27‑гадовая полька памерла на райскім востраве ад ачышчальнай дыеты. Дзяўчына важыла 27 кг
27‑гадовая Караліна Кшыжак марыла пра гармонію, здароўе і жыццё «ў згодзе з прыродай». Яна памерла ў снежні 2024 года на Балі — у віле з выглядам на вулкан і басейнам з бірузовай вадой. Яе цела важыла 27 кілаграмаў. Трагедыя дзяўчыны стала прыкладам таго, як сацыяльныя сеткі і небяспечныя дыетычныя трэнды могуць забіць чалавека, піша Onet.

Дзяцінства Караліны прайшло ў Варшаве. Яна была прыгожай, адоранай дзяўчынай: займалася балетам, сучаснымі танцамі, добра вучылася. Але ўнутры, кажуць сябры, яе раз’ядала нянавісць да ўласнага цела.
У 15 гадоў яна напісала ў фэйсбуку: «Чаму плачаш? Бо я тоўстая». Гэта быў крык падлеткавай няўпэўненасці, які ніхто не пачуў. У школе яе хвалілі за дысцыпліну і працавітасць — яна заўсёды была «ідэальнай». Гэта і стала пасткай.
У 18 гадоў Караліна пераехала ў Лідс (Вялікабрытанія), дзе пачала вывучаць мастацтва. Там яна адкрыла для сябе ёгу і веганства. Усё пачыналася бяскрыўдна: здаровы лад жыцця, адмова ад мяса, экалогія, клопат пра жывёл.
Але хутка гэта ператварылася ў ідэалогію «ачышчэння».
У інстаграме яна пісала: «Веганства адкрыла мне вочы на столькі рэчаў. Я адчуваю сябе жывой, свабоднай, удзячнай».
Яе профіль стаў вітрынай дасканаласці — смузі, зялёныя кактэйлі, фатаграфіі з малітвай на пляжы. Пад кожным фота дзясяткі каментарыяў: «Ты выглядаеш неверагодна!», «Гэтая шыя, гэтыя абрысы!»
Кампліменты дзейнічалі як наркотык. Яна ўсё менш ела, усё больш «ачышчалася». Вага знізілася да 40 кілаграмаў, але ў сацсетках яе хвалілі: «Ты святло», «Ты натхненне».
У 2017 годзе Караліна пазнаёмілася ў інтэрнэце з фрутэрыянскай інфлюэнсаркай Даніэлай Сіірай — аўстралійкай, якая вучыла, што «сырыя фрукты — шлях да духоўнай свабоды».
Караліна, якая ўжо мела праблемы з анарэксіяй і знікненнем менструацыі, спытала яе: «Ці можна паправіць здароўе, калі есці толькі фрукты?»
Тая адказала: «Так, гэта натуральнае ачышчэнне цела. Бог стварыў для нас фрукты, і яны гэта ўсё, што нам трэба». Гэта гучала як абяцанне выратавання.
Так пачалася апошняя стадыя яе трансфармацыі — фрутэрыянства, дыета, у якой дазваляюцца толькі сырыя фрукты. Без бялку, без тлушчаў, без соляў.
Праз год бацькі заўважылі, што дачка проста знікае на вачах. Яны прывезлі яе дадому, арганізавалі лячэнне, псіхалагічную дапамогу. У 2018 годзе яна трапіла ў шпіталь з дыягназам парушэнне харчовых паводзін.
Але яна адмовілася прызнаць хваробу. Пасля выпіскі сказала, што «дактары не разумеюць» духоўнага ачышчэння».
Пачаліся сваркі, крыкі, слёзы. Маці плакала, прасіла есці. Бацька забараняў ёй выходзіць. Але Караліна была ўпэўненая, што бацькі — яе ворагі, «труцяць» яе энергетыку.
Яна ўсё больш замыкалася ў сабе, жыла жыццём у інстаграме.
Яе здымкі сталі страшнымі: тонкія рукі, рэбры, вочы, што гарэлі ад фанатызму. Падпісчыкі ўсё яшчэ казалі: «Ты прыклад для нас».
Уцёкі ў «рай»
У 2024 годзе яна пакінула Варшаву. Спачатку — Тэнэрыфэ. Потым, у верасні, Балі. Там яна хацела далучыцца да супольнасці «фрутэрыян Убуд» — людзей, якія «жывуць на святле і фруктах».
Першапачаткова яна была ў захапленні: пальмы, сокі, усмешкі, духоўныя размовы. Але яе арганізм ужо не вытрымліваў. Мясцовы трэнер Грэм, які сустрэўся з ёй, пазней казаў журналістам: «Я адразу зразумеў — гэта небяспека. Яна ледзь стаяла, вочы былі пустыя».
Праз некалькі тыдняў яна ўжо не магла хадзіць. Зубы пачалі гніць, пазногці пажаўцелі. Сябры прапаноўвалі ёй шпіталь, але яна адмаўлялася: «Не трэба лекараў. Гэта частка ачышчэння».
8 снежня 2024 года Кароліна засялілася ў люксавы эка-курорт Sumberkima Hill з выглядам на вулкан і мора.
Персанал запомніў яе — «вельмі худая, амаль празрыстая». Яна ледзь ішла, і работніку на рэцэпцыі давялося правесці яе да пакоя.
Яна сказала: «Калі ласка, не турбуйце мяне. Я буду есці толькі фрукты. Кладзіце іх каля дзвярэй».
На наступны дзень супрацоўнікі прапанавалі выклікаць доктара. Яна адказала: «Не трэба. Усё пад кантролем. Гэта маё ачышчэнне».
Праз некалькі дзён яна ўжо не выходзіла на тэрасу. Потым пачала клікаць персанал, каб дапамаглі пакласці яе на ложак — яна не магла паварушыцца.
Калі сяброўка з Балі не змагла з ёй звязацца і папрасіла праверыць пакой — было позна. Караліну знайшлі мёртвай.
«Яна ляжала нерухома на падлозе, скура была плямістая, валасы — сівыя», — апісваў дырэктар гатэля.
Мясцовы медык адзначыў востры астэапароз, адсутнасць бялкоў і ацёкі. Яе вага — 27 кілаграмаў.
Пасля смерці Караліны яе сябры з фрутэрыянскай супольнасці пачалі выкладаць пасты пра раскаянне.
Даніэла Сііра напісала: «Я больш не фрутэрыянка. Я страціла сяброўку. Мы ўсе вінаватыя, што падтрымлівалі хваробу пад выглядам духоўнасці».
Тыя, хто раней называў Караліну «сімвалам чысціні», цяпер пісалі, што «не заўважылі небяспекі». Але было позна.
Караліна марыла жыць на Балі, «бліжэй да сонца і фруктаў». У апошніх паведамленнях сяброўцы яна пісала: «Я бачыла шмат блогаў пра падарожжы. Марыла, што буду шчаслівая, моцная, усмешлівая, з сям’ёй у сэрцы».
Але віртуальны «рай» аказаўся пасткай. Яна памерла ў адзіноце, пакуль у сацсетках працягвалі лайкаць яе фота з подпісам: «Еш фрукты — і будзеш вольны».
-
Навошта жанчыны колюць у твар сперму ласося? Беларуска падзялілася ўласным досведам
-
Эпідэміёлаг расказала, колькі насельніцтва хварэе штогод у Беларусі ў сезон захворвальнасці на ВРІ і чаго чакаць ад новага каранавіруса
-
Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння
Каментары
А фанатызм, ён у ва ўсім шкодны.
набяруцца розуму з тых падручнікаў - і канец жыцьцю. Ні гатэляў, ні вульканаў, ні басэйнаў з фруктамі.