Шматдзетная маці з Мінска эмацыйна растлумачыла Лукашэнку, чаму беларускі не хочуць нараджаць
Сталічныя ўлады ёй на гэта адказалі.

Шматдзетная маці з Мінска Марына выклала ў тыкток эмацыйны зварот да Лукашэнкі.
— Стаіць пытанне, чаму не нараджае ніхто. Бо выканкам не прапаноўвае жыллё! Вось, напрыклад, мне. У мяне дзіцяці (малодшаму з трох. — НН) хутка будзе год і чатыры месяцы. І за гэты час нам нічога не прапанавалі.
Марына скардзіцца: яна 19 гадоў жыве ў інтэрнаце, цяпер шматдзетная сям’я туліцца на 20 квадратах.
— Канешне, ніхто не ідзе на такую рызыку, каб чакаць потым жылля 10 гадоў. У нас у інтэрнаце людзі 8 гадоў чакалі, калі ім прапануюць нешта ў Савецкім раёне.
Марына ж стаіць у чарзе ў Партызанскім раёне сталіцы. Яна просіць Лукашэнку асабіста заняцца пытаннем жылля для шматдзетных.
— Мы пішам звароты ў вашу адміністрацыю. Але зразумела, што да вас нічога не даходзіць, бо вельмі шмат зваротаў. Мінгарвыканкам дае адказ: «Чакайце!». Дык а колькі гадоў чакаць? Менавіта таму ў нас вельмі ўпала нараджальнасць. Доўга чакаць таго жылля, а дзе жыць людзям з дзеткамі, незразумела, дзе іх гадаваць.
Старэйшай дачцы Марыны сёлета споўніцца 17 гадоў. А гэта значыць, што ўжо праз год сям'я можа страціць статус шматдзетнай.
Марына раіць прыносіць ключы ад новай кватэры ў радзільню, калі маму адтуль выпісваюць з трэцім дзіцём.
За два дні зварот жанчыны ў тыктоку набраў 181 тысячу праглядаў. Але ў каментатарах больш абураюцца Марынай, чым падтрымліваюць яе. Нехта лічыць, што бацькі ўсё ж у першую чаргу павінны разлічваць на свае сілы, а не на дзяржаву. Шмат хто раіць шматдзетным перасяляцца ў вёску і там гадаваць дзяцей на прыродзе.
У адказ хэйтэрам Марына запісала яшчэ адзін ролік, каб растлумачыць, што кватэры для шматдзетных сямей не бясплатныя, хоць і адчувальна танней, чым для астатніх.
— Даюць субсідыю — нам налічылі 103 тысячы (беларускіх рублёў. — НН), а кватэра будзе каштаваць недзе тысяч 400, калі трохпакаёўка. А можа, даражэй. Адзінае, у пабудаваных дзяржавай дамах крыху таннейшы квадратны метр. Але вось нядаўна знаёмым, у якіх 4 дзяцей, прапаноўвалі — квадратны метр 4300, гэта больш за тысячу даляраў. Нерэальна пабудавацца нават шматдзетным. Гэта трэба будзе 1800 плаціць у месяц крэдыту, пры нашых заробках у тысячу.
Марына кажа, што больш за 20 гадоў працавала. Цяпер яна абышла ўжо ўсе магчымыя інстанцыі. Таму і вырашыла выказацца ў тыктоку.
— Пытанне: навошта пісаць законы, навошта абяцаць? Прыбярыце тады гэтыя артыкулы, ніхто не будзе нічога патрабаваць.
На відэа Марыны ўжо адрэагавалі чыноўнікі. Агенцтва «Мінск-Навіны» дадае дэталяў гісторыі: «Цяперашняга мужа мінчанка па нейкіх прычынах не заяўляла ў склад сям'і для сумеснага паляпшэння жыллёвых умоў. Ён зарэгістраваны па іншым адрасе і здае ў наём уласную кватэру».
Сцвярджаецца таксама, што ў 2024 годзе Марыне прапаноўвалі пабудаваць двухпакаёвую кватэру — па метражы яна падыходзіла для чатырох чалавек. Жанчына ў відэа згадвала двухпакаёўку — аднак падкрэслівала, што канкрэтнай пісьмовай прапановы (з указаннем адрасу) не атрымлівала. Чыноўнікі ж сцвярджаюць: пытанне было ў тым, што Марына хацела выключна трохпакаёўку.
Абяцаюць, што ў хуткім часе жанчыне нешта прапануюць. Але папярэджваюць: пры аказанні дзяржпадтрымкі агульная плошча ўласнай кватэры мужа будзе аднята ад належнага нарматыву крэдытавання, што пакрывала б у выпадку сям'і агульную плошчу раней прапанаванай двухпакаёвай кватэры.
«Як кажа мая бабуля, цябе забяспечваюць два мужыкі — былы і Лукашэнка». Шматдзетная маці звярнулася да ўладаў у тыктоку
«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту
«Зрабіла зубы за вашы падаткі». 26-гадовая шматдзетная маці патраціла мацярынскі капітал на стаматолага
«Ён ніколі не піў». Шматдзетная маці праз тыкток просіць Лукашэнку разабрацца з крымінальнай справай яе мужа
Каментары