За распальванне нянавісці да беларусаў у Літве судзяць прарасійскага актывіста
Блогера таксама вінавацяць у апаганьванні мемарыяла ахвярам рэжыму Лукашэнкі каля беларускай амбасады ў Вільні.

Лаўрынас Рагельскіс публічна абражаў беларусаў і яўрэяў, таксама ён неаднаразова прыходзіў да стыхійнага мемарыяла каля амбасады Беларусі ў Вільні, дзе раскідваў і зневажаў партрэты людзей, якія загінулі ад рэжыму Лукашэнкі.
Крымінальная справа супраць Рагельскіса была перададзеная ў суд яшчэ ў 2022 годзе, аднак працэс зацягнуўся на гады. Прарасійскі актывіст, які выдатна валодае літоўскай мовай, дэманстратыўна патрабаваў перакладчыка на рускую і перакладу ўсіх матэрыялаў справы. Ён шэсць разоў мяняў адвакатаў, спрабаваў даць адвод суддзі, засыпаў суд хадайніцтвамі.
Пракуратура патрабуе для Рагельскіса абмежавання волі на 1 год і 9 месяцаў з абавязковым нашэннем электроннага бранзалета і штраф у памеры 12 500 еўра.
Таксама пракурор просіць забараніць Рагельскісу наведваць мерапрыемствы беларускай дыяспары, забараніць яму карыстацца сацсеткамі на ўвесь тэрмін пакарання.
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы характарызуе Рагельскіса як «палітычнага маргінала», які актыўна супрацоўнічае з беларускімі прапагандыстамі і курыруе антызаходнія і прарасійскія рэсурсы на літоўскай мове.
У аўторак, 20 студзеня, віленская паліцыя павінна была даставіць Рагельскіса на судовае пасяджэнне, але не змагла.
Паліцыя паведаміла суду, што дзверы ім адчыніла жонка блогера. Яна сказала, што яе мужа няма дома з учорашняга дня і што яна не ведае, дзе ён знаходзіцца.
Паліцыя патэлефанавала абвінавачанаму, але той не адказаў.
Суддзя вырашыў пакуль не ўжываць найбольш строгую меру стрымання — арышт — і паспрабаваць з дапамогай паліцыі даставіць абвінавачанага на наступнае пасяджэнне. Яно прызначанае на 2 лютага.
«У яго ёсць пастаяннае месца жыхарства, дзеці, ён жанаты. Спадзяюся, што Рагельскіс будзе падтрымліваць сувязь з сям'ёй, магчыма, ён з'ехаў на адзін дзень у камандзіроўку», — сказаў суддзя.
Каментары
Я не прыхільнік дыктатуры, я проста канстатую відавочнае ... на вялiкi-вялiкi мой жаль.