Грамадства77

Сын вядомага праўладнага сацыёлага Мусіенкі папрасіў міжнароднай абароны ў Польшчы

Валер Мусіенка — сын Сяргея Мусіенкі, кіраўніка аналітычнага цэнтра ЕсооМ, які перад кожнымі выбарамі выкатвае вынікі сацапытанняў падтрымкі Лукашэнкі, якія супадаюць з лічбамі, што будуць агучаныя ЦВК. Хлопец — актывіст ЛГБТК, ён пераехаў у Польшчу. Сваім болем і бедамі хлопец падзяліўся з «Люстэркам».

Валер Мусіенка. Фота з сайта zrzutka.pl

«Не было пачуцця камфорту і павагі»

У 2023 годзе тады яшчэ 18‑гадовага Валера выклікалі ў ваенкамат, але жаданнем ісці служыць ён не гарэў. Варыянт не трапіць у войска быў — яшчэ ў 2021‑м яму паставілі дыягназ «абсесіўна-кампульсіўны разлад» (АКР). Пра гэта малады чалавек і паведаміў падчас медкамісіі. Паколькі з такім захворваннем можна атрымаць адтэрміноўку, медкамісія накіравала яго ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

— Там я правёў толькі два тыдні, перыяд абследавання, — успамінае Валер. — Дактары аказаліся пастаянна стомленымі, персанал таксама не заўсёды ўключаны. Перыядычна паводзілі сябе вельмі груба ў адносінах да людзей з асаблівасцямі. Дактары аддзялення не ўспрымалі скаргі пацыентаў сур'ёзна. Там вельмі шмат пажылога медперсаналу. І яны столькі сустракалі тых, якім абы адкасіць, што сталі проста ігнараваць чыесьці праблемы, просьбы. Была толькі адна добрая доктарка, якая паважліва да мяне ставілася, выслухоўвала. Наколькі я ведаю, зараз яна за мяжой. Атрымліваецца, адзіны нармальны чалавек, які там працаваў, з'ехаў.

Палата Валера падчас абследавання ў РНПЦ у Навінках. Мінск, верасень 2023 года. Фота: асабісты архіў

Абследаванне беларуса ўключала размовы з псіхолагамі і псіхіятрамі, розныя праверкі актыўнасці мозгу і аналізы. Частка часу — гэта проста чаканне, адзначае Валер.

— Да бытавых умоў засталося шмат пытанняў. Па-першае, вельмі тонкі матрац — і ты літаральна спіш на спружынах, спіна пастаянна стамляецца, — пералічвае ён. — Па-другое, вельмі нязручныя душавыя, мыцца можна толькі раз у дзень, вечарам, па чарзе. Душ быў вельмі іржавы, у прыбіральні каля шасці ўнітазаў, а перагародкі паміж імі вышынёй крыху больш за метр. І калі побач з табой сядзіць яшчэ адзін чалавек, вельмі дыскамфортна.

Ежу ў бальніцы Валер характарызуе як «больш-менш сярэднюю», але «крыху горш, чым школьную».

У аддзяленні дазвалялі карыстацца ноўтбукам, а вось усё вострае (нажніцы, брытвы і іншае) было пад забаронай. Агульнае ўражанне ад знаходжання там беларус апісвае так:

— У Навінках не было пачуцця камфорту і павагі.

Праз два тыдні дактары не пацвердзілі дыягназ АКР. Але напісалі, што ў Валерыя ёсць разлад канцэнтрацыі ўвагі. У ваенкамаце яму далі адтэрміноўку на год. Паўторна туды ён ужо не з'явіўся, з лістапада 2024 года малады чалавек жыве ў Польшчы.

«Адна дзяўчына плявалася ў іншых, іншы мужчына спрабаваў пабіцца»

Пасля прыезду ў новую краіну Валерый падаўся на міжнародную абарону. Атрымаўшы права на працу, уладкаваўся ў McDonald’s. Нейкі час адчуваў сябе нармальна, але ў ліпені гэтага года сітуацыя абвастрылася.

— Я аказаўся ў крызісным эмацыйным стане, — прызнаецца ён. — Па-першае, сапсаваліся адносіны з некаторымі людзьмі. Па-другое, у канцы чэрвеня я ўпершыню за восем месяцаў пазваніў свайму бацьку; Ён вельмі актыўны прыхільнік Лукашэнкі, працуе на яго ўжо 31 год. І я па дыялогу зразумеў, што для яго даражэй Лукашэнка, чым родны сын. Гэта мяне падкасіла.

Наступныя некалькі тыдняў маральны стан маладога чалавека пакідаў жадаць лепшага. У нейкі момант ён зразумеў, што баіцца ісці на працу на наступны дзень: баяўся, што можа сабе неяк нашкодзіць на кухні.

— Таму проста пайшоў гуляць ноччу па раёне Прага, у якім тады жыў. Стан быў жудасны, больш за гадзіну правёў на лініі падтрымкі для маладых людзей у крызісе, — расказвае малады чалавек. — Мне падказалі шмат добрых рэчаў, падтрымалі. Дыспетчар быў вельмі добрым. Але гэта ўсё роўна не дапамагло. Я зразумеў, што мне страшна, што губляю кантроль над сваім целам.

У той момант беларус паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Усвядоміў, што яго можа спыніць толькі знешняе ўмяшанне, і змог выклікаць хуткую. Яна прыехала праз пару хвілін.

— Я быў у шоку, увесь у слязах, крыві. Яны паспрабавалі мяне супакоіць, пад рукі завялі ў карэту хуткай дапамогі, — успамінае ён. — І адвезлі ў бальніцу. Там мне вельмі дапамаглі, але хачу адразу адзначыць, што гэта мой індывідуальны вопыт. Далёка не ва ўсіх бальніцах у Польшчы такая сітуацыя.

Прыкладна а гадзіне ночы Валерый апынуўся ў псіхіятрычным аддзяленні Мазавецкай ваяводскай бальніцы «Дрэўніца», што ў прыгарадзе Варшавы. Па прыездзе ў яго ўзялі аналізы, агледзелі рэчы. Усё небяспечнае і вострае, а таксама брудную вопратку забралі. Замест гэтага беларусу выдалі спецыяльную бальнічную. Ужо да чатырох раніцы маладога чалавека аформілі і адвялі ў палату.

Тэрыторыя Мазавецкай ваяводскай бальніцы «Дрэўніца», у якой ляжаў Валер; Польшча, лета 2025 года. Фота: асабісты архіў

— Усяго ў іх два аддзяленні. Адно для некрытычных пацыентаў. І другое — для людзей у крытычным, цяжкім стане. Яно зачынена на ключ, туды можа трапіць толькі медперсанал, — тлумачыць суразмоўца. — У гэта аддзяленне трапляюць такія, як я, суіцыднікі. Яшчэ людзі, якія кагосьці пабілі, пашкодзілі чыюсьці маёмасць або парушалі грамадскі парадак і гэтак далей. Там я прабыў толькі тыдзень.

Бытавыя ўмовы ў аддзяленні польскай бальніцы беларус апісвае коратка: восем пакояў, у кожным па тры ложкі, тры агульныя туалеты і душ без шторкі. Замкоў на дзвярах не было (нават у душавых кабінках), каб у выпадку чаго персанал мог трапіць у любы пакой.

— Многія ў прыбіральню ходзяць ноччу, проста дзеля прыватнасці. Я сам у душ таксама хадзіў па начах, каб пабыць сам-насам, — расказвае Валер. — Там было шмат людзей, якія часта парушалі асабістыя межы. Адна дзяўчына плявалася ў іншых, іншы мужчына спрабаваў пабіцца з навакольнымі. Яшчэ адзін чалавек з нейраадрозненнем кожны дзень закочваў істэрыкі і біўся галавой аб сцены (па меншай меры, спрабаваў, але яго спынялі). Узнікла пачуццё дэжавю, калі кожную раніцу, акрамя суботы і нядзелі, дактары праводзілі абход палат (у Навінках было тое ж самае). Пытаюцца, як сябе адчуваеце, ці ёсць скаргі. І разам з лекарамі былі практыканты (каля дзесяці чалавек).

Ежа ў Мазавецкай ваяводскай бальніцы «Дрэўніца», у якой ляжаў Валерый. Польшча, лета 2025 года. Фота: асабісты архіў

У адрозненне ад Беларусі, у псіхіятрычным аддзяленні варшаўскай бальніцы быў тэлевізар, успамінае суразмоўца. Спецыяльнага памяшкання для сталовай не было, яе ролю выконвала акенца, з якога выдавалі ежу. Таксама ў распараджэнні пацыентаў быў балкон і курылка.

— Святло выключаюць у 22.00, у гэты ж час аўтаматычна адключаюць разеткі, — дадае дэталі Валерый. — Сняданак, па-мойму, у 10.00, абед — у гадзіну дня, нешта каля таго. І вячэра дзесьці а пятай гадзіне вечара. Ежу гатавалі на абодва аддзяленні, таму што кухня адна. Порцыі для мяне здаваліся трохі замалыя, але сама па сабе ежа на ўзроўні. Напрыклад, адзін раз давалі кавун і мікс смажанай цыбулі, шампіньёнаў, мяса і нейкага такога сметанковага соусу. Ну і кампот. У іншы дзень былі смажаныя курыныя ногі, салата, пюрэ. Адзін раз на сняданак давалі бліны з клубнічным варэннем. Бывалі розныя супы: расольнік, з морквай і памідорам, макаронны. Дарэчы, там яшчэ можна самому заказваць ежу з крам. Але яна абавязкова павінна быць запакаванай.

Наведваць хворых дазвалялася ў абодвух аддзяленнях, удакладняе беларус. Прычым спецыяльнага часу не вылучалася, гасцей пускалі з 10 раніцы да шасці-сямі вечара.

«Ставіліся вельмі добразычліва, з павагай»

Калі праз сем дзён дактары зразумелі, што беларус не спрабуе паўторна забіць сябе і бяспечны для атачэння, яго перавялі ў аддзяленне для некрытычных пацыентаў.

Яно было падобнае на першае (хіба што не зачынялася на ключ) і разлічана прыкладна на 20 чалавек. Але вось душ з прыбіральняй ужо былі ў кожнай палаце, што істотна спрашчала жыццё.

— З асабістай прасторай усё роўна заставалася цяжкавата, цяжка адасобіцца, напрыклад, каб глядзець нешта на тэлефоне і есці. Але часам вечарамі ля тэлевізара было пуста, і можна было пасядзець там. Дарэчы, у другім аддзяленні сталовая ўжо як асобны пакой, — расказвае Валерый.

Палата ў псіхіятрычным аддзяленні бальніцы, дзе ляжаў Валерый (злева) і прыбіральня з душам у аддзяленне для некрытычных пацыентаў (справа). Польшча, лета 2025 года. Фота: асабісты архіў

Яшчэ з адрозненняў — наяўнасць агульнага халадзільніка для пацыентаў, а таксама магчымасць карыстацца мікрахвалеўкай у пэўны час, працягвае беларус. Дазвалялі і нажніцы з брытвамі (у «зачыненым» аддзяленні такое забаронена). У распараджэнні людзей таксама было шмат кніг, пазлаў, каляровых алоўкаў і іншага для забавы.

— З самага пачатку персанал, які мяне прымаў і апытваў, ужо быў нашмат больш клапатлівы, спакойны, уважлівы, чым у Беларусі, — разважае Валерый. — Яны ставіліся вельмі добразычліва, з павагай, цікавіліся самаадчуваннем. Калі бачылі, што чалавеку дрэнна, не есць ці скардзіцца на нешта, маглі крыху пагаварыць. Практычна ніякай гамафобіі і ксенафобіі я не адчуў. Наадварот, адна з дакторак крыху ведала рускую і рэкамендавала кантакты бясплатных псіхолагаў. Хоць адзін з дактароў, я чуў, па тэлефоне на гучнай сувязі казаў Polska dla Polakow («Польшча для палякаў»).

Праблем з мовай не ўзнікла, дадае малады чалавек. Яго польскай хапала, каб тлумачыцца ў побыце, для абмеркавання медыцынскіх пытанняў пераходзіў на англійскую. Дапамога спатрэбілася толькі адзін раз, калі ён быў у цяжкім стане: тады паклікалі беларуску, якая пераклала для псіхіятра гісторыю Валера.

Аўтапартрэты, якія Валер намаляваў падчас лячэння. Польшча, лета 2025 года. Фота: асабісты архіў

— Я правёў там амаль месяц, з 15 ліпеня па 11 жніўня. За гэты час тэрапіі як такой не было, толькі раз у тыдзень мы збіраліся ўсе разам у кола, каб пагаварыць з доктарам, — апісвае лячэнне суразмоўца. — Асноўнай сутнасцю майго знаходжання было нават не лячэнне як такое, а хутчэй стабілізацыя. Там усе ўмовы, каб проста адпачыць ад стрэсу. Табе гатуюць ежу, дапамагаюць прыбрацца, могуць дапамагчы з праннем, даюць лекі. У мяне гэта былі антыдэпрэсанты і снатворнае. Калі нешта турбавала, напрыклад, балела галава ці быў нейкі страх, давалі дадатковае заспакойлівае. Па вечарах можна гуляць. Вядома, праводзіліся перыядычна нейкія заняткі. Напрыклад, у мяне была кулінарная тэрапія, калі мы збіраліся з медсястрой і нешта гатавалі.

На пытанне, наколькі дапамагло знаходжанне ў бальніцы, Валерый адказвае коратка: «Цяжка сказаць».

— Мяне крыху стабілізавалі, палепшыўся апетыт, — разважае ён. — Але я разумеў, што калі выйду, усё роўна застануцца тыя ж праблемы: легалізацыя, праца. Трэба будзе нанова сабе гатаваць, думаць, дзе і як жыць. Хутчэй, знаходжанне там дапамагло падумаць пра многія рэчы і пераасэнсаваць некаторыя моманты з майго жыцця, бо я шмат часу праводзіў сам-насам з сабой і практычна ні з кім не размаўляў.

Пасля выпіскі беларусу далі рэцэпт на лекі на два месяцы, а яшчэ расказалі, куды звяртацца, калі стане горш. Псіхолага беларус шукаў сам — спачатку займаўся за грошы, а цяпер знайшоў бясплатнага.

— У цэлым у мяне добрыя ўражанні ад бальніцы ў Варшаве, — кажа беларус. — Але я чакаў крыху большага. Думаў, што там будзе індывідуальная праца, што са мной будуць гаварыць, а не проста раздаваць лекі і сачыць, каб я еў. Тым не менш нават тое, што было — нядрэнна. Галоўнае, што стаўленне пазітыўнае, клапатлівае, інклюзіўнае. Дактары больш зацікаўлены і ўважлівыя да цябе, чым было ў Навінках.

Каментары7

  • Ё
    16.10.2025
    Хворы чалавек. Калі прагматычна, то польскія падаткаплацельшчыкі павесець сабе на шыю псіхічна хворага чалавека. Наколькі я зразумеў, у Беларусі яму нічога не пагражала. Аргументы пра ваенкамат і ЛГБТ прыцягнутыя за вушы. Не ўпэўнены, што ён патрабуе аховы.
  • Падтрымка
    16.10.2025
    Трымайся хлопча.
    Жадаю каб гэты вопыт застаўся у мінулым і ты ведаў для чаго трэба жыць.
    А жыццё даравала Каханне , Здароўе і Шчасце.
  • трымайся
    16.10.2025
    Падтрымка, так.
    хай хлопцу пашанцуе!
    трымайся, малы!

Цяпер чытаюць

28‑гадовы беларус паехаў у Расію і ажаніўся. Адразу завербаваўся на вайну, паваяваў месяц — і загінуў13

28‑гадовы беларус паехаў у Расію і ажаніўся. Адразу завербаваўся на вайну, паваяваў месяц — і загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Тапузідзіс і Пятровіч сталі ўладальнікамі аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Гомеля

Канал «Белорусский силовик» засыпаны рэкламай вярбоўкі на вайну ва Украіне17

Перад сустрэчай з Зяленскім Трамп звязаўся па тэлефоне з Пуціным5

У Мінгарвыканкаме расказалі, дзе ў сталіцы яшчэ будуць будаваць новае жыллё1

Усебеларускі народны сход пройдзе 18‑19 снежня10

Сяргей Ціханоўскі сустрэўся з Івонкай Сурвілай ФОТАФАКТ36

Пад Гомелем пачынаюць будаўніцтва найбуйнейшых у Беларусі могілак6

У Іспаніі падчас перавозкі на выставу таямніча знікла карціна Пабла Пікаса6

«Мы ў 25 разоў большыя». Генсак НАТА заклікаў не перабольшваць вайсковы патэнцыял Пуціна21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

28‑гадовы беларус паехаў у Расію і ажаніўся. Адразу завербаваўся на вайну, паваяваў месяц — і загінуў13

28‑гадовы беларус паехаў у Расію і ажаніўся. Адразу завербаваўся на вайну, паваяваў месяц — і загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць