Навука і тэхналогіі33

10 сэптыльёнаў гадоў за 5 хвілін. Створаны наймацнейшы квантавы чып у свеце

Новы квантавы чып ад кампаніі Google пад назвай Willow здолеў здзейсніць амаль немагчымае — за пяць хвілін вырашыць вылічальную задачу, на якую яшчэ ўчора спатрэбіўся б час, эквівалентны 700 трыльёнам узростаў Сусвету. Стварэнне чыпа ўжо называюць сапраўднай рэвалюцыяй.

Рэвалюцыйны квантавы чып Willow. Фота: Google

Новая распрацоўка ад кампаніі Google, квантавы чып пад назвай Willow, стала сапраўдным прарывам у навуцы. Працэсар памерам усяго чатыры квадратныя сантыметры здольны ператвараць фантастыку ў рэальнасць, піша часопіс Nature.

Па словах навукоўцаў і кіраўніцтва Google, новы чып выкарыстоўвае 105 кубітаў (квантавыя біты ўжываюцца ў квантавых кампутарах замест лічбавых нулёў і адзінак) і ўжо прайшоў паспяховыя выпрабаванні.

Пяць хвілін спатрэбілася Willow для вырашэння грандыёзнай вылічальнай задачы, з якой найлепшыя суперкамп'ютары планеты далі б рады толькі за 10 сэптыльёнаў гадоў (лічба з 22 нулямі), ці 10 квадрыльёнаў мільярдаў гадоў, што ў 700 трыльёнаў разоў перавышае цяперашні ўзрост Сусвету (13,8 мільярдаў гадоў).

Ужо праз пяць гадоў, калі з'явіцца больш стабільная і дасканалая інфраструктура для квантавых вылічэнняў, чып Willow зможа запрацаваць паўнавартасна і змяніць само ўспрыманне навукі, адзначае Nature.

Любыя квантавыя чыпы патрабуюць звышнізкіх тэмператур, блізкіх да абсалютнага нулю (—273,15°C). Гэта звязана з неабходнасцю зніжэння цеплавога шуму, які можа знішчыць квантавы стан кубітаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца крыастаты — прылады, якія забяспечваюць такія нізкія тэмпературы.

Для працы квантавага чыпа таксама неабходны складаны лабараторны комплекс, які ўключае:

  • Сталае ахаладжэнне.
  • Электронныя кантрольныя сістэмы (лазеры, мікрахвалевыя імпульсы ці магнітныя палі).
  • Экранаванне ад вонкавых перашкод (касмічныя прамяні, а таксама радыеактыўнае і ўльтрафіялетавае выпраменьванне).
  • Высокадакладныя інструменты для вымярэння і кіравання квантавымі працэсамі.
Інфраструктура аднаго з еўрапейскіх квантавых кампутараў. Фота: Adri Salido/Anadolu Agency via Getty Images

Па словах даследчыкаў, чып Willow можа істотна паскорыць распрацоўку тэрмаядзерных рэактараў і крыніц новай чыстай энергіі, а таксама неацэнна паспрыяць развіццю штучнага інтэлекту і стварэнню інавацыйных лекаў. Чакаецца, што дзякуючы гэтай тэхналогіі медыцынскія спецыялісты змогуць счытваць вынікі МРТ-сканавання з дакладнасцю да атама, адкрываючы пры гэтым новыя масівы даных пра чалавечы арганізм і захворванні.

Аднак у Willow, як і ў іншых квантавых тэхналогій, ёсць і цёмны бок: яны змогуць лёгка і хутка ўзламаць самыя дасканалыя і найскладанейшыя сістэмы шыфравання, якія абараняюць сусветны інтэрнэт, міжнародную банкаўскую сістэму і крытычную інфраструктуру ўрадаў краін, у тым ліку звязаную з ядзернай зброяй.

«Эксперты па бяспецы гадамі працуюць над вырашэннем гэтай патэнцыйнай праблемы, распрацоўваючы новыя стандарты постквантавага шыфравання», — адзначае кіраўніцтва кампаніі Google.

Каментары3

  • А
    14.12.2024
    Willow не зьяўляецца самым моцным QPU у сьвеце, і бэнчмарк RCS, які Гугл ужыў для дэманстрацыі магчымасьцяў свайго QPU - не мае аніякага практычнага сэнсу. Практычныя квантавыя алгарытмы як, напрыклад, алгарытмы Шора ці Гровера, гэты Willow выканае на ўзроўні, які вы зможаце выканаць у сабе на ноўце з дапамогай сымуляцыі ў qiskit. Сучасны ноўт лёгка засымулюе каля 25-і ідэальных лагічных кубітаў, і Гуглу да такога ўзроўня яшчэ як да Амэрыкі ракам.
  • Камэнтатар
    14.12.2024
    Бэсараб жа пісаў, што гэта чухня, навошта вядзецеся?
  • Галя
    14.12.2024
    Камэнтатар, хто такі Бэсараб?

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

Коўл пра перамовы з Лукашэнкам: Гаварылі пра будучыню і пра тое, як нармалізаваць адносіны18

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію51

Прэм’ер-міністр Тайланда заявіў, што вайна з Камбоджай працягнецца

Чэлентана, Беёнсэ, Лэдзі Гага і нават «Ласкавы май» — што ў плэйлісце Нікола Пашыняна

На юрфаку БДУ па-ціхаму разжалавалі дэкана-даносчыка2

У Індыі фанаты ўчынілі пагром пасля сарванага выхаду Ліянэля Месі1

Сустрэча Лукашэнкі і Коўла працягваецца сёння5

ЕС адмовіўся ад забароны бензінавых аўтамабіляў да 2035 года

Украіна вырашыла да канца года ліквідаваць інтэрнацыянальныя легіёны11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні69

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць