«Смачна з'еў кукурузу, аж сліна цякла». Беларус пайшоў у лес у грыбы і раптам сутыкнуўся з мядзведзем
На пачатку кастрычніка віцебскі фатограф Андрэй Тавалжанскі паехаў са сваёй жонкай у грыбы і раптоўна сустрэўся з мядзведзем. Касалапы сядзеў на ўскрайку лесу і так зачаравана еў пачатак кукурузы, што не адразу заўважыў чалавека. А калі заўважыў — устаў на заднія лапы, каб лепш разгледзець фатографа.

Жонка Андрэя не разгубілася і паспела зняць на тэлефон відэа, дзе ў адным кадры засняты драпежнік і чалавек. Пазней здымкі мядзведзя з чалавечым позіркам і барадой, як у старога, аўтар выклаў у Instagram. Onliner.by звязаўся з Андрэем і даведаліся падрабязнасці неверагоднай сустрэчы, якую нікому не раім паўтараць.
— Мы спачатку нават з машыны не выходзілі, адрэналін, вядома, зашкальваў. Спярша думаў, што гэта мядзведзяня і побач, магчыма, дзесьці мядзведзіца ходзіць. Паздымаў з машыны, а потым накінуў куртку, узяў фоцік і павольна пайшоў да яго бліжэй. Калі ўжо наблізіўся да звера метраў на 70, то ўбачыў, што гэта здаровы мядзведзь.
Мядзведзь сядзеў пасярод палянкі і смачна, аж сліна цякла, еў кукурузу. Ён заўважыў мяне, калі я падняўся ва ўвесь рост. Толькі тады мядзведзь стаў на дыбкі. Я падняў рукі над галавой, каб пазначыць свой памер, стаў гучна казаць — разумеў, што дабегчы да машыны ў гумовых ботах не паспею: мядзведзь, калі б рвануў, дагнаў бы, — расказаў Андрэй.
У гэты час жонка Андрэя стаяла каля машыны і здымала ўсё на камеру тэлефона. Па словах суразмоўцы, на выпадак сустрэчы з дзікім жывёлам у яго заўсёды ёсць пры сабе «сігнал паляўнічага» — прыстасаванне, якое імітуе стрэлы, а таксама свісток. Але гэта ўсё не спатрэбілася: мядзведзь, убачыўшы чалавека, кінуў есці кукурузу і збег у лес.

— У тых месцах у маіх знаёмых стаяць фотапасткі. І калі яны іх прагледзелі, то аказалася, што там, дзе мы з жонкай збіралі грыбы, пастаянна ходзяць гэтыя мішкі, а таксама рысі, ваўкі — увогуле, шмат жывёл.



Прыблізна за тры тыдні да гэтай сустрэчы Андрэй ужо бачыў мядзведзя — той увогуле раптоўна вылез з кукурузы ў трыццаці метрах ад нашага суразмоўцы.
— Рана раніцай перад працай паехаў за горад у надзеі заспець аленяў ці казуль (у іх зараз гон), ды і наогул прыроду паздымаць. Іду і заўважаю на дарозе свежыя мядзведжыя сляды. Пайшоў па іх, а пасля проста спыніўся на дарозе, ззаду кукурузнага поля, і стаў прыслухоўвацца.
Думаю: дай пастаю побач з гэтым полем, можа, хто-небудзь цікавы міма пройдзе. А ззаду — гукі незразумелыя ў кукурузным полі. Па гуках звычайна чутно, хто ідзе: лось там ці мядзведзь — яны ходзяць вельмі гучна. А там нейкія гукі незразумелыя былі, таму я трошкі яшчэ наперад прайшоў — і раптоўна метрах у трыццаці стаў ва ўвесь рост мядзведзь! Ён там таксама кукурузу еў, як і гэты мішка. Мядзведзь, калі стаў, быў вышэй за кукурузу. Літаральна долі секунды ўсё гэта доўжылася, я нават не паспеў адрэагаваць, у плане спалохацца не паспеў: зрабіў літаральна пару кадраў, і мядзведзь збег. Першы кадр увогуле атрымаўся размазаны, расплывісты, як быццам глядзіш у акулярах з дрэнным зрокам.

Суразмоўца адзначае, што ў асноўным сустрэчы з дзікімі жывёламі — гэта справа выпадку. Найчасцей жывёлы самі стараюцца абыходзіць людзей і не перасякацца з імі.
Каментары