У Польшчы 11 чалавек будуць судзіць за афармленне фальшывых дакументаў для ДНЖ і віз. Іх паслугамі карысталіся і беларусы
Акруговы суд Варшавы разгледзіць крымінальную справу супраць членаў злачыннай групы, якая выдавала замежнікам фальшывыя дакументы для атрымання дазволу на жыхарства (ДВНЖ) і віз. На лаве падсудных 11 чалавек: васьмёра грамадзян Украіны і трое грамадзян Польшчы, піша Most.

Следства ўстанавіла, што злачынная група дзейнічала ў 2017—2019 гадах. За гэты час яе паслугамі скарысталіся многія замежнікі, пераважна украінцы і беларусы, а таксама грамадзяне Індыі, Бангладэш, Непала, Ганы, Азербайджана, Нігерыі, Узбекістана, Грузіі і Марока.
Членаў групы абвінавачваюць у садзейнічанні незаконнаму ўезду і знаходжанню замежнікаў у Польшчы, а таксама ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. Грамадзяніну Польшчы ўкраінскага паходжання, якога следства лічыць кіраўніком групы, дадаткова інкрымінуюць пагрозы збіццём і незаконным пазбаўленнем волі з мэтай уздзеяння на іншага абвінавачанага.
Следчыя дзеянні працягваліся больш за два гады. З Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення былі канфіскаваны і вывучаны 1600 спраў аб выдачы замежнікам дазволаў на пражыванне і працу.
Згодна з Крымінальным кодэксам Польшчы, за ўдзел у арганізаванай злачыннай групе пагражае ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўлення волі, а за кіраўніцтва такой групай — ад 2 да 15 гадоў.
Восем падазраваных прызналі віну і пагадзіліся на добраахвотнае адбыванне пакарання. У Польшчы гэта магчыма, калі абвінавачаны прызнае сваю віну і ўсе акалічнасці злачынства.
Каментары