Гісторыя44

Выявілася, што саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч — родзіч аднаго з айцоў БНР

Леанід Барткевіч, шматгадовы саліст гурта «Песняры», не толькі паходзіць са шляхецкага роду, але і даводзіцца даволі блізкім сваяком старшыні Рады БНР. Гэта вынікае з матэрыялаў, апублікаваных аматаркай генеалагічных вышукаў Аленай Кароўчанкай у фэйсбуку.

Даследчыцы ўдалося адшукаць у архіве метрычны запіс пра шлюб прадзеда песняра, двараніна Рамуальда Барткевіча, юнака 23 гадоў, з дваранкай Антанінай Дабужынскай, дзяўчынай 22 гадоў, які адбыўся 9 красавіка 1874 года па старым стылі ў панявежскім касцёле. З Панявежа (цяпер горад Панявежыс у цэнтральнай частцы Літвы) паходзілі абое маладыя. 

У гэтым шлюбе нарадзілася пяцёра дзяцей: Рычард (1881), Марыя (1883), Іван (1886), Феліцыя (1892), Ядвіга (1896). Менавіта ад шлюбу старэйшага сына Рычарда з Ганнай з Майкоўскіх народзіцца ў 1925 годзе Леанід — бацька будучага песняра. 

Сямёра дзяцей Рычарда Барткевіча над труной сваёй маці Ганны, 1934. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Рычарда Рамуальдавіча, які жыў у Менску па адрасе вуліца Старажоўская, дом № 43, сталінскія карнікі арыштуюць у пачатку 1933 года і за антысавецкую агітацыю прысудзяць яму пяць гадоў папраўча-працоўных лагераў. Жонка Рычарда Рамуальдавіча памрэ ў наступным 1934 годзе. Сіротамі застанецца сямёра дзяцей. 

«Жанчына ў чорным» — Марыя Рамуальдаўна Крачэўская з Барткевічаў. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Да гэтай знаходкі даследчыцы краязнавец Сяргей Кнырэвіч, які жыве ў Празе, апублікаваў фота Марыі Рамуальдаўны Барткевіч, за які яна і «зачапілася» ў сваіх пошуках. Як высветлілася, Марыя ў анкеце, знойдзенай Кнырэвічам, пазначыла той жа мінскі адрас, што фігуруе ў картцы рэпрэсаванага Рычарда. Гэта ўжо не магло быць супадзеннем. І менавіта праз Марыю, сястру свайго дзеда Рычарда, саліст «Песняроў» павязаны сваяцтвам з дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пётра Крачэўскі, старшыня Рады БНР і стрыечны дзед песняра Леаніда Барткевіча. Фота: Wikimedia Commons

Рэч у тым, што Марыя ўзяла шлюб з Пётрам Крачэўскім. Цікава, што яна была каталічкай, а муж паходзіў з дынастыі праваслаўных святароў.

Крачэўскі стаяў ля самых вытокаў беларускай дзяржаўнасці і быў удзельнікам лёсавызначальнага Усебеларускага з’езда ў 1917 годзе. Пасля разгону з’езда ён увайшоў у Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, які пазней быў перайменаваны ў Раду БНР. У выканаўчым органе новай беларускай дзяржавы, Народным сакратарыяце Беларусі, Крачэўскі займаў пасаду народнага сакратара (міністра) фінансаў. 

Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі са сваёй жонкай Марыяй і дзяржаўным сакратаром урада БНР Уладзімірам Пракулевічам на сустрэчы беларускага нацыянальнага актыву ў Празе да 40-х угодкаў смерці В. Дуніна-Марцінкевіча, 30 снежня 1924 г. Фота: Wikimedia Commons

З канца 1919 года Пётра Крачэўскі быў старшынёй Рады БНР. З 1920 года — у эміграцыі ў Празе, дзе разам са старшынёй апынулася ў выгнанні і знаходзіцца дагэтуль Рада БНР. Тут ён склікаў Усебеларускую канферэнцыю, якая асудзіла ганебны для беларусаў Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Крачэўскі дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, якімі скарысталіся многія заходнебеларускія дзеячы.

У 1928 годзе Пётра Крачэўскі памёр і быў пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках. Вядома, што ўдава збірала сродкі на надмагільны помнік мужу, але застаецца загадкай, калі яна сама памерла і дзе пахаваная.

У 1920-я гады з’едуць з краіны і малодшыя сёстры Рычарда — Феліцыя і Ядвіга. Іх далейшы лёс таксама невядомы.

Генеалагічнае дрэва Барткевічаў. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Сын жа Рычарда, Леанід, пройдзе Другую сусветную вайну і ад атрыманых на фронце раненняў заўчасна памрэ за два месяцы да нараджэння сына. Відаць, праз цяжкую для маці страту хлопчык нарадзіўся раней за тэрмін — 25 мая 1949 года. Дактары былі ўпэўненыя, што ён не працягне доўга, але маці здолела яго выхадзіць. Хлопчыка назвалі ў гонар памерлага бацькі Леанідам. Пасталеўшы, ён кіне архітэктуру, якой вучыўся, і ў 1969 стане салістам звышпапулярных «Песняроў».

Леанід Барткевіч, Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок, 1970. Фота: кніга «Песняры» и Ольга»

Леанід Леанідавіч таксама пакіне і прыкметны генеалагічны след: у кожным з трох шлюбаў у яго народзіцца па сыне, яшчэ адзін — ад пазашлюбнай сувязі з фанаткай. Дарэчы, свайго другога сына ад беларускай гімнасткі Вольгі Корбут ён назаве Рычардам у гонар свайго рэпрэсаванага дзеда.

Леанід Барткевіч памёр у 2021 годзе. Ëн, які доўгія гады пражыў у асяроддзі беларускай дыяспары ў ЗША і шмат спяваў у беларускіх асяродках, не мог і падумаць, што Рада БНР, якая знаходзіцца ў выгнанні з часоў старшынства ягонага дзеда, будзе прызнаная карнымі органамі рэжыму Лукашэнкі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

 

 

 

Каментары4

  • Гусляр
    13.06.2023
    Відаць, таму і сын у Лёні з Вольгай Рачард...
  • mikola
    13.06.2023
    Korbut zbila jago z darogi...Byu by z *Pesnjarami*....
  • версальскі бадзяга
    14.06.2023
    Цікавы артыкул, дзякуй.

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў11

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўцы былі цвярозыя. Што вядома пра аварыю аўтобуса пад Варшавай, у якой пацярпеў беларус

Азаронак так стараўся хутчэй расхваліць Лукашэнку, што спехам запосціў крамолу13

Трамп дапусціў, што можа перайсці на бок Украіны10

У беларускіх гарадах выстройваюцца гіганцкія чэргі на канцэрты расійскага артыста Лазарава18

«Раcтрушчэнне галавы». Сталі вядомыя прычыны смерці беларусаў, якія ваявалі за Расію8

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА18

Вынеслі на абмеркаванне праект разбудовы мінскай Серабранкі2

У Парыжы пачаўся суд над «дзядамі-грабежнікамі», якія амаль дзесяцігоддзе таму абрабавалі Кім Кардаш'ян1

«Яны былі мацнейшыя за артылерыю». Зяленскага параўноўваюць з Чэрчылем, але каго на самай справе ён лічыць кумірам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў11

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць