Здарэнні66

Як выпадковае знаёмства ў гей-клубе скончылася гучным забойствам. Новыя дэталі па справе беларуса, які 25 гадоў таму зарэзаў прадзюсара ў Маскве

Пракуратура расказала новыя падрабязнасці гучнай справы пра забойства прадзюсара СТС у 1999 годзе і асобу беларуса, які яго зарэзаў і якога знайшлі толькі праз чвэрць стагоддзя.

Дзмітрый Церанцюк. Скрын відэа: НТБ-Беларусь

27 верасня 1999 года генеральны прадзюсар СТС і грамадзянін Вялікабрытаніі Крыстафер Рыс не выйшаў да свайго кіроўцы з кватэры на Цвярской у Маскве, каб ехаць на працу. Супрацоўнікі тэлеканала зайшлі ў кватэру і ўбачылі на ложку знявечанае цела 37-гадовага мужчыны.

Хто забойца

Толькі праз 24 гады следчыя змаглі ўстанавіць асобу забойцы. Ім аказаўся ўраджэнец Магілёва Дзмітрый Церанцюк 1980 года нараджэння.

Як расказалі пракуроры ў нядаўнім сюжэце «НТБ-Беларусь», Дзмітрый рос у сям'і, якая прытрымлівалася баптысцкай веры. Праз 9 гадоў ягоныя бацькі ўсынавілі яшчэ аднаго хлопчыка. Адносіны паміж братамі з самага пачатку не задаліся, агульных інтарэсаў у іх па жыцці не было.

У школе Дзмітрый вучыўся сярэдне, часта прапускаў заняткі. Пры гэтым быў фізічна развіты, шэсць гадоў займаўся боксам.

У 18 гадоў Церанцюк пачаў гандляваць на рынку, рэгулярна ездзіць у Расію, у прыватнасці ў Маскву, і вельмі ганарыўся тым, што ён адзін з самых маладых чаўнакоў Беларусі.

У 1999 годзе хлопец пазнаёміўся на рынку ў Маскве з дзяўчынай, з якой у хуткім часе стаў разам жыць.

Як адбылося забойства

У верасні таго ж года Дзмітрый пайшоў у клуб «Хамелеон», дзе збіраліся людзі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Адпаведна версіі, якую злачынца агучыў следчым, у клубе ён спрабаваў знайсці свайго брата Жана і папрасіць у яго грошай.

На той момант Дзмітрый моцна падсеў на аўтаматы і ўсе грошы, якія зарабляў, займаючыся гандлем, прайграваў. Але брата ў клубе ён не знайшоў.

Па словах Церанцюка, калі ён быў каля барнай стойкі, да яго падышоў незнаёмы мужчына, якога ён ніколі не бачыў, і прапанаваў выпіць. Хлопец пагадзіўся, бо, па ягоных жа словах, ён «да халявы ласы». Незнаёмцам быў Крыстафер Рыс.

Мужчына прапанаваў яму працягнуць вечар у лазні, запрасіць туды дзяўчат. Але паколькі ўзяў з сабой мала гатоўкі, сказаў, што неабходна заехаць да яго дадому, пераапрануцца і ўзяць грошы.

Дом, дзе адбылося забойства. Скрын відэа: НТБ-Беларусь

Калі ж яны апынуліся ў кватэры, то, са слоў Церанцюка, Рыс прапанаваў яму пачакаць у пакоі, выпіць, а сам выйшаў.

Як сцвярджае злачынца, праз некаторы час Рыс вярнуўся ўжо цалкам распрануты і сказаў яму распрануцца. Атрымаўшы адмову, мужчына нібыта штурхнуў хлопца на ложак і спрабаваў сілай распрануць. У адказ Церанцюк узяў бутэльку са спіртным і стукнуў мужчыну па галаве. Удар быў такой сілы, што бутэлька разбілася.

Пасля гэтага хлопец схапіў нажы з падноса і стаў наносіць удары. Калі англічанін перастаў падаваць прыкметы жыцця, мужчына спакойна прыняў душ, пераапрануўся ў адзенне забітага, а сваё запэцканае крывёй пазней выкінуў па дарозе дадому.

Ён таксама забраў тэлефон ахвяры, а з партманэ выцягнуў грошы — у эквіваленце 250 даляраў, якія пазней спусціў у аўтаматах. Усяго ў кватэры прадзюсара ён прабыў каля пяці гадзін.

Спачатку Церанцюк сцвярджаў, што прадзюсар быў значна буйнейшы за яго — вышэйшы на галаву, у паўтара разы дзябёлейшы і фізічна мацнейшы. Аднак матэрыялы крымінальнай справы сведчаць пра іншае: пацярпелы быў чалавекам сярэдняга росту і звычайнага целаскладу.

Як знайшлі забойцу

На целе Рыса знайшлі 81 рану — рэзаныя, колата-рэзаныя і колатыя, яны ахопліваюць практычна ўсё: ад галавы да канечнасцяў.

Акрамя таго, быў вялікі апёк ад гарачага праса. І судмедэксперты пацвердзілі, што сляды з'явіліся адначасова з астатнімі раненнямі.

Па справе было праведзена шмат экспертыз, сярод якіх генетычная, якая выявіла на падушцы геном невядомага мужчыны. Таксама былі знойдзеныя адбіткі пальцаў. Але знайсці злачынцу доўга не ўдавалася.

Амаль праз чвэрць стагоддзя, калі стала канчаткова зразумела, што да забойства датычны грамадзянін Беларусі, матэрыялы крымінальнай справы былі перададзеныя беларускім органам.

Адно з дадатковых даследаванняў, якое яны правялі, — альфактарная экспертыза. Гэта аналіз паху, які захаваўся ў запечанай крыві. Яго параўналі з кантрольным узорам з дапамогай трох спецыяльна навучаных сабак. Калі ўсе яны даюць супадзенне — вынік прызнаецца дакладным.

Экспертыза пацвердзіла: у момант забойства побач з ахвярай знаходзіўся толькі адзін чалавек — Дзмітрый Церанцюк. Ён знайшоўся ў калоніі, дзе адбываў тэрмін за іншае забойства, учыненае ў Мінску ў 2009 годзе.

Новае забойства

Пасля забойства ў Маскве Дзмітрый Церанцюк яшчэ каля месяца заставаўся ў горадзе, а пазней неаднаразова вяртаўся ў Беларусь. У 2001-м ён быў асуджаны ў Маскве за рабаванне і пасля адбыцця тэрміну канчаткова пераехаў у Мінск, дзе таксама быў неаднаразова судзімы за рабаванні і гвалт.

Пасля вызвалення ў 2008 годзе мужчына пачаў жыць з жанчынай, у якой былі праблемы з алкаголем. У лютым 2009 года, пасля сваркі з-за грошай, Церанцюк жорстка збіў сужыцельку, нанёсшы больш за 100 удараў, у тым ліку каля 40 па галаве. Разам з бацькам яны спрабавалі замаскіраваць забойства пад няшчасны выпадак, але былі затрыманыя праз некалькі дзён.

За кратамі за забойства 33-гадовай жанчыны Дзмітрый правёў больш за 15 гадоў, калі стала вядома пра ягоныя маскоўскія прыгоды. Ключавым момантам на новым працэсе сталі паказанні сукамерніка Церанцюка, з якім ён падзяліўся падрабязнасцямі расправы над прадзюсарам у Маскве ў 1999 годзе.

Па словах пракурораў, бацькі Дзмітрыя Церанцюка заўсёды абаранялі яго, і нават пасля вынясення абвінаваўчага прысуду маці адмовілася прызнаць яго віну. Падчас следства мужчына заўсёды адмаўляў наяўнасць намеру, перакладаючы адказнасць на ахвяр — нібыта яны яго правакавалі. Пры гэтым адзначаў, што ў парыве лютасці не можа спыніцца.

Сведкі апісвалі яго як чалавека схільнага да жорсткасці, асабліва ў стане ап'янення: найменшае раздражненне — і ён адразу ўжываў сілу. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза прызнала, што Церанцюк усведамляў свае дзеянні і мог іх кантраляваць, хоць у яго выяўленыя эмацыйная няўстойлівасць і істэрычныя рысы.

Падчас следства ён паводзіў сябе стрымана, стараўся падаць сябе ахвярай, сцвярджаў, што дзейнічаў у рамках самаабароны. У верасні гэтага года Церанцюк мог бы выйсці на волю, але цяпер яму давядзецца правесці за кратамі яшчэ як мінімум чатыры гады — калі, вядома, не раскрыюцца іншыя злачынствы.

Каментары6

  • Ян
    17.05.2025
    И вот смысл таким выходить на свободу???
    Я не судья, каждый может измениться, наверно, но у него уже был шанс и не один.
    Выйдет - опять убъёт.
  • JJ
    17.05.2025
    Ну, 4 года за убийство английского гея в братской Москве, это даже много. Можно было и условку дать, если характеристика из тюрьмы положительная. Мест ведь нет чтобы держать всех врагов народа. А тут свой электорат, даже не знает кто такая Тихановская.
  • Он не экстремист
    17.05.2025
    И насчёт подписки на экстремистские каналы твердое алиби, не подписан, лайки не ставил.
    А где ещё такого беларуса найдешь кроме тюрьмы!

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў12

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць