Беларус здымае відэа, як крадзе адзенне і падроблівае дакументы ў Польшчы. А як запахла смажаным, то кажа: усё дзеля лайкаў
31-гадовы гамельчук Кірыл Семяняка паспеў у юнацтве адсядзець за наркотыкі. Цяпер ён жыве ў Польшчы і называе сябе «галоўным гангстарам Варшавы». Хлопец бязбоязна прапаноўвае ў сацсетках свае паслугі па падробцы правоў кіроўцы і любых іншых дакументаў. «Наша Ніва» таксама знайшла яшчэ адзін яго акаўнт, у якім ён публікуе відэа з працэсам крадзяжу адзення з брэндавых крам. «Гэта ўсё шоу для лайкаў», — клянецца Семяняка.
Разбірацца ў рэальнасці гэтага «шоу» будзе польская паліцыя: «Белпол», які першым звярнуў увагу на хлопца, накіраваў запыт у мясцовыя органы.

«600-800 даляраў за пластык, адзін у адзін як арыгінал»
Беларусы ў Польшчы могуць памяняць сваё пасведчанне кіроўцы на польскае — без аўташколы і экзаменаў. Семяняка прапаноўваў падпісчыкам махлярскую схему. Ён друкуе фальшывае беларускае пасведчанне, пасля чаго атрымальнік ідзе мяняць яго на польскае — чыстае, з якім можна будзе без рызыкі катацца па ўсім свеце.
«Я раблю вельмі якасны пластык, адзін у адзін як арыгінал — х*й адрозніш. Кошт пытання: калі ў вас ёсць міжнародная ахова — 600 даляраў, калі няма, мы вам робім дадаткова даведку з амбасады з пацверджаннем легальнасці правоў [кіроўцы] за 800 даляраў», — рэкламаваў Семяняка ў тыктоку, які цяпер, па яго словах, «заблочаны хейтарамі». Таму ўсіх зацікаўленых паслугамі яго фірмы ён запрашае да сябе наўпрост у тэлеграм.
Семяняка сцвярджаў, што можа зрабіць фальшывыя дакументы не толькі для перасоўвання на машыне, але і забяспечыць пашпартамі «любой краіны».
На сваё імя 19 ліпеня 2024 года Семяняка зарэгістраваў у Польшчы фірму SYBRO_LG, галоўным кірункам дзейнасці якой з’яўляецца аптовы гандаль. Таксама ў кірунках працы пазначаныя «фатаграфія, пераклады, офісная дзейнасць і падтрымка бізнэсу».

Гандлем Семяняка таксама займаецца — праўда, мяркуючы па яго тыктоку, злачынным. 1 мая 2025 года ён завёў сабе новы акаўнт, дзе выхваляецца тым, як здымае з адзення ў крамах антыкрадзежныя біркі пры дапамозе магніта. Скрадзеныя рэчы, па яго ж словах, ён пасля перапрадае праз тыкток і ў тэлеграм-канале, спецыяльна створаным пад продажы-куплю. Мяркуючы па перапісках, частка тавару адпраўлялася ў Беларусь.

«У нас ужо банда з васьмі чалавек, працуем па Польшчы, Германіі, Аўстрыі. Хто без досведу — навучым, далучайцеся. Я рухаюся ў гэтым шмат год і сутыкнуўся з тым, што тавар, які апрацоўваецца (крадзецца. — НН) — яго цяжэй прадаць за нармальныя бабкі, чым адпрацаваць», — дзеліцца крымінальнымі нататкамі мужчына.
Асцярожна! Відэа ўтрымлівае нецэнзурную лаянку:
тг - @Jimivinitik
У каментарах яму раз-пораз пішуць: «Мы думалі, цябе ўжо прыкрылі», «Калі цябе ўжо затрымаюць?» На што Семяняка супакойвае падпісчыкаў: «Не, не прыкрылі. Мусары гэтыя, пі****сы, х*й возьмуць, асабліва польскія, усё на лайце — узровень якасці дакументаў расце, на гэты момант мы можам нават расійскія зрабіць — усё ў базе будзе, з пасведчаннем аб нараджэнні — усё, як трэба. Канечне, кошт будзе не тысяча-дзве тысячы еўра, але гэта для плацежаздольных».
Усіх, хто баіцца паспрабаваць красці рэчы і такім чынам зарабляць, Семяняка падбадзёрвае: «Можа, і прымуць (затрымаюць. — НН) — не без гэтага, але адпусцяць». І рэкамендуе пры гэтым разварочвацца ў вялікіх краінах: «У маленькіх салодка, базару нуль. Але ў Аўстрыі кента рубанулі з польскай міжнароднай аховай і адразу дэпартавалі проста да Брэста — завезлі за рукі-ногі. Таму а****на рухацца — Іспанія, Францыя, Германія, тая ж Польшча — у вялікіх краінах яны не могуць кантраляваць усё».
У тым самым тэлеграм-канале, які беларус піярыць праз свой тыкток, ён апублікаваў некалькі відэа з пошукам зацікаўленых для працы яшчэ ў адной сферы — апошняе з’явілася 26 чэрвеня.
«Ёсць сур’ёзны варушняк за сур’ёзныя бабкі — проста трэба мазгі. 10 тысяч еўра на месяц, плюс-мінус. Патрэбны хімік і варшчык, будзем варыць. Хто разумее, пра што гаворка, пішыце — накопіце бабла і зваліце ў Іспанію», — піярыць вакансію Семяняка, імаверна маючы на ўвазе спецыяліста для падпольнай вытворчасці наркотыкаў.

Кірыл Семяняка: «Гэта ўсё шоу!»
Семяняка нарадзіўся ў 1993 годзе, паступіў у гомельскі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарта (БелДУТ), але на другім курсе папаўся міліцыі на продажы марыхуаны. Згодна з яго крымінальнай справай, дэталямі якой з намі падзяліліся ў «Белполе», студэнт сарваў у прыгарадзе Гомеля «нявызначаную колькасць канопляў», якія пасля высушыў і здрабніў. На выхадзе атрымалася больш за 200 грамаў — марыхуану хлопец паліў сам, частку прадаў іншым людзям. За гэта атрымаў 8 гадоў зняволення.

«Наша Ніва» дазванілася да Кірыла, каб спытаць, ці не баіцца ён наступстваў, так адкрыта расказваючы пра парушэнні закона ў сеціве.
«Гэта ўсё фэйк, несапраўдныя відэа! Гэта шоу! Мы гуляем у крымінал, нібыта мы гангстары, — адказаў ён. — Людзі глядзяць такое, ім падабаецца. Я калі сядзеў у месцах не гэтак аддаленых, зразумеў псіхалогію людзей: ім падабаюцца «Брыгада», «Слова пацана»… Вось мы і граем шоу «мамчыных бандзюкоў».
На заўвагу, што гэта не выглядае як шоу, у тым ліку для польскай паліцыі, калі яна ўсё ж зацікавіцца такім кантэнтам, Семяняка прывёў свой аргумент:
«Для пачатку ім трэба рускую мову вывучыць. Калі яны і наткнуцца на мае ролікі, то прагартаюць. І я жыву ў свабоднай краіне — тут я хоць на аўто магу с*аць».
Пры гэтым Семяняка запэўнівае, што ў яго ўсё легальна:
«Машыны возім з Германіі (у дзейнасці фірмы мужчыны пазначана: аптовы гандаль без аўтатранспартных сродкаў. — НН). Каму трэба, дапамагаем рабіць дазвол на жыхарства ці правы кіроўцы тыя ж. Мяняем беларускія на польскія. Нават калі ў Беларусі ў вас не было правоў, можам новыя зрабіць, але ўсё легальна — проста праца, камунікацыя з людзьмі».
«Белпол» праінфармаваў польскіх сілавікоў пра імаверна незаконную дзейнасць Семянякі.
Каментары