Грамадства

«Думаў, хочуць зладзіць правакацыю на мяжы». Грамадзянін ЗША Шугаеў, якога вызвалілі з беларускай турмы, расказаў пра сваю эпапею

Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня Мікалай Шугаеў знаходзіўся ў СІЗА ў Віцебску. Цяпер ён у Тэхасе — праходзіць рэабілітацыю пасля часу за кратамі. Мужчына — адзін з тых, каго вызвалілі беларускія ўлады 12 лютага. Ён расказаў «Люстэрку» пра час за кратамі, як праходзіла вызваленне і чаму не атрымаў грамадзянства нашай краіны, хоць па нараджэнні беларус.

Мікалай Шугаеў у Вільні пасля вызвалення, люты 2025 года. Фота: асабісты архіў

«У абодвух пашпартах пазначана месца нараджэння — Гарадок, Беларусь»

Мікалаю 56 гадоў, ён родам з Гарадка ў Віцебскай вобласці, там прайшло яго дзяцінства. Пасля школы мужчына трапіў у войска, адслужыў два гады і вярнуўся дадому, працаваў у пажарнай часці.

Яшчэ праз год вырашыў паступаць ва ўніверсітэт — абраў Харкаўскі юрыдычны інстытут (цяпер гэта Нацыянальны юрыдычны ўніверсітэт імя Яраслава Мудрага). Так і апынуўся ва Украіне.

«Калі паступаў, яшчэ быў Савецкі Саюз, а калі выпусціўся ў 1994-м — ужо незалежная краіна. Тады ў мяне быў савецкі пашпарт, і я меў права на беларускае грамадзянства. Але так як пераехаў ва Украіну, яны далі мне сваё, — расказвае суразмоўца. —

Самае цікавае, што ў абодвух пашпартах у мяне пазначана месца нараджэння — Гарадок, Беларусь. Але грамадзянства ніколі не было. Мае бацькі беларусы. Вядома, я сябе лічу беларусам. Ды не проста лічу, я і ёсць беларус».

Яшчэ ў 1991 годзе Мікалай ажаніўся з украінкай, і пасля заканчэння універсітэта яны разам пераехалі ў Гарадок. Там нейкі час мужчына працаваў натарыусам. Але потым жонка перавабіла яго назад — і пара пераехала ва ўкраінскае Роўна. Там ён уладкаваўся ў пракуратуру Ровенскага раёна памочнікам пракурора, дзе і працаваў да ад'езду ў ЗША.

«У 2003 годзе мы з жонкай вырашылі эміграваць у Штаты, паспрабаваць асвоіцца там, — расказвае ён. — Спачатку, калі прыехалі ў Фларыду, працавалі ў кампаніі па вытворчасці вокнаў і дзвярэй. Жонка засталася там, а я праз некалькі гадоў заняўся бізнэсам: купляў машыны на аўкцыёне, рамантаваў, потым прадаваў. А потым, перад самым прыездам у Беларусь у 2020 годзе, працаваў менеджарам па пастаўках гандлёвай сеткі Walmart».

Мікалай Шугаеў з сынам, студзень 2020 года. Фота: асабісты архіў

Пражыўшы ў ЗША неабходную колькасць гадоў, Мікалай атрымаў грамадзянства гэтай краіны. І ўсё ішло добра, пакуль не разладзіліся адносіны з жонкай і яны не развяліся.

Праз некалькі гадоў мужчына пазнаёміўся з беларускай з Наваполацка. Яны пажаніліся, а ў 2013 годзе ў пары нарадзіўся сын. Але жонка разам з дзіцем жылі ў Беларусі. Мікалай да іх прыязджаў.

«Хоць там у мяне была сям'я, у мяне не было планаў пераязджаць на пастаяннае месца жыхарства. Проста, калі доўгі час знаходзіўся ўдалечыні ад сям'і, моцна сумаваў па дзіцяці. У яго ёсць амерыканскае грамадзянства, але ў жонкі — не, ёй патрэбна была віза. Двойчы яна падавалася, каб яе атрымаць, але ўвесь час была адмова.

Таму прыязджаць мог толькі я, — кажа ён. — Калі ў жніўні 2020 года прыляцеў у Беларусь, у мяне быў квіток назад, павінен быў у верасні паляцець. Але рэйс адмянілі з-за кавіду. Купіў новы квіток — зноў адмена. Потым увялі санкцыі і адмянілі наогул усе рэйсы. Увогуле, так і застаўся на некалькі гадоў у Наваполацку. Але не шкадаваў, у ЗША вельмі сумаваў па сям'і. Я такі чалавек, мне трэба, каб жонка і дзіця былі побач».

«Паварочваюся — у мой бок бягуць нейкія ўзброеныя людзі»

Мікалай прызнаецца: калі прыехаў у Беларусь у пачатку жніўня 2020 года, не так шмат ведаў пра тое, што адбываецца ў краіне. Чытаў навіны, быў у курсе, што будуць выбары, але нават не мог уявіць, што адбудзецца пасля іх.

«Атрымалася так, што я аказаўся ўключаны ў гэтыя падзеі па факце прыезду, — расказвае ён. — Выхады людзей на вуліцы, пратэсты — мне таксама давялося ўзяць удзел і ў Полацку, у Наваполацку. Мае палітычныя погляды вельмі дакладныя: лічу, у краіне павінны быць сумленныя, прыстойныя выбары, прэзідэнты — абірацца».

Калі пратэсты заціхлі, некалькі гадоў Мікалай знаходзіўся па-за полем зроку сілавікоў. Жыў з сям'ёй, перыядычна знаходзіў падпрацоўкі. У ліпені 2024 года ён развёўся з другой жонкай.

Па словах суразмоўцы, адносіны пачалі псавацца задоўга да гэтага. Але мужчына не спяшаўся з'язджаць з-за сына.

«Раніцай 13 верасня (гэта была пятніца, дарэчы), я ішоў у аптэку: дзіця захварэла, трэба было купіць лекі. Уключыў сыну мульцікі, пайшоў. Аптэка зусім побач была. Не паспеў нават дайсці, як мяне затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, — успамінае суразмоўца. —

Спачатку проста пачуў ззаду два гучныя хлапкі. Не зразумеў, што гэта — светлашумавыя гранаты, петарды? Паварочваюся — у мой бок бягуць нейкія ўзброеныя людзі. У поўнай экіпіроўцы: бронекамізэльках, касках, з аўтаматамі, нешта крычаць. Адчуванне, быццам гэта адбывалася ў нейкім кіно.

Падбеглі, ударылі па нагах, павалілі на зямлю тварам уніз, парвалі куртку, разбілі тэлефон, рукі ззаду скавалі кайданкамі. Паднялі на ногі, падвялі да машыны, зноў кінулі на зямлю. Тыцкалі камеру ў твар, крычалі, маўляў, ты ведаеш, за што цябе затрымліваюць? А я супрацьзаконнага нічога не здзяйсняў. Усё думаў пра хворага сына, казаў ім, што дома дзіця. Ніякай рэакцыі».

Мікалай Шугаеў з сынам, снежань 2020 года. Фота: асабісты архіў

Мужчыну адвезлі ў Наваполацкі РАУС, на некалькі гадзін паставілі да сцяны ў позе «ластаўкі». Потым сталі паказваць яго падпіскі ў інстаграме на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Суразмоўца паспрабаваў было растлумачыць, што сачыў за незалежнымі медыя яшчэ да 2020 года, калі яны былі дазволеныя, але поспеху не дамогся. Атрымаў пратакол паводле ч. 2 арт. 19 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У гэты час у кватэры, дзе жыў беларус, прайшоў ператрус. Паколькі ў кватэры знаходзіўся непаўнагадовы, сілавікі звязаліся з яго маці — тая прыехала і забрала хлопчыка.

Падчас ператрусу канфіскавалі тэхніку: камп'ютар, тэлефон, карты памяці. Забралі сцягі ЗША і Украіны, якія віселі на сцяне, кнігі Джорджа Оруэла «1984» і «Скотны двор», нават фатаграфіі часоў універсітэта.

Праз некалькі дзён, у панядзелак, 16 верасня, адбыўся суд — мужчыну арыштавалі на 13 сутак.

«Умовы ў ізалятары былі вельмі цяжкія, — расказвае ён. — Стаўленне як да здраднікаў Радзімы. Нас пазбавілі ўсіх хоць бы нейкіх выгод: ні прагулак, ні перадач (ніжняя бялізна, мыла, зубная шчотка, паста), ніякіх пасцельных прыналежнасцяў. Плюс ноччу два разы падымалі, і калі дзяжурны па ГУУС заходзіў, ты павінен падняцца, прадставіцца і сказаць артыкул, па якім знаходзішся ў гэтых месцах. Ні сну, ні прагулкі, харчаванне жахлівае».

«Называлі хахлом, фашыстам, нацыстам»

Адной «адміністрацыйкай» справа не скончылася. Пасля Мікалая судзілі зноў: 27 верасня, затым 3 і 16 кастрычніка. Тройчы яго прызнавалі вінаватым у распаўсюдзе «экстрэмізму», адзін раз — у незаконным пікетаванні. Гэты «канвеер», па словах мужчыны, даўся яму цяжэй за ўсё.

«Усё гэта можна прайсці, калі ведаць, калі выйдзеш. Але калі жах без канца — гэта горш за ўсё на свеце, — мяркуе ён. — Адседзеў 13 дзён, ужо думаю, што хутка ўбачу дзіця, — і тут новы пратакол. Прычым за лінк на навіну, якая наогул ніяк да Беларусі не адносілася. Але спасылка была на «экстрэмісцкі» рэсурс. Таму яшчэ 15 сутак. Зноў пара выходзіць — новая справа, яшчэ 13 сутак. І чацвёрты раз яны палічылі незаконным пікетаваннем украінскі сцяг на маёй аватарцы — а я наогул грамадзянін гэтай краіны. Хоць гэта публічнае выказванне сваіх поглядаў, што ў прынцыпе дазволена Канстытуцыяй».

У Наваполацкім ЦІП Мікалай правёў агулам 56 дзён. Хоць у яго два пашпарты, мужчыну судзілі як грамадзяніна Украіны. Суразмоўца мяркуе, што ягоныя Амерыканскія дакументы сілавікі проста не знайшлі — ён іх схаваў. Але замежнае грамадзянства не проста не дапамагло, а толькі пагоршыла сітуацыю.

«У мяне ж пашпарт так званай недружалюбнай дзяржавы. Таму было асаблівае стаўленне: на ЦІП пастаянна абражалі, называлі хахлом, фашыстам, нацыстам, — расказвае ён. — Пакуль сядзеў на «сутках», цягалі на допыты. Пыталіся, ці займаўся вярбоўкай грамадзян Беларусі для вайны, ці працаваў на разведку Вялікабрытаніі, ЗША, Украіны. А я ўвесь гэты час спрабаваў зразумець, за што ж сяджу, пісаў скаргі ў абласны суд, хацеў дамагчыся нейкай справядлівасці».

Мікалай Шугаеў з сынам, чэрвень 2022 года. Фота: асабісты архіў

Чацвёртыя па ліку «суткі» Мікалая скончыліся ў лістападзе. Не паспеў ён выйсці на вуліцу, як убачыў супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія чакалі яго. Гэтым разам ужо была «крыміналка». Мужчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі — ч. 1 арт. 368 КК РБ.

«Рэакцыі як такой не было, — дзеліцца ён. — Ведаеце, калі доўгі час знаходзішся пад арыштам, тым больш у такіх жорсткіх умовах, гэта ўплывае на псіхіку. Губляецца здольнасць абараняць сябе. Тады вельмі знерваваўся, што зноў дзіцяці не ўбачыў і не зразумела, калі наогул ўбачу.

Але што мог зрабіць у той сітуацыі? Затрымалі, надзелі кайданкі, праводзілі ў дзяжурную частку, абшукалі, завялі ў «стакан». Потым перавялі на трое сутак у ІЧУ, пакуль пракурор не падпісаў санкцыю на мой арышт. І тады я апынуўся ў віцебскім СІЗА.

Прычым пра маё затрыманне не паведамілі ў амбасады ЗША і Украіны. Сам пісаў у амерыканскае ведамства. І ўжо потым даведаўся ад іх, што туды нічога не прыходзіла».

Умовы ў СІЗА, успамінае ён, адрозніваліся: былі матрацы, раз на тыдзень вадзілі ў душ. Але вось стаўленне стала яшчэ горшым. Мікалая палічылі «схільным да экстрэмісцкай дзейнасці», пастаянна патрабавалі даклад «па форме»: прадставіцца, назваць артыкул, сказаць, што ён стаіць на ўліку як схільны да экстрэмізму.

«І дадатковыя прыдзіркі. Дапусцім, дрэнна прыбрана ў камеры — могуць прыйсці, спецыяльна праверыць, каб цябе пакараць і змясціць у карцар», — расказвае ён.

У сваім затрыманні мужчына вінаваціць былую жонку: упэўнены, што яна такім чынам спрабавала пазбавіцца ад яго і пазбавіць магчымасці мець зносіны з сынам.

Са слоў Мікалая, скрыншоты перасланых спасылак, якія паказвалі сілавікі, былі зробленыя з яе тэлефона. Ён сцвярджае, што ў матэрыялах справы былі яе паказанні, што былы муж удзельнічаў у пратэстах.

«Зразумеў, што амерыканцы ідуць насустрач — былі слёзы радасці»

Што яго вызваляць, мужчына не ведаў да апошняга. За некалькі дзён да гэтай падзеі яго перавялі ў СІЗА КДБ у Мінску. У сераду, 12 лютага, Мікалай прачнуўся, як звычайна, а шостай раніцы пад афіцыйны гімн.

«Потым раптам клічуць на выхад і ў лазню. А мы там былі літаральна пазаўчора. Думаю, значыць, кудысьці будуць мяне везці, рыхтуюць да нечага. Памыўся, паснедаў. Праходзіць час — тузаюць з камеры ў «стакан». Сяджу там чатыры гадзіны, не разумею, што адбываецца, — успамінае ён. — Што цікава, выпусцілі ў прыбіральню і потым нават прынеслі абед. Думаю, ну раз далі пайку, можа, не так ужо ўсё дрэнна.

Праходзіць яшчэ час — адчыняюцца дзверы, стаяць людзі ў масках. Надзяюць кайданкі, маску, выводзяць, садзяць у машыну, на галаву — мяшок. І мы кудысьці едзем».

Мікалай Шугаеў з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Усходняй Еўропы Крыстаферам Смітам і амбасадарам ЗША ў Літве Карай Макдоналд, Вільня, Літва, 12 лютага 2025 года. Фота: асабісты архіў

У аўтамабілі разам з Мікалаем быў журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык. Пра гэта ён даведаўся ўжо потым — у дарозе не было ні магчымасці пагаварыць, ні разгледзець (перашкаджаў мяшок).

Увесь час, пакуль ехалі, мужчына гадаў, што з імі будзе далей.

«Яшчэ з ЦІП мне ўвесь час пагражалі, што дэпартуюць ва Украіну. А паколькі там усё замініравана, адправяць ісці па мінным полі, — расказваае ён варыянты, пра якія думаў тады. — Былі пагрозы, што мяне чамусьці дэпартуюць у Расію і перададуць ФСБ, паколькі я дрэнна напісаў пра іх армію («Расейскі вайсковы карабель, Ідзі на **й»). Яшчэ думаў, што з намі хочуць зладзіць нейкую правакацыю на мяжы».

Калі машына спынілася, сілавікі сказалі, што яны на мяжы. На імгненне суразмоўца падумаў, што гаворка пра ўкраінскую. Але калі з галавы знялі мяшок, убачыў аўто на еўрапейскіх дыпламатычных нумарах — і ўпершыню падумаў, што, магчыма, усё будзе добра.

«Зразумеў, амерыканцы ідуць да нас насустрач. Вядома, слёзы радасці былі ў той момант, — дзеліцца ён. — Я ж нават не ў Амерыцы нарадзіўся. А тут убачыў людзей, якія табе кажуць нармальныя словы, што ўсё добра, няма ніякай небяспекі для жыцця, мы вас забіраем (голас мужчыны перарываецца). Проста, калі раней вакол цябе былі жывёлы ў літаральным сэнсе слова, а цяпер чалавечае стаўленне…»

Далей усё было хутка: прайшлі літоўскую мяжу і паехалі ў амбасаду ЗША ў Вільні. Мікалай быў у адной машыне з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы Крыстаферам Смітам.

На тэрыторыі дыппрадстаўніцтва вызваленых сустракалі ўсе супрацоўнікі. Там іх прынялі, накармілі. Андрэй Кузнечык сустрэўся з блізкімі (па словах суразмоўцы, калі журналіст даведаўся, што яны на мяжы, перш за ўсё спытаў пра сям'ю). Затым усіх адвезлі ў загадзя забраніраваныя нумары ў гатэлі.

«Тры дні прабыў у Вільні. За гэты час мяне агледзеў лекар, а яшчэ зрабілі новы амерыканскі пашпарт (стары застаўся ў Беларусі), — расказвае мужчына. — Пахадзіў трохі па горадзе, зайшоў у крамы — трэба ж было вопратку купіць. Глядзеў на прыгожыя месцы. Такі перыяд адаптацыі да гэтага жыцця».

Мікалай Шугаеў у шпіталі на тэрыторыі вайсковай базы, Тэхас, ЗША, люты 2025 года. Фота: асабісты архіў

Потым Мікалай вылецеў у ЗША. Цяпер ён жыве ў гатэлі на тэрыторыі вайсковай базы ў Тэхасе, праходзіць рэабілітацыю. Усё гэта — па ініцыятыве амерыканскага боку.

«Спачатку знаходзіўся ў шпіталі. Там правялі поўнае абследаванне, аналізы, ціск. Праверылі ўсё, аж да зубоў і боляў у спіне, — распавядае мужчына. — Гэта вельмі трэба, бо здароўе праўда «паляцела». Калі мяне затрымлівалі, білі па нагах, і цяпер правая дрэнна працуе — там нейкая праблема з суставамі. Яшчэ лекары падазраюць сухоты.

@nashaniva Што за американца выпусціў Лукашэнка? #беларусь #нашаніва #белорусы #мова #новостибеларуси #лукашенко ♬ Crime Scene - Avery Alexander

А я гляджу на сябе і не пазнаю: за гэтыя шэсць месяцаў страціў амаль 20 кілаграмаў. Але тут яшчэ адыграла ролю, што, калі мяне не выпускалі з сутак, я аб'яўляў галадоўку — зусім нічога не еў, толькі трохі вады. Але іх гэта не цікавіла зусім. Тады фельчарка, якая там працуе, сказала кідаць гэтую справу, таму што ні на што не паўплывае, а толькі здароўе сапсаваў. Увогуле, турма дадала гадоў: здаецца, што мне не 56, а ўжо 66 гадоў».

Свабодзе Мікалай рад. Але яго не пакідае думка пра сына, якога ён нават не змог убачыць перад ад'ездам. І калі гэта адбудзецца зноў, мужчына не ведае: у Беларусь вярнуцца не можа, а ў тым, што былая жонка прывязе хлопчыка ў ЗША, вельмі сумняваецца.

«Гэта значыць, я не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, я бацька, добры бацька свайму сыну. Цяпер на волі, але маё сэрца засталося там, разам з маленькім дзіцем», — з сумам кажа ён.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію28

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўца быў моцна п’яны, паехаў па абочыне. Падрабязнасці трагедыі на трасе М2, дзе загінуў 16-гадовы трыятланіст11

4000 на старт. Як хлопец без досведу ў бізнэсе запусціў клінінг, а цяпер дапамагае з гэтым іншым

Сустрэча Пуціна і Трампа адбудзецца на вайсковай базе ЗША на Алясцы5

Чарговая беларуская гульня ў кальмара — студэнтка расказала, як адстаяла чаргу на інтэрнат3

Віцэ-спікерка КР Лізавета Пракопчык прызналася, што ёй тройчы не хапіла месца на канферэнцыі «Новая Беларусь»13

Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт» вырабляе кампаненты для расійскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕС3

Электрамантажнік Хазін абверг Ціханоўскага і пахваліўся, што яго акцыя «Ультыматум» прывяла да вызвалення палітвязняў10

Медыцынскага чыноўніка аблвыканкама затрымліваў за хабар спецназ

У сталіцы пачынаецца абмеркаванне генеральнага плана Мінска. Што чакае горад у будучыні4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію28

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць