Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі
У 2020 годзе беларус забраў у пенсіянераў пашпарты і загадаў прасіць грошы ў мінакоў каля крам і цэркваў. Усе здабыткі ён забіраў сабе, а пацярпелых запужваў смерцю. Мужчыны памерлі ад захворванняў.

Цяпер мужчына арыштаваны — яго абвінавачваюць у эксплуатацыі людзей (пункт 2 часткі 2 арт. 181-1 КК). Па гэтым артыкуле яму пагражае ад 3 да 10 гадоў калоніі.
Згодна са следствам, з верасня 2020 па жнівень 2024 года 31-гадовы абвінавачаны знаходзіў бяздомных і прапаноўваў ім працу на будоўлі і жыллё ў Мінску. Калі тыя пагаджаліся, забіраў у іх пашпарты і прымушаў жабраваць каля цэркваў і крам.
Пацярпелымі ў справе выступілі мужчыны 63 і 69 гадоў — жыхары Мінскай і Магілёўскай абласцей. Замест будаўнічых інструментаў «начальнік» выдаў ім плакаты з надпісамі аб дапамозе і інвалідныя вазкі. Мужчына растлумачыў, дзе ім трэба стаяць і як больш эфектыўна выклікаць жаль у мінакоў.
Увесь даход пацярпелыя павінны былі аддаваць «гаспадару». У выніку ён зарабіў каля 60 тысяч рублёў.
«Мужчына выкарыстаў пагрозы, псіхалагічны ціск і фізічную сілу, каб прымусіць падпарадкоўвацца і выходзіць «на кропку» — да крам і цэркваў. Ад раніцы ён адвозіў іх на «працу» і забіраў позна ўвечары. Штодзённы заробак тых, хто просіць міласціну, складаў парадку 100 рублёў», — піша прэс-служба пракуратуры.
Паведамляецца, што ўвесь час абвінавачаны збіваў пенсіянераў і забараняў ім есці, піць, курыць і хадзіць у туалет без дазволу. Ён таксама ўстанавіў сістэму «адпрацоўкі» — калі мужчыны не збіралі дастаткова грошай, ён іх абліваў ледзяной вадой і выстаўляў на балкон у халоднае надвор'е.
Калі «начальнік» пабачыў, што пенсіянер курыць падчас жабравання, ён адвёз яго да ракі і прымусіў сядзець у вадаёме. Калі пацярпелыя адмаўляліся выконваць заданні, ён пагражаў кінуць мужчын у тую ж самую ваду.
Пенсіянеры баяліся звяртацца да міліцыі. Да суду над катам яны не дажылі — памерлі ад захворванняў.
Абвінавачаны віну не прызнаў. Аказалася, што нядаўна ён быў асуджаны за аварыю, якая прывяла да смерці чалавека.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары