах?

— Не ведаю, — уздыхае Юлія Якаўлеўна. — Я ж не творца. «Я не паэта, о крый мяне, Божа!» — як пісаў Купала. Наколькі бачу, многія з’ехалі і там нешта робяць. А тут сядзець у турме за думкі… Не магу сказаць, ці ёсць адзіны правільны выбар для творцаў.

Мінск, 2000-ыя. Фота: Сяргей Шапран. 

— А той факт, што з украінскай школьнай праграмы выключылі беларускіх аўтараў (Быкава — з абавязковай, Купалу і Законнікава — з пазакласнага чытання) — як да гэтага паставіцца?

— Ой, мне здаецца, яны проста не ведаюць іх творчасці! Божа мой, ну што гэта — Быкава выключыць з праграмы. Быкава, які ваяваў у шэрагах Украінскага фронту і быў паранены пад Кіраваградам, і маці нават атрымала «пахаронку». За што яго творы прыбіраць — толькі за тое, што беларус?

Каго яшчэ — Законнікава? Нармальны паэт, таксама незразумела, чаму выкінулі. Думаю, што яны нават не чыталі іх, а дзейнічалі па такім прынцыпе: раз беларус, а з беларускай зямлі ляцяць ракеты — значыць, не трэба мець з ім справу.

Гэта маральны такі момант, балючая рэакцыя, як і з гэтымі візамі, калі слова «беларус» ужо атаясамліваецца з «агрэсар». Будзем спадзявацца, што пасля ўсё гэта вернецца на колы свае, нармалізуецца — але, на мой погляд, павінен прайсці час, і немаленькі.

«Каб з падручнікаў не выкідвалі вершы…»

Генадзь заўсёды быў беларусам. І ўсё жыццё першаснай для яго была Беларусь — мы так і кніжку ўспамінаў пра яго назвалі з Сяргеем Шапранам, «Беларусь перадусім». Таму што сапраўды, што б ён ні рабіў — заўсёды галоўнай для яго была думка, што гэта патрэбна Беларусі сёння ці будзе патрэбна ў будучым.

Цяпер я спадзяваюся, што ў сувязі з 2020 годам беларушчына пашырылася. Не кажу пра палітычныя змены ці яшчэ што. Але любоў да сваёй радзімы, павагу да сваіх герояў, — вось на гэтыя зрухі я ўскладаю надзею.

— Ці шкадуеце пра нешта, што вам хацелася зрабіць разам, а не паспелі?

— Нават не ведаю. Што мы хацелі? Ды таго ж, што і ўсе — хацелася б убачыць росквіт культуры беларускай, павагу да яе народа.

Паэт пайшоў, але памяць засталася. І найлепшае ўшанаванне — чытаць яго вершы, спяваць песні («Калыханку», як ні стараліся ўлады і тэлебосы, так і не ўдалося прыбраць з тэлеэфіру. А «Завіруха» і многія іншыя песні на вершы Бураўкіна працягваюць гучаць па радыё).

— Хацелася б, канечне, больш — але як чалавек сціплы, больш нічога не прашу, — смяецца Юлія Якаўлеўна. — Вось каб яшчэ з падручнікаў не выкідвалі вершы, каб дзеці хоць прозвішча ведалі — і, можа, нейкі радок закрануў бы душу маленькага чалавека.

Каментары3

  • хамса і віно "гамза"
    28.08.2022
    некалі думала (і плакала), калі паміраў чалавек нераўнадушны да беларушчыны - як шкада, што чалавек памёр і не пабачыў лепшых часоў...
    а цяпер усё больш лаўлю сябе на думцы, што трохі зайдрошчу памерлым...
  • Паўстанне
    28.08.2022
    Так, цi думала шэрая маса сваiмi мазгамi каго абiрае у 1994, мазаiчны калгасны фашызм плаўна перацёк у фашызм расейскi, катаваннi i забойствы
  • Дудар
    28.08.2022
    Фотка да артыкула вельмі ўдалая.

Цяпер чытаюць

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных32

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, як выглядае Мінск перад Усебеларускім народным сходам14

Карлас Алос: Звальненне са зборнай Беларусі — абсалютна нечаканае2

Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам3

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня15

Трамп: Зяленскі — адзіны, каму не падабаецца наш план заканчэння вайны16

Пра што можа расказаць унікальная кафля, вывезеная з раскопак у Навагрудку ў Піцер19

«Надакучылі сустрэчы дзеля сустрэч». Трамп расчараваўся і ў Пуціне, і ў Зяленскім26

Кіраўнік стаўбцоўскай вертыкалі сабраў мясцовых бізнэсменаў на беразе Нёмана і прачытаў ім ідэалагічную лекцыю7

Зяленскі гатовы правесці рэферэндум па будучыні Данбаса10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных32

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць