Свет44

Хто такі Кіт Келаг, ад меркавання якога залежыць лёс міру ва Украіне

За плячыма 80-гадовага генерала — войны ва В'етнаме і Персідскім заліве, камандаванне сіламі спецыяльных аперацый у Еўропе, праца ў адной з вядучых сусветных IT-кампаній і паспяховая палітычная кар'ера.

Keith Kellogg Кіт Келаг Кит Келлог
Кіт Келаг. Фота: Siavosh Hosseini / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Кіт Келаг нарадзіўся 12 мая 1944 года на ваеннай авіябазе ў Дэйтане (штат Агаё) у сям'і ваеннага. Яго бацька служыў у Ваенна-паветраных сілах ЗША, таму сям'я часта пераязджала.

Пасля заканчэння школы ў Лонг-Біч (Каліфорнія) Келаг атрымаў ступень бакалаўра паліталогіі ва Універсітэце Санта-Клары ў 1966 годзе. Паралельна з вучобай малады чалавек прайшоў падрыхтоўку ў Корпусе падрыхтоўкі афіцэраў запасу (ROTC). Пазней, у 1976 годзе, Келаг атрымаў ступень магістра міжнародных адносін ва Універсітэце Канзаса.

Ваенная кар'ера

У 1967 годзе Келаг пачаў службу ў войску ЗША. Пасля праходжання базавай падрыхтоўкі і школы рэйнджараў ён быў прызначаны ў 101-ю паветрана-дэсантную дывізію і накіраваны ў В'етнам, дзе камандаваў разведвальным узводам.

У наступныя гады Келаг працягнуў службу як афіцэр сіл спецыяльных аперацый. Ён быў інструктарам падрыхтоўкі спецназа для арміі Камбоджы (1971-1972), удзельнічаў у аперацыях ЗША ў Грэнадзе (1983), Панаме (1989-1990) і ў Персідскім заліве («Бура ў пустыні», 1990-1991).

Пазней ён заняў пасаду камандуючага Камандаваннем сіл спецыяльных аперацый у Еўропе (SOCEUR), а ў 1996 годзе ўзначаліў 82-ю паветрана-дэсантную дывізію — адно з самых элітных і баяздольных злучэнняў арміі ЗША. Пад яго камандаваннем дывізія выконвала аперацыі ў Босніі і Косава, а таксама ўдзельнічала ў вучэннях НАТА ў Казахстане і Узбекістане.

Keith Kellogg Кіт Келаг Кит Келлог
Кіт Келаг, 2000 год. Фота: Wikimedia Commons

Пасля гэтага Келаг перайшоў на службу ў Міністэрства абароны ЗША, дзе заняў адну з ключавых пазіцый, звязаную з забеспячэннем працы сістэм сувязі і каардынацыяй ваенных аперацый на глабальным узроўні — дырэктара па камандаванні, кіраванні, камунікацыям і камп’ютарным тэхналогіям у Аб'яднаным камітэце начальнікаў штабоў.

У момант тэрактаў 11 верасня 2001 года, калі рэйс 77 кампаніі American Airlines урэзаўся ў заходняе крыло Пентагона, Келаг знаходзіўся на сваім пасту і ўзяў на сябе кіраўніцтва альтэрнатыўным камандным пунктам у комплексе Raven Rock Mountain (RRMC) — звышсакрэтным падземным бункеры, прызначаным для працы вышэйшага вайсковага кіраўніцтва.

Ад Oracle да Белага дома

Пасля выхаду ў адстаўку ў 2003 годзе Кіт Келаг пачаў кар'еру ў грамадскім сектары, далучыўшыся да буйной тэхналагічнай кампаніі Oracle, дзе ён працаваў дарадцам па пытаннях унутранай бяспекі.

Аднак ужо ў снежні таго ж года ён стаў галоўным аперацыйным дырэктарам Часовай кааліцыйнай адміністрацыі Ірака, створанай пасля звяржэння рэжыму Садама Хусэйна, фактычна кіраўніком (адміністратарам) гэтай краіны.

Пасля завяршэння місіі ў Іраку Келаг працягнуў працу ў прыватным сектары, займаючы кіруючыя пасады ў кампаніях, якія спецыялізуюцца на ваенных тэхналогіях і абаронных кантрактах.

У 2016 годзе Келаг далучыўся да перадвыбарнай кампаніі Дональда Трампа ў якасці дарадцы па знешняй палітыцы.

Пасля перамогі Трампа ён быў прызначаны выканаўчым сакратаром і кіраўніком апарата Савета нацыянальнай бяспекі ЗША. У красавіку 2018 года Келаг заняў пасаду дарадцы па нацыянальнай бяспецы віцэ-прэзідэнта Майка Пенса.

У 2019 годзе, калі Кангрэс ЗША распачаў працэс імпічменту прэзідэнту Дональду Трампу, Кіт Келаг заняў жорсткую пратрампаўскую пазіцыю і актыўна выступаў у яго абарону. Імпічмент быў ініцыяваны ў сувязі з абвінавачваннямі ў ціску на Украіну з мэтай атрымання кампрамату на сына Джо Байдэна Хантэра.

Donald Trump Keith Kellogg Дональд Трамп і Кіт Келаг Дональд Трамп и Кит Келлог
Дональд Трамп і Кіт Келаг. 2017 год. Фота: AP Photo / Susan Walsh, File

Падчас слуханняў у Кангрэсе Келаг заявіў, што «не пачуў нічога дрэннага ці неналежнага» ў размове Трампа з Зяленскім, падчас якой ён прысутнічаў.

У перыяд прэзідэнцтва Джо Байдэна Келаг займаў пасаду сустаршыні кансерватыўнага аналітычнага Цэнтра амерыканскай бяспекі ў Інстытуце палітыкі «Амерыка перш за ўсё».

Спецыяльны пасланнік па пытаннях Украіны і Расіі

У сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне Келаг заклікаў да аказання падтрымкі Кіеву:

«Давайце дамо Украіне шанец перамагчы. <…> Кітайцы звернуць на гэта ўвагу. Паўночныя карэйцы звернуць на гэта ўвагу. Іранцы звернуць на гэта ўвагу. Я лічу, што ў вас ёсць шанец раз у жыцці перазагрузіць сусветную арэну».

Генерал некалькі разоў пабываў ва Украіне. Так у пачатку 2023 года ён наведаў Бучу, Адэсу і прыфрантавыя Харкаў і Ізюм.

У чэрвені 2024 года Келаг прапанаваў Трампу падрабязны мірны план па спыненні вайны Расіі ва Украіне.

27 лістапада 2024 года, пасля перавыбрання Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта, Келаг быў прызначаны спецыяльным пасланнікам па пытаннях Украіны і Расіі.

У гэтай ролі ён адказвае за дыпламатычныя намаганні па ўрэгуляванні канфлікту паміж дзвюма краінамі, прапаноўваючы стратэгіі, накіраваныя на дасягненне міру і стабільнасці ў рэгіёне.

Па інфармацыі The Wall Street Journal, Трамп з самага пачатку паставіў перад Келагам задачу дамагчыся ўрэгулявання канфлікту за 100 дзён.

Келаг не прымаў удзел у перамовах паміж ЗША і Расіяй у Эр-Рыядзе. Сёння ён прыбыў з візітам ва Украіну.

Кіт Келаг жанаты, у яго трое дзяцей. Яго дачка Меган Мобс — кіраўнік дабрачыннай арганізацыі R.T. Weatherman Foundation і неаднаразова бывала ва Украіне.

Каментары4

  • r a d a r
    19.02.2025
    Он поставлен для того , чтобы отвлечь внимание , типа он решает , Он дымовая завеса , его никуда не зовут ни в какие комиссии по переговорам
  • Рот трампа
    19.02.2025
    Нешта мне падказвае, што ад яго ўвогуле нічога не залежыць.
  • ..
    19.02.2025
    По ходу Трамп напустил тумана,сделал вид, что прогнулся под Карлика, а сам типа приготовил камень за пазухой...))) Ну Кимом в оконцовке он обделался, а что с Путей?)))

Цяпер чытаюць

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі11

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Ратвейлер напаў на шасцігадовага хлопчыка ў Астравецкім раёне — дзіця ў цяжкім стане3

Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе7

«Я знаходзіўся на рэжыме, які называецца «жэстачайшым». Ціханоўскі праз слёзы расказаў пра ўмовы ўтрымання палітвязняў9

«Напішы, што ты не супраць, каб цябе адправілі за мяжу». Ціханоўскі распавёў, як да яго прыязджаў Пратасевіч9

Памёр Радзім Гарэцкі4

«Кажу — прыеду і нікому там рукі не падам». Ціханоўскі расказаў, як рэагаваў на хлусню наконт жонкі і апазіцыі7

Ціханоўскі распавёў, колькі важыць і як яго адкормлівалі11

«Личинки в навозной куче не знают, что они в дерьме». Ціханоўскі прачытаў свой турэмны верш6

«Вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не рухне пуцінскі рэжым» — Ціханоўскі20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі11

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць