Мытнікі правераць прызначэнне транспарту, што ўвозіцца фізічнымі асобамі
Беларускія мытнікі ўзмацняюць кантроль за прызначэннем транспартных сродкаў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі.
Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, аналіз статыстыкі пра ўвезеныя ў перыяд са студзеня па сакавік гэтага года аўтамабіляў паказаў, што юрыдычнымі асобамі ўвезена ў пяць разоў менш грузавых транспартных сродкаў і грузапасажырскіх мікрааўтобусаў поўнай масай да 5 тон у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года. У той жа час колькасць такіх транспартных сродкаў, увезеных фізічнымі асобамі, узрасла ўдвая.
Паводле меркавання ДМК, гэтыя звесткі сведчаць пра тое, што пад выглядам транспарту для асабістага карыстання ўвозяцца транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстання ў прадпрымальніцкай дзейнасці. У сувязі з гэтым ДМК вырашыў узмацніць кантроль.
У прыватнасці, цяпер начальнікі мытняў ці асобы, якія іх замяшчаюць, надзеленыя правам вызначаць прызначэнне згаданай катэгорыі транспартных сродкаў.
ДМК звяртае ўвагу, што пры прадстаўленні да мытнага афармлення асобе не спатрэбіцца праводзіць дадатковых дзеянняў або прад’яўляць дадатковыя дакументы і пісьмовыя заявы. Усе праверачныя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках аперацый мытнага кантролю. Пры гэтым пасведчанне пра мытнае афармленне выдаецца не пазней як праз адзін рабочы дзень, што ідзе за днём пачатку мытнага афармлення (рэгістрацыі мытнай дэкларацыі на тавары для асабістага карыстання).
Пры вызначэнні прызначэння грузавых транспартных сродкаў і грузапасажырскіх мікрааўтобусаў асноўнымі крытэрыямі, якія прымаюцца да ўвагі, з'яўляюцца:
— пісьмовыя тлумачэнні пра мэту і спосабы выкарыстання такога транспартнага сродку, а таксама прад'яўленыя дакументы, якія тлумачаць неабходнасць набыцця транспартных сродкаў;
— інфармацыя пра наяўнасць зарэгістраваных на гэту асобу аналагічных транспартных сродкаў;
— іншыя акалічнасці, што пацвярджаюць неабходнасць выкарыстання такіх аўтамабіляў фізічнай асобай у якасці асабістай маёмасці;
— вынікі агляду транспартных сродкаў.
Пры гэтым прымаюцца да ўвагі адсутнасць або наяўнасць прыкмет, якія дазваляюць характарызаваць прадстаўлены транспартны сродак як спецыяльны. Спецыяльныя транспартныя сродкі (напрыклад, такія, як аўтарэфрыжэратары, транспартныя сродкі, абсталяваныя спецыяльнымі механізмамі, мацаваннямі, маніпулятарамі і інш.) па сваім характары не могуць быць аднесены да тавараў для асабістага карыстання.
Як адзначаюць у ДМК, з улікам таго, што правядзенне згаданых праверачных мерапрыемстваў немагчыма ажыццявіць у пагранічных пунктах мытнага афармлення, такія транспартныя сродкі накіроўваюцца ў ведамасныя пункты мытнага афармлення, найбліжэйшыя да месца жыхарства.
У выпадку нязгоды з рашэннем мытні асоба, якая ўвезла транспартны сродак, можа звярнуцца ў Дзяржаўны мытны камітэт.
Каментары