Гісторыя

Вучоныя здолелі атрымаць генетычныя адбіткі пальцаў чалавека каменнага веку

Навукоўцы з дапамогай метадаў крыміналістыкі здолелі з прадметаў каменнага веку атрымаць генетычны матэрыял іх старажытных гаспадароў.

Зуб-падвеска з Дзянісавай пячоры
Від на праколаты зуб старажытнага аленя з Дзянісавай пячоры да і пасля апрацоўкі. Фота: nature.com

Пра гэта каманда вучоных з інстытута Макса Планка ў Ляйпцыгу паведаміла ў сваім артыкуле ў часопісе Nature.

Да гэтага для атрымання генетычнага матэрыялу палеагенетыкам неабходны былі чалавечыя парэшткі, адкуль можна атрымаць старую ДНК. Новая тэхналогія адкрывае новыя магчымасці.

Кіраўнік навуковай каманды Алена Эсель (Elena Essel) параўноўвае яе з пральнай машынай і мыйным сродкам на фасфатнай аснове. Па словах даследчыцы, ДНК можа быць аддзелена пры мыцці артэфактаў пры тэмпературы да 90 градусаў па Цэльсію.

Эсэль і яе калегі пагрузілі зуб жывёлы, знойдзены ў Дзянісавай пячоры ў Сібіры, які служыў у старажытнасці кулонам, у фосфарна-натрыевы раствор. Затым паступова павышалі тэмпературу. Як адзначаюць вучоныя, найбольшую колькасць фрагментаў ДНК чалавека было атрымана пры тэмпературы 90 градусаў па Цэльсію. У выніку, не парушыўшы сам артэфакт, удалося вызваліць невялікую колькасць генетычнага матэрыялу. Яго параўналі з іншымі наборамі старажытнай ДНК.

Такім чынам вучоныя па мітахандральнай ДНК, якая перадаецца ад маці да яе патомства, здолелі вызначыць, што зуб належаў канадскаму аленю (Cervus canadensis), які жыў 19-25 тысяч гадоў таму назад. Пад час носкі зуб уцягнуў у сябе пот уладальніцы ўпрыгожання.

Аналіз ядзернай ДНК паказаў, што жанчына, якая насіла кулон, належыць да Homo sapiens. Генетычна яна цесна звязаная са старажытнымі людзьмі Далёкага Усходу, так званымі «старажытнымі паўночнымі еўразійцамі».

Вучоныя адзначаюць, што першапачаткова не атрымалася правесці дакладны аналіз. Гэтаму перашкаджала забруджанасць наяўных артэфактаў генетычным матэрыялам археолагаў. Таму вучоныя сабралі артэфакты з раскопак на двух палеалітычных стаянках, дзе працягваюцца раскопкі.

Гэта пячора Бачо Кіра ў Балгарыі (там здабылі тры верхнепалеалітычныя падвескі з зубамі) і Дзянісава пячора ў Расіі (падвеска з зубам). Вучоныя працавалі ў пальчатках і масках. Самі знаходкі адразу запакоўваліся ў поліэтыленавыя пакеты.

Сама методыка, як тлумачаць вучоныя, распрацавана спецыяльна для костак і зубоў. Такі выбар тлумачыцца не толькі тым, што косткі і зубы порыстыя і, такім чынам, спрыяюць пранікненню цялесных вадкасцей (напрыклад, поту, крыві ці сліны), але і таму, што яны ўтрымліваюць гідраксілапатыт, які, як вядома, адсарбуе ДНК і зніжае яе дэградацыю шляхам гідролізу і актыўнасці нуклеазы. Гэта дазваляе генетычнаму матэрыялу са скуры і поту і іншых цялесных вадкасцей трывала замацавацца на паверхні.

Такім чынам, адзначаюць вучоныя, старажытныя косці і зубы могуць функцыянаваць як пастка не толькі для ДНК, якая вызваляецца ўнутры арганізма падчас яго жыцця і наступнага раскладання, але і для экзагеннай ДНК, якая трапляе ў матрыцу пасмяротна ў выніку мікробнай каланізацыі або пры апрацоўцы чалавекам.

Як адзначаюць вучоныя, новая методыка, нягледзячы на вялікія затраты, можа адкрыць шмат магчымасцяў для далейшага даследавання жыцця нашых продкаў. Яна дэманструе, што артэфакты, зробленыя з костак або зубоў, зʼяўляюцца раней нязведанай крыніцай ДНК старажытнага чалавека, якая можа даць інфармацыю аб паходжанні і біялагічным полу людзей, якія апрацоўвалі, пераносілі або насілі гэтыя прадметы ў глыбокім мінулым.

Яны таксама заклікалі археолагаў прымяняць пратаколы працаў, якія дазволяць працаваць з артэфактамі так, каб мінімізаваць забруджанне іх паверхні новым ДНК.

Чытайце яшчэ:

Новыя даследаванні генетыкаў змушаюць вярнуцца да расісцкіх тэорый аб «добрых» і «дрэнных» генах

Новы фенікс: навукоўцы блізкія да таго, каб уваскрэсіць вымерлы від птушак

Аналіз старажытнай ДНК выявіў, што вікінг — прафесія, а не этнас

Каментары

Цяпер чытаюць

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве затрымалі грузавік, у якім расійскія нумары мяняліся на літоўскія адным націсканнем кнопкі2

У мінулым годзе эмігранты перавялі ў Беларусь амаль 160 мільёнаў даляраў4

У Літве недалёка ад мяжы з Беларуссю ўночы ўпаў і выбухнуў дрон

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра24

Чаму закрыўся гарналыжны комплекс «Лагойск»5

Больш за 70% людзей у Астраўцы не супраць, каб у іх зрабілі могільнік радыеактыўных адкідаў — дзяржаўныя апытанні12

Зацвердзілі новыя правілы бытавога абслугоўвання

На экстранны збор на дапамогу вызваленым палітвязням сабрана ўжо 80 тысяч еўра5

Коўл: Канчатковага рашэння наконт запрашэння Лукашэнкі ў ЗША няма7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць