Меркаванні7979

Калі ў Заходняй Еўропе не крызіс, то што такое крызіс?

На фоне паўторнага абрання Трампа прэзідэнтам ЗША, многія праецыруюць досвед 2017—2021 гадоў, складаныя адносіны Трампа з Еўропай, на цяперашні час. Між іншым людзі ўпускаюць адну важную дэталь: наколькі вырасла эканамічная прорва паміж Амерыкай і стагнуючай Заходняй Еўропай, наколькі іхныя патэнцыялы непараўнальныя зараз, наколькі Еўропа слабейшая, піша Аляксей Быкаў.

Людзі праходзяць міма флагманскай крамы італьянскага дома моды класа люкс Gucci, Мілан, Італія. Фота: Emanuele Cremaschi / Getty Images

Дысклэймер! Я ведаю, што ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупальніцкай здольнасці не ідэальны індыкатар эканамічнага развіцця. Я ведаю, што няроўнасць у ЗША высокая, і эканамічнае багацце размеркавана нераўнамерна. Ведаю пра ўсе праблемы амерыканскай сацыяльнай сферы, медыцыны, адукацыі. Якой бы неідэальнай ні была гэтая метрыка, пэўныя ўяўленні пры параўнанні эканамічнага развіцця і агульнай эканамічнай сітуацыі ў несыравінных постындустрыяльных краінах яна дае.

Акрамя таго, пры ўсёй неідэальнасці размеркавання багацця ў Амерыцы, не думаю, што ў гэтым нераўнамерным размеркаванні крыецца прычына эканамічнага дынамізму краіны. Сувязь паміж нераўнамернасцю багацця і эканамічным дынамізмам калі і існуе, то яна складаная і нелінейная.

І тут Заходняя Еўропа (менавіта Заходняя, ва Усходняй усё па-іншаму) выглядае вартай жалю са сваімі макраэканамічнымі паказчыкамі. Млява выглядае не толькі Паўднёвая Еўропа, але і больш дынамічная Поўнач.

Вось толькі некалькі шакавальных фактаў, наколькі Заходняя Еўропа ў стагнацыі ў параўнанні з Амерыкай.

1. У 1990-ыя гады Заходняя Еўропа і ЗША былі прыблізна на адным узроўні па ВУП на душу насельніцтва, зараз жа Заходняя Еўропа недзе на 30% бяднейшая

2. У 2008 годзе еўразона (тады да яе яшчэ не далучыліся краіны Балтыі, Славаччына, Харватыя) і эканоміка ЗША былі плюс-мінус роўнымі: $14.2 трыльёна і $14.8 трыльёна. У 2023 годзе: $15 трыльёна ў Еўразоне (разам з новымі дынамічнымі постсацыялістычнымі краінамі) супраць $26.9 трыльёна ў ЗША. 

3. Місісіпі — найбяднейшы амерыканскі штат, але ягоныя жыхары зарабляюць у сярэднім больш, чым брытанцы, канадцы ці немцы. Па ВУП на душу насельніцтва Італія знаходзіцца на ўзроўні Місісіпі, Францыя на ўзроўні Айдаха і Арканзаса (48 і 49 месца), нават Нямеччына пляцецца на ўзроўні дэпрэсіўнай Аклахомы. З Каліфорніяй, Тэхасам ці Н'ю-Ёркам няма чаго і параўноўваць

4. Існуе вялікая спакуса апраўдаць млявыя эканамічныя паказчыкі Заходняй Еўропы больш раўнамерным размеркаваннем багацця, барацьбой з беднасцю і несправядлівасцю. Але банальная праверка індэксаў Джыні паказвае, што за апошнія дзесяцігоддзі больш сацыяльна арыентаванай Заходняя Еўропа таксама не стала, няроўнасць там плюс-мінус стабільная.

5. Існуюць краіны, дзе ўзровень жыцця за адно пакаленне не проста застаўся на адным узроўні, але і ўпаў. Яскравы прыклад — багатая (гістарычна) Італія, са сваім высакакласным машынабудаваннем, дызайнам, турыстычным патэнцыялам і кухняй. Толькі ўдумайцеся: з 1990 па 2020 год рэальныя (з улікам інфляцыі) заробкі італьянцаў паменшалі на 2,9%. Пры ўсіх глабальных інавацыях, дзеці жывуць горш за бацькоў. 

6. Пра рыначную капіталізацыю тут нават няма чаго параўноўваць. У Еўропе ёсць класныя паспяховыя кампаніі ў фармацэўтыцы (Novo Nordisk, якая робіць лекі для пахудзення Ozempic, таксама Sanofi, Roche), люксавых брэндах (Louis Vuitton, Hermes), касметалогіі (L'Oreal), прыстойна выглядае Airbus. Але ў сферы інфармацыйных тэхналогій і стартапаў — поўны швах. Найбольшую капіталізацыю маюць нямецкі SAP, заснаваны 51 (!!!) год таму, а таксама галандская ASML (крутая кампанія, якая робіць станкі для вытворчасці мікрасхем) — па 260—270 мільярдаў даляраў.

Але нават гэтыя найбольш паспяховыя кампаніі — проста нішто ў параўнанні са шматтрыльённымі капіталізацыямі амерыканскіх гігантаў. Найбольшыя еўрапейскія кампаніі — старыя legacy кампаніі, арыентаваныя на спажыўца (gsk, Roche, Nestle and Louis Vuitton), а не на тэхналагічныя інавацыі.

7. У Еўропе няма сваіх Амазонаў, няма Гуглаў, няма Эплаў, няма Фэйсбукаў, няма Майкрасофтаў, няма сваёй Nvidia. І тут, у плане стварэння лічбавых экасістэм, Еўропа ганебна адстае не толькі ад Амерыкі, але і ад Кітая, Паўднёвай Карэі і нават Расіі (якія свае лічбавыя экасістэмы ў той ці іншай форме маюць). Нават Расія змагла нарадзіць свае Яндэкс і Wildberries, пакуль Еўропа і свайго не стварыла, і на чужым (амерыканскім) сядзіць. Дай Бог, нешта зможа стварыць Францыя са сваім Mistral AI.

8. Існуе стэрэатып, што амерыканцы нашмат менш адпачываюць, чым іх калегі ў Еўропе, што там горшы баланс паміж жыццём і працай і што ў гэтым крыецца прычына амерыканскага багацця. Амерыканцы і праўда працуюць больш, але нават пры пагадзінным падліку выходзіць, што прадукцыйнасць працы ў Амерыцы нашмат вышэйшая, чым у Еўропе. З 1990 года яна вырасла на 73% у Амерыцы. Хаця яшчэ да пачатку 2000-ых у еўразоне прадукцыйнасць працы была вышэйшай за амерыканскую.

9. Заходняя Еўропа імкліва губляе нават тыя перавагі, якія ў яе захоўваліся да апошняга. Яскравы прыклад — гэта тое, што зараз адбываецца з еўрапейскай (у першую чаргу нямецкай) аўтамабільнай індустрыяй. Нямецкі Volkswagen не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі (не толькі ў пытанні цаны, але і якасці!) з кітайскімі электракарамі, і ўпершыню за сваю гісторыю вымушаны закрываць свае заводы і скарачае дзясяткі тысяч людзей. Скарачэнні іншых аўтаканцэрнаў — пытанне часу.

10. Асобная песня — Нямеччына. Доўгі час яна зберагала ілюзію і выглядала ўзорам эканамічнай стабільнасці на фоне Паўднёвай Еўропы. І толькі цяпер становіцца відавочным, якім надзьмутым зверам яна была.

Цяпер, сутыкнуўшыся з дэфіцытам энергіі, канкурэнцыяй з боку Кітая і перспектывай увядзення Трампам тарыфаў на імпарт, эканоміка валіцца як картачны дамок. Уся хвалёная нямецкая эканоміка аказалася негатовай да кітайскіх (!!!) электрамабіляў і высокіх цэн на газ (проста згадайце, як Нямеччына сама адраклася ядзернай энергетыкі і як нямецкія палітыкі рагаталі з папярэджанняў Трампа не абапірацца ў пастаўках газу на Расію).

Сектар абароны развалены (пра варты жалю стан Бундэсвера шмат артыкулаў у прэсе). Маючы найлепшых інжынераў у свеце, краіна не ўмее ў тэхналагічныя інавацыі. Увесь дабрабыт часоў Меркель трымаўся на танных расійскіх энергарэсурсах і доступе да кітайскага рынку.

Меркель прасядзела на пасадзе 16 гадоў і займалася чым заўгодна (у тым ліку валюнтарысцкім актывізмам), толькі не рэформамі і лічбавізацыяй краіны, чым толькі праклала сцежку для з'яўлення на палітычнай сцэне правых рэакцыянераў з AfD.

На яе фоне нават куплены пазней Расіяй Шродар узору 1998—2005 гадоў выглядаў рэфарматарам і прагматыкам.

11. На ўсё апісанае вышэй можна знайсці апраўданне: маўляў, Еўропа неаднародная, і ёсць у Еўропе краіны, багацейшыя за Амерыку. Усе тут любяць згадваць Скандынавію. І гэта праўда. Але праўда яшчэ і ў тым, што ў 1990-ыя, і нават у 2000-ыя краін, багацейшых за ЗША, было нашмат больш.

І нават хвалёная Скандынавія (з яе ліберальнай рынкавай эканомікай і мінімумам рэгуляцый) выглядае кволай. У 2008 Швецыя была багацейшай за Амерыку (56 тысяч даляраў ВУП на душу насельніцтва ў Швецыі супраць 46k у Амерыцы). 2023 год: у Швецыі ўсё тыя самыя 56 тысяч даляраў, а Амерыка паляцела ў космас са сваімі 82k даляраў. У падобных паўночнаеўрапейскіх краінах сітуацыя аналагічная.

Адзінай некарлікавай еўрапейскай краінай, якая як была, так і застаецца істотна багацейшай за ЗША (без уліку нафтавай Нарвегіі і афшорнай Ірландыі) з'яўляецца Швейцарыя, якая, як усім вядома, не проста так усімі спосабамі пазбягае ўступлення ў ЕС і гарманізацыі эканамічнай і міграцыйнай палітыкі з гэтым утварэннем.

Беручы пад увагу вышэйзгаданыя факты, як гэта можна яшчэ назваць як не крызіс і дэградацыя? Колькі яшчэ часу на кантыненце будуць рабіць выгляд, што Tout va très bien, Madame la Marquise («Усё выдатна, цудоўная маркіза»)? Чаму з еўрапейскіх топ-палітыкаў пра гэта згадваюць адзінкі, кшталту Марыё Драгі?

Усе амерыканскія праблемы (з якіх так любяць кпіць еўрапейцы) у выглядзе неэфектыўнай медыцынскай сістэмы, дарагіх авіяпералётаў, большай колькасці гвалту на вуліцах — кепскае апраўданне для эканамічнай дэградацыі Заходняй Еўропы.

Каментары79

  • o_o
    28.11.2024
    Усё так, і будзе далей горш, пакуль пры ўладзе там левакі
  • Цьху
    28.11.2024
    Не бачу сэнсу каментаваць трызненне ў тэксце. Проста прывяду лічбы каб паказаць хлусню ў артыкуле.

    Лічбы ў артыкуле: «У 2008 Швецыя была багацейшай за Амерыку (56 тысяч даляраў ВУП на душу насельніцтва ў Швецыі супраць 46k у Амерыцы). 2023 год: у Швецыі ўсё тыя самыя 56 тысяч даляраў, а Амерыка паляцела ў космас са сваімі 82k даляраў».

    Лічбы GDP (PPP) per capita за 2023 год з сайта World Bank:
    🇺🇸 United States - 81,7K

    🇳🇱 Netherlands - 78,2K
    🇩🇰 Denmark  - 76,7K

    🇸🇪 Sweden - 70,2K

    То бок аўтар схлусіў наконт данных ВУП PPP Швецыі на 14K. Які сэнс чытаць яго трызненне і хлусню, гэта ж не лукашысцкая СБ, каб так нахабна тут хлусіць.
  • Crowbee
    28.11.2024
    Краіны ЕЗ узвалілі на свае плечы такі "мех", як дзяржавы цэнтральнай Еўропы, былых сатэлітаў савецкай імперыі і ейных рэспублік з балтыйскага рэгіёну. Пацікаўцеся, колькі краінаў акцэптараў павісла й вісіць на ўтрыманьні донараў. А гэта ж чорная дзірка, асабліва Польшча. Таму няма нічога дзіўнага, што пасьля 2004 ЕЗ тармазнуў, у параўнаньні з ЗША. Дадайце сюды яшчэ й крызыс 2008, які адбыўся неўзабаве, і які ўтварылі перш за ўсё амерыканцы, ён ударыў ЕЗ значна мацней, чым саміх амэраў, а Кітай амаль не закрануў... Аўтар зусім не спрабуе разабрацца ў аб'ектыўных прычынах, насыпаў сухіх лічбаў, і спажывай, шаноўны чытач. Не цікава.

Цяпер чытаюць

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці3

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, як упрыгожаць Кастрычніцкую плошчу да 9 мая ФОТА24

У Кітаі прайшоў паўмарафон з удзелам робатаў і людзей. У людзей атрымалася лепш

Знакамітую крывую царкву ў Кажан-Гарадку рамантуюць сайдынгам і шлакаблокамі ФОТЫ9

Велікоднае перамір’е скончылася, Расія зноў запускае беспілотнікі і ракеты

Трамп: Спадзяюся, Расія і Украіна дасягнуць пагаднення на гэтым тыдні5

Галоўчанка паразважаў, чаму беларусы лічаць цэны ў далярах, а расейцы — не13

Зяленскі прапануе Расіі падоўжыць забарону на дальнабойныя ўдары на 30 дзён

Італьянец пераехаў у беларускую вёску і пачаў пячы сапраўдную піцу на дровах7

Брамніка «Дынама», якому кідаў шайбы Лукашэнка, не пусцілі на лёд «праз парушэнне рэжыму»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці3

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць