Вайскоўцы заявілі аб захопе ўлады на Мадагаскары. У адміністрацыі прэзідэнта сцвярджаюць, што ён застаецца на пасадзе
Камандаванне элітнага вайсковага корпуса CAPSAT заявіла пра захоп улады на Мадагаскары і роспуск дзяржаўных інстытутаў, пасля таго як прэзідэнт Андры Радзуэліна пакінуў краіну пасля некалькіх тыдняў антыўрадавых пратэстаў зумераў. У адміністрацыі прэзідэнта заявілі, што ён па-ранейшаму застаецца пры ўладзе.

«Мы ўзялі ўладу», — заявіў палкоўнік Майкл Рандрыянірына ў нацыянальным радыёэфіры, паведамляе Бі-бі-сі.
Ён паведаміў, што вайскоўцы распускаюць усе дзяржаўныя інстытуты, акрамя Нацыянальнага сходу — ніжняй палаты парламента, якая незадоўга да гэтага прагаласавала за адхіленне прэзідэнта ад улады.
Андры Радзуэліна, дакладнае месцазнаходжанне якога невядома, асудзіў галасаванне па імпічменце, назваўшы яго супярэчным Канстытуцыі, і адзначыў, што паседжанне адбылося, нягледзячы на тое, што ён распусціў Нацыянальны сход.
Незалежна ад вынікаў, паседжанне будзе «лічыцца несапраўдным», гаварылася ў заяве, апублікаванай у фэйсбуку.
Каля прэзідэнцкага палаца ў цэнтры Антананарыву, які занялі вайскоўцы, палкоўнік Майкл Рандрыянірына зачытаў заяву, у якой гаварылася, што яго падраздзяленне створыць кіроўны камітэт, які складаецца з афіцэраў арміі, жандармерыі і нацыянальнай паліцыі.
«Магчыма, з часам у яго ўвойдуць высокапастаўленыя грамадзянскія дарадцы. Менавіта гэты камітэт будзе выконваць функцыі прэзідэнцкай адміністрацыі, — сказаў ён. — У той жа час, праз некалькі дзён мы сфарміруем грамадзянскі ўрад».
Вайскоўцы раней падтрымалі пратэсты моладзі ў краіне, якія выліліся ў больш шырокую незадаволенасць урадам, і іх патрабаванні аб адстаўцы прэзідэнта.
Рандрыянірына заявіў, што пратэстоўцы, якія прадстаўляюць пакаленне Z, будуць удзельнічаць у будучых зменах у краіне, паколькі «рух узнік на вуліцах, і мы павінны паважаць іх патрабаванні».
На пытанне аб правядзенні выбараў ён адказаў: «Вядома». Паводле яго слоў, гэта адбудзецца на працягу «18 месяцаў — двух гадоў».
Каментуючы заявы вайскоўцаў, адміністрацыя прэзідэнта падкрэсліла, што Радзуэліна па-ранейшаму застаецца ва ўладзе.
«Прысутнасць узброеных сіл перад прэзідэнцкім палацам уяўляе сабой відавочную спробу дзяржаўнага перавароту, — гаворыцца ў заяве. — Прэзідэнт рэспублікі захоўвае за сабой усе паўнамоцтвы і забяспечвае падтрыманне канстытуцыйнага парадку і нацыянальнай стабільнасці».
Як адзначае AFP, Корпус кіравання персаналам сухапутных войскаў (CAPSAT), які абвясціў аб захопе ўлады, — гэта тое ж самае падраздзяленне, якое 16 гадоў таму дапамагло Андры Радзуэліну стаць лідарам астраўной дзяржавы.
Хто такі Андры Радзуэліна
Андры Радзуэліна — прадпрымальнік і былы дыджэй, які кіраваў Мадагаскарам з 2009 года.

Ён прыйшоў да ўлады ў тым жа годзе, звергнуўшы тагачаснага прэзідэнта Марка Раваламанану ў выніку перавароту, падтрыманага арміяй. У ўзросце 34 гадоў Радзуэліна атрымаў тытул самага маладога лідара Афрыкі.
Акрамя таго, што ён быў дыджэем, перш чым заняцца палітыкай, Радзуэліна таксама кіраваў шэрагам прадпрыемстваў.
У 2007 годзе ён быў абраны мэрам сталіцы Мадагаскара Антананарыву.
Радзуэліна хутка заваяваў папулярнасць, збольшага дзякуючы сваёй энергіі і стылю вядзення перадвыбарнай кампаніі, ён пераабраўся на пасаду ў 2018 годзе і зноў быў абраны ў 2023 годзе ў ходзе спрэчных выбараў, якія апазіцыя байкатавала.
Мадагаскар — адна з самых бедных краін свету: па дадзеных Сусветнага банка, 75 % насельніцтва жыве за рысай беднасці. Па дадзеных Міжнароднага валютнага фонду, толькі каля траціны з 30 мільёнаў жыхароў Мадагаскара маюць доступ да электрычнасці.
Каментары
сачыце ўважліва і не блытайце.