На Дзяды вялікая колькасць беларусаў наведвае могілкі, дзе спачываюць продкі. Традыцыйна іх узгадваюць і шануюць, прыносячы кветкі ці запальваючы свечкі ў памяць пра тых, каго ўжо няма. З нагоды Дзядоў Budzma.org расказала, якія могілкі ў Беларусі найбольш цікавыя ў плане гісторыі і архітэктуры.

Старадаўнія помнікі на Кальварыйскіх могілках. Фота: planetabelarus.by
Мінскія Кальварыйскія могілкі (вул. Кальварыйская, 45)
Кальварыя ці «Старыя» мінскія могілкі з 2001 года афіцыйна прызнаныя культурна-гістарычным помнікам міжнароднага значэння. Могілкі дзейнічаюць прыкладна з канца XVIII стагоддзя, але ёсць меркаванні, што гэта месца было абранае яшчэ ў 1745 годзе для каталіцкай Кальварыі (Крыжовага шляху) пры Кармеліцкім манастыры.
На тэрыторыі могілак знаходзіцца мноства старадаўніх надмагілляў, скульптур і помнікаў, выкананых у розных стылях, уключаючы класіцызм і мадэрн. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць сямейныя склепы, якіх налічваецца каля 30.
У цэнтры могілак знаходзіцца каталіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны ў 1839 годзе на месцы больш старога драўлянага храма.

Могілкі былі каталіцкімі толькі першапачаткова, з цягам часу на іх пачалі знаходзіць апошні спачын і прадстаўнікі іншых канфесій. Тут пахаваныя беларускі паэт Янка Лучына, мастак Ян Дамель, палітычны дзеяч Вацлаў Іваноўскі, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч і яшчэ шмат выбітных беларусаў.
Не абышлі Кальварыйскія могілкі гарадскія пужалкі, быццам бы ноччу па тэрыторыі некропаля блукае здань маладой дзяўчыны, даўно спачылай у адным са скляпенняў. У адрозненні ад сучасных могілак, Кальварыя захавала дух старога некропаля з яго ўнікальнай планіроўкай, векавымі дрэвамі, гістарычнымі помнікамі і гісторыямі.
Гродзенскі «горад мёртвых» XVIII стагоддзя ( 4‑ты Падольны завулак)
«Гродзенскі некропаль» — самыя старыя гарадскія камунальныя могілкі ў Беларусі. Па гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасці адмыслоўцы іх параўноўваюць з Лычакаўскімі ў Львове і могілкамі Росы ў Вільні. Гісторыкі неаднаразова звярталіся з просьбай уключыць некропаль у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Каталіцкія могілкі былі заснаваныя ў 1792 годзе, пасля таго як Сойм Рэчы Паспалітай забараніў пахаванні каля касцёлаў і ўнутры гарадскіх сцен.


Праваслаўная частка некропаля паўстала ўжо пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай, у 1800 годзе, калі ў горадзе з’явілася вялікая частка праваслаўнага прыезджага насельніцтва. Тут знайшла вечны спакой маці паэта Максіма Багдановіча — Марыя.

Наведвальнікаў і адмыслоўцаў не перастаюць здзіўляць разьбяныя каменныя манументы надмагілляў, многія з якіх створаныя ў майстэрнях XIX стагоддзя ўручную і ўяўляюць сабой творы мемарыяльнага мастацтва і архітэктуры.
На каталіцкіх могілках спачывае і адзін з выдатных разбяроў Гродна таго часу — Баляслаў Шышкевіч. Згодна з гарадской легендай, майстар сам зрабіў сабе манумент, калі даведаўся пра сваю хваробу.

На каталіцкай частцы некропаля спачываюць многія вядомыя жыхары Гродна, уключаючы прадстаўнікоў шляхты, дзеячаў культуры, лекараў і вайскоўцаў: архітэктар Джузэпэ Сака, літаратарка Эліза Ажэшка і яе муж Станіслаў Нагорскі, вядомы ў тагачасным Гродна доктар Тэльгейм, заснавальнік гродзенскага заапарка Ян Каханоўскі і шмат іншых вядомых жыхароў горада.
На тэрыторыі могілак амаль кожныя выхадныя праходзяць турыстычныя экскурсіі.
Пінск, некропаль ХІХ стагоддзя на вуліцы Спакойнай
Яўрэйскае насельніцтва Пінска мела асобныя могілкі ажно з 1556 года, гэтай грамадзе выдзеліў надзел у пачатку XVI стагоддзя пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч. Аднак у часы Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі могілкі брутальна знішчылі, помнікі (т. зв. мацэвы) выкарыстоўвалі пры будаўніцтве падмуркаў. Цяпер на месцы былых могілак знаходзіцца парк, а адзіную ацалелую мацэву перадалі ў мясцовы музей.
Так званым Старым пінскім могілкам пашчасціла больш, яны захаваліся да сённяшняга дня. У пачатку ХІХ стагоддзя пінчукоў-хрысціян пачалі хаваць на тэрыторыі, што знаходзілася каля паўночнай мяжы горада. Каталіцкія і праваслаўныя пахаванні падзяляў праезд, які стаў пазней часткай вуліцы Спакойная.

Першыя магілы на каталіцкай частцы могілак адносяцца да пачатку XIX стагоддзя. Частка надмагілляў і агароджаў XIX — пачатку XX стагоддзя выкананая на высокім мастацкім узроўні з каштоўных матэрыялаў. Тут пахаваныя выхадцы з вядомых родаў Скірмунтаў, Агінскіх, Ордаў, Бутрымовічаў, вялікая колькасць мясцовых грамадска-палітычных дзеячаў і прадстаўнікоў духавенства.

Актыўнае будаўніцтