З 1 лістапада па 15 снежня нельга лавіць сіга чудскага, а з 1 лістапада па 21 сакавіка — сома звычайнага. За парушэнне гэтых правіл рыбалову можа пагражаць штраф да 1260 рублёў, паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў (БТПР).

У БТПР тлумачаць, што забарона звязаная з асаблівасцямі жыцця гэтых рыб. Напрыклад, сом звычайны дрэнна пераносіць холад і ўжо ў лістападзе кладзецца на зімоўку, робячыся амаль нерухомым — таму ў гэты час ён лёгкая здабыча для рыбаловаў. Каб захаваць яго папуляцыю, уводзіцца сезонная забарона як на прамысловую, так і на аматарскую лоўлю.
Што да сіга чудскага, прадстаўніка сямейства ласосевых, то менавіта ў гэты перыяд у яго пачынаецца нераст, таму забарона патрэбная, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для аднаўлення папуляцыі.
Згодна з артыкулам 16.25 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ, за лоўлю рыбы ў забаронены час прадугледжаныя штрафы:
- для грамадзян — ад 10 да 30 базавых велічынь (ад 420 да 1260 рублёў);
- для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 20 да 100 базавых (ад 840 да 4200 рублёў);
- для юрыдычных асоб — ад 100 да 500 базавых (ад 4200 да 21000 рублёў).
Акрамя таго, за кожную незаконна злоўленую рыбіну давядзецца кампенсаваць шкоду навакольнаму асяроддзю ў трайным памеры.
 
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
        
Каментары