Навука і тэхналогіі22

Знойдзены ў Кітаі чэрап можа перапісаць эвалюцыю чалавека

На беразе ракі ў цэнтральным Кітаі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму знайшлі моцна пашкоджаны чэрап, які доўгі час не паддаваўся класіфікацыі. Цяпер, дзякуючы новаму аналізу, ён даў вучоным аргументы на карысць таго, што Homo sapiens мог з'явіцца ў Азіі на 400 000 гадоў раней, чым лічылася.

Так мог выглядаць Homo longi. Крыніца: ancestralwhispers.org

У цэнтральным Кітаі, у правінцыі Хубэй, яшчэ ў 1989—1990 гадах былі выяўлены два старажытныя чэрапы, а ў 2022 годзе — трэці. Адзін з іх, вядомы як Юньсянь 2, захаваўся лепш за іншыя, хоць і быў моцна дэфармаваны. Яго ўзрост складае прыкладна мільён гадоў.

Нядаўна, як піша CNN, навукоўцы выкарысталі перадавыя тэхналогіі: камп'ютарную тамаграфію, светлавое сканаванне і метады віртуальнай рэканструкцыі. Гэта дазволіла «выцягнуць» чэрап з акамянелай пароды, выправіць дэфармацыі і аднавіць яго арыгінальную форму. Атрыманая 3D-мадэль дала магчымасць дакладна ацаніць рысы, якія раней было цяжка разглядзець.

Раней, з-за ўзросту чэрапа, некаторыя эксперты меркавалі, што ён належаў Homo erectus (чалавеку прамаходзячаму). Сапраўды, яго вялікая, «прысадзістая» мазгавая каробка нагадвала Homo erectus. Аднак іншыя рысы, такія як плоскія і неглыбокія скулы, не адпавядалі гэтаму віду, што стварала навуковую загадку.

Выгляд чэрапа Юньсянь 2. Фота: матэрыялы артыкула / science.org

Даследчыкі зрабілі выснову, што Юньсянь 2 лепш уключыць у лінію Homo longi — так званага «чалавека-дракона», які быў апісаны ў 2021 годзе па знаходцы ў паўночна-ўсходнім Кітаі. Па генетычных даследаваннях гэты від звязаны з дзянісаўцамі — таямнічай групай даўніх людзей, вядомай галоўным чынам з ДНК і нешматлікіх рэшткаў костак, знойдзеных у Сібіры і іншых месцах Азіі.

Перагляд эвалюцыйнага дрэва

Даследчыкі не абмежаваліся адной рэканструкцыяй. Яны параўналі Юньсянь 2 з 104 іншымі чэрапамі і сківіцамі з чалавечага рэестра выкапняў. З дапамогай матэматычнай праграмы, якая выкарыстоўваецца ў эвалюцыйнай біялогіі, яны склалі філагенетычнае дрэва — схему эвалюцыйных сувязяў.

Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Science, кардынальна мяняюць карціну эвалюцыі. Раней, на аснове аналізу старажытнай ДНК, лічылася, што агульны продак Homo sapiens, неандэртальцаў і дзянісаўцаў (Homo longi) жыў прыкладна 700—500 тысяч гадоў таму, хоць ніколі не было ясна, кім быў гэты від-продак, якога часам называюць «Продак Х».

Новае даследаванне адсоўвае гэтыя падзеі ўглыб гісторыі. Згодна з новай мадэллю, лінія неандэртальцаў аддзялілася ад агульнага ствала каля 1,38 мільёна гадоў таму, а неўзабаве пасля гэтага, прыкладна 1,32 мільёна гадоў таму, адбыўся падзел паміж продкамі Homo sapiens і дзянісаўцаў.

Гэта прыводзіць да яшчэ аднаго рэвалюцыйнага выніку: дзянісаўцы аказваюцца больш блізкімі сваякамі сучасных людзей, чым неандэртальцы, якіх традыцыйна лічылі нашай «сястрынскай» групай.

У канчатковым выніку, калі гэтыя высновы слушныя, паходжанне нашага ўласнага віду, Homo sapiens, адсоўваецца прыкладна на 400 000 гадоў.

Так мог выглядаць Homo longi

Скепсіс і адкрытыя пытанні

Не ўсе навукоўцы гатовыя цалкам прыняць прапанаваную карціну эвалюцыі. Напрыклад, палеаантраполаг Раян Макрэй лічыць рэканструкцыю чэрапа якаснай, але выказвае сумнеў наконт пабудовы эвалюцыйнага дрэва, мяркуючы, што каманда, магчыма, «зрабіла занадта шмат высноў з абмежаваных даных».

Тым не менш, калі новая, больш старажытная храналогія слушная, яна ставіць перад навукоўцамі новыя пытанні. Адзіным вядомым кандыдатам на ролю агульнага продка ўсіх трох груп (sapiens, неандэртальцаў і дзянісаўцаў) у такім выпадку становіцца Homo erectus, бо іншыя віды, такія як Homo heidelbergensis, проста занадта «маладыя» для гэтай ролі.

Самі аўтары адзначаюць, што чакалі, што іх высновы выклічуць пэўны скепсіс, таму яны плануюць пашырыць свой аналіз, уключыўшы дадатковыя крыніцы даных і іншыя выкапні, у тым ліку больш з Афрыкі, каб удакладніць карціну.

Даследаванне таксама ставіць глабальнае геаграфічнае пытанне: дзе жылі гэтыя агульныя продкі? У Афрыцы, якая традыцыйна лічыцца калыскай чалавецтва, ці за яе межамі? Знаходка Юньсянь 2 падкрэслівае, што Усходняя Азія захоўвае ключавыя доказы для разумення позніх этапаў эвалюцыі, і яе роля магла быць значна важнейшай, чым меркавалася раней.

У гэтым кантэксце аўтары даследавання адзначаюць, што іх праца дапамагае часткова разблытаць тое, што палеаантраполагі называюць «блытанінай пасярэдзіне» — заблытаны набор чалавечых выкапняў з перыяду ад 1 мільёна да 300 000 гадоў таму, якія цяжка класіфікаваць і звязаць паміж сабой.

Каментары2

  • Gorliwy Litwin
    29.09.2025
    Палеанталогія такая навука што ўвесь час даводзіцца ўсё перапісваць
  • Жвір
    29.09.2025
    Цікава. Вынікае, што гэтая галіна сышла з Афрыкі ў цяперашнюю Азыю больш за міл'ён гадоў таму, сама міграцыя й адаптацыя патрабавала ня менш часу. А калі ўлічыць, што іхныя продкі, меркавана агульныя сапіенсам і неандэртальцам, цягам доўгага часу "запаўнялі" Афрыку, да пачатку распаўзаньня па плянэце, дык цялкам магчыма, не выключана, што самыя першыя зь іх бачылі дыназаўраў... Яшчэ вынікае, што сапіенсы апошнімі наважыліся рушыць у дарогу з сваіх родных афрыканскіх абшараў, калі неандэртальцы ўжо засялілі Еўропу й 300 тысяч гадоў там гаспадарылі, а гэтая во, проксі-дзянісаўцы, ня менш часу ўжо акучвалі Азыю.
    Лёгка зрабіць выснову, што сапіенсы й былі прычынай той міграцыі. Спачатку яны выпіхнулі "сваякоў" з Афрыкі, а потым падцягнуліся да іх у Еўропу ды Азыю й там канчаткова прыкончылі... Ну, а як ужо тых прыкончылі, дык пачалі нізводзіць адно аднаго ды й робяць гэта дасюль,.. бо яны сапіенсы й гэтым усё сказана ...

Цяпер чытаюць

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены22

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Усе навіны →
Усе навіны

Школьнікі пратэстуюць у туалетах супраць забароны тэлефонаў 29

«Калісьці я кіраваў аддзелам пад 40 чалавек». Цімлід не знайшоў працу ў Польшчы і ўладкаваўся касірам12

«Беларускія Мальдывы» стануць помнікам прыроды. Чым унікальныя затопленыя Ваўкавыскія кар’еры4

«Чорная жамчужына» сушыць вёслы»: тыкток у захапленні ад вялізнага фрэгата, які пабудаваў пенсіянер у Пінску ў сваім агародзе6

Беларус вырасціў гіганцкі перац — памерам з электрачайнік1

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары24

«Хлопцы гралі на гітары Ляпіса Трубяцкога». Як беларусы арганізаваліся, каб сустрэць нечакана вызваленых палітвязняў4

На выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнта Санду, прарасійская апазіцыя прайграла9

Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены22

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць