Меркаванні77

У каметы на хвасце

Ласкава запрашаем у 1910! Што адбывалася 100 гадоў таму?

Ласкава запрашаем у 1910! Што адбывалася 100 гадоў таму?

Што чакае нас у наступным годзе? Бог яго ведае. Але каб хоць неяк зняць напружанне, для вялікіх аматараў дазнацца свайго лёсу наперад, для зямлянаў, мы распавядзем, як склаўся і чым вылучыўся папярэдні 10-ы год (той, што пачаўся роўна 100 гадоў таму). Ласкава запрашаем у 1910!

Пачнём спачатку: з першага нумара «Нашай Нівы» за 1910 год. «У 1910 годзе з’явіцца на небе камета, — пісаў аўтар, схаваны пад псеўданімам Пядаеў. — Забабонныя людзі кажуць, што камета з’яўляецца перад якім-небудзь няшчасцем, а ёсць і такія, каторыя думаюць, быццам камета наляціць на зямлю, і наступіць канец свету…»

Гэта пра камету Галея, якая ў той год праляцела блізка ля Зямлі. Што, вядома, не магло не адбіцца на беларусах: 6 красавіка 1910 года ў Навагрудку нарадзіўся будучы фізік, распрацоўшчык рэактыўнага паліва для касмічных караблёў Барыс Кіт. Ён зрабіў кар’еру ў касмічным агенцтве ЗША. З Беларусі ён з’ехаў у 1944 г. Пры Сталіне яго як заходнебеларускага інтэлігента чакала куля ў патыліцу, і ён, разумны чалавек, тое адчуваў. За распрацоўку чаўнака «Апалон» Кіт атрымае званне ганаровага жыхара Навагрудка.

А праз чатыры месяцы і тры дні, 9 жніўня, у той самы год у у маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласці (цяпер Ваўкавыскі раён) нарадзілася паэтка, адзначаная каметай, — Ларыса Геніюш. Пасля арышту ў Празе, допытаў Цанавы, які патрабаваў ад яе выдаць архівы БНР, і канцлагераў на Інце яна прынцыпова адмовілася прымаць савецкае грамадзянства. Так і дажывала ў Зэльве, цкаваная КГБ. І трапіла ў гісторыю літаратуры як беларуская несавецкая паэтка.

Больш людскасці

Увогуле, у 1910 годзе камета не чыніла надта вялікіх шкодаў. Наадварот: дазволіла чалавецтву перад навалай усяленскіх катастроф павялічваць свае запасы чалавечнасці.

Па-першае, 26 жніўня ў Македоніі нарадзілася дабрадзейка сусветнага маштабу маці Тэрэза.

Па-другое, гэты год адзначыўся апошнім ужываннем гільяціны ў заходнім свеце. Было тое 23 лістапада ў Швецыі, а галавы пазбыўся Ёхан Альфрэд Андэр — гвалтаўнік і забойца.

Па-трэцяе, у гэты год 21 чэрвеня прыйшоў на свет забаўляльнік і суцяшальнік соцень тысячаў тых, хто праз трыццаць з нечым гадоў пойдзе на верную смерць. Маем на ўвазе смаленскага паэта Аляксандра Твардоўскага. У адрозненне ад міфічнага чарнакніжніка пана Твардоўскага, таварыш Твардоўскі мог смела насіць званне белакніжніка: ягоныя паэмы пра Цёркіна зробяцца адхланнем і забавай між жахаў Другой сусветнай. Дарэчы, у свой час Твардоўскі, ужо як літаратурны генерал, дзе мог, спрыяў Васілю Быкаву.

Мусіць, тым годам зямля не змагла вытрымаць вялікай колькасці народжаных знакамітасцяў, і, заручыўшыся падтрымкай каметы, прыбрала са свайго аблічча Марка Твена — аўтара «Тома Соера», «Гекльберы Фіна» і выслоўя «чуткі пра маю смерць моцна перабольшаныя».

Дадамо, што нарадзіўся пісьменнік у год папярэдняга з’яўлення каметы, у 1835. Незадоўга перад смерцю Марк Твен зазначыў: «Цяпер, убачыўшы камету і мяне, Усёмагутны скажа: «Ну, ведаеце: ізноў гэтыя дзве дурныя булдавешкі з’явіліся разам!.. А як яны разам прыйшлі, дык, пэўна, трэба, каб яны разам і сышлі». Памёр Марк Твен 21 красавіка.

Воля для чарнагорцаў і белых афрыканцаў

У год каметы белыя жыхары Паўднёвай Афрыкі, буры, стрэслі з сябе англійскае панаванне. Перамога бураў прынесла апартэід. Зняволенне Нэльсана Мандэлы будзе няхутка. Пакуль жа ў Букінгемскім палацы, не вытрымаўшы страты калоніі, памёр кароль Эдуард VII, а на ягонае месца заступіў Георг V. Праз паўгода да яго на Імглісты Альбіён пераехаў экс?кароль Партугаліі Мануэль ІІ. Як нябесныя сілы выпраўляюць у дарогу каметы, так уласныя падданыя надалі яму паскарэнне, абвясціўшы рэспубліку 5 кастрычніка 1910 года.

У той год захацелася свабоды і чарнагорцам. Праўда, іх разуменне свабоды рознілася ад партугальскага: 28 жніўня паўстала незалежнае каралеўства Чарнагорыя на чале з Міколам І (не блытаць з Раманавым). Чарнагорская манаршая вольніца працягнулася ўсяго восем гадоў. Пасля іх да сваёй федэратыўнай дзяржавы далучылі сербы. Назад незалежнасць чарнагорцы змаглі забраць толькі ў 2006 г., тым самым спыніўшы існаванне той югаслаўскай федэрацыі.

Купала або Колас?

Мяркуючы па частотнасці згадак на топ?лістах першай беларускай газеты з рысункамі — адназначна Янка Купала. 28?гадовы паэт актыўна друкаваўся ў 1910?м: пацешыў у траўні «Курганом», 8 ліпеня — паэмай «Адвечная песня», а ў кастрычніку — зборнікам «Гусляр». У ягонага аднагодкі Якуба Коласа за 1910?ы ўсяго толькі выйшаў у Вільні зборнічак «Песні жальбы». Зрэшты, у Коласа была паважная прычына для творчай пасіўнасці. 1910 год, як і папярэднія два, ён таптаў Пішчалаўскі замак, куды быў пасаджаны царызмам за арганізацыю несанкцыянаванага настаўніцкага сходу. Адзін у адзін як удзельнікі «незраэгістраваных арганізацый» і іншыя «экстрэмісцкія элементы» нашага часу.

Нічога не нагадвае?

Пакуль вынаходнік канвеера і паспяховы бізнэсовец Генры Форд прадаваў у свеце нечуваную раней колькасць аўто (ажно 10 тысяч!), у Расійскай імперыі скончылася дзеянне закона 1897 года аб нізкіх мытах на сельскагаспадарчыя машыны, «каторыя выпісваюцца з заграніцы».

Раней пры набыцці машыны замежнай вытворчасці мыты спаганяліся цалкам прымальныя: 75 капеек за кожны пуд вагі лакамабіля (не блытаць з аўтамабілем, гэта паравая машына) або паравой малацілкі. Усе астатнія жаткі, сячкарні, малацілкі на конскай цязе, сеялкі і веялкі перавозіліся праз мяжу абсалютна бясплатна. У 1910 годзе падатак на лакамабілі і паравыя машыны падняўся да 3 рублёў 20 капеек з кожнага пуда вагі (аб’ём рухавіка, ці то паравога катла, тады не мералі), а на «іншыя» машыны — да 1 рубля 50 капеек за пуд.

Падвышэння патрабавалі расійскія вытворцы, бо ў імперыі зрабіць машыну каштавала даражэй з прычыны адсталасці тэхналогій. Сабекошт пуда машыны за мяжою быў 3 рублі 13 капеек, а расійскіх — аж 6 рублёў. «Машыну трэба купіць, а, купляючы, пераплачваць удвая толькі дзеля таго, каб падтрымаць расійскіх фабрыкантаў коштам сельскіх гаспадароў», — абуралася тады «Наша Ніва». І дагэтуль абураецца.

Не глядзіце на Льва

Год каметы не спрыяў падарожжам. Класік сусветнай літаратуры Леў Талстой у кастрычніку вырушыў з Яснай Паляны, а праз колькі тыдняў быў знойдзены сваякамі на маленькай станцыі Астапава, хворы на запаленне лёгкіх і пры сконе. Апошнімі словамі 82-гадовага пісьменніка былі: «Толькі адно раю вам памятаць: ёсць процьма людзей на свеце, акрамя Льва Талстога, вы ж глядзіце на аднаго Льва».

Металічны радый і 8 сакавіка

Камета спрыяла жанчынам. Напрыклад, Марыя Складоўская?Кюры вынайшла новы хімічны элемент — металічны радый і даследавала яго ўласцівасці. Яна ж стала адной з першых ахвяр такой памятнай у ХХ стагоддзі радыяцыі. Але мы пра іншае: дзякуючы дасягненням жанчынаў у розных галінах дзейнасці, сусветная жаночая супольнасць у 1910 г. нагэтулькі ўвабралася ў сілу, што наважылася прапанаваць мужчынам прызначыць 8 сакавіка Міжнародным жаночым днём. Гэтую прапанову агучыла Клара Цэткін на другім Інтэрнацыянале ў Капенгагене.

Праз сем гадоў у Пецярбургу святкаванне МЖД вылілася ў жаночы страйк, які некаторыя гісторыкі лічаць пачаткам Лютаўскай рэвалюцыі і краху імперыі. На думку сучасных феміністак, нічым добрым усё гэта не скончылася: у краіне, якую беларусы атрымалі ў выніку, ідэя Клары Цэткін ператварылася ў патрыярхальнае шанаванне «слабога полу» з рэверансамі ў форме адзінага на год гатавання вячэры (сняданку) і разавага вынасу смецця…

Працяг быў і будзе

Мусім пагадзіцца з аўтарам нашаніўскага артыкула: «забабонныя людзі» памыляліся, і чуткі пра канец свету ў 1910 г. былі моцна перабольшаныя. Хоць гасцяванне каметы супала з лакальнымі пераменамі ды нараджэннем асобаў, якія паўплывалі на лёс чалавецтва. Пядаеў падсумоўвае: «Калі рух каметы Галея адбываецца такім спосабам, што астраномы на многа гадоў наўперад могуць вылічыць, якой дарогай будзе ісці камета, то ясная рэч, што камета не мае нічога супольнага з усім тым, што робіцца ў нас на зямлі».

Аўтар трымаўся пазітывізму. Прыхільнікі гэтай тэорыі вераць, што кожнай з’яве ёсць навуковае тлумачэнне ды, па вялікім рахунку, усё ў нашых руках. Такой пазіцыі трымаецца і цяперашняя «Наша Ніва». З Новым годам!

Павал Касцюкевіч, Алесь Пілецкі

Каментары7

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню27

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

Рамзан Кадыраў ледзь не патануў на адпачынку ў Турцыі9

Крывавая страляніна: што адбываецца паміж Камбоджай і Тайландам?

«Казахстанскі квартал» і новабудоўлі ў Чыжоўцы, Масюкоўшчыне, Лошыцы. Як будзе забудоўвацца Мінск3

Галоўны трэнер «Нёмана» выканаў дзіўны танец пасля перамогі ў матчы Лігі канферэнцый

«Змагла развітацца па-людску». У Польшчы ў беларускі памёр муж — яна расказала, як даставіла прах на радзіму і арганізавала пахаванне

Банкаўскія інсайдары лічаць новыя санкцыі супраць чатырох беларускіх банкаў малазначнымі. І вось чаму11

Францыя вырашыла прызнаць Палесцінскую дзяржаву. Ізраіль заявіў, што гэта «ўзнагарода за тэрарызм»15

Каранавірус паскорыў старэнне мозгу нават у тых, хто не хварэў4

Мінскае «Дынама» без шанцаў прайграла албанскай «Эгнаціі»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню27

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць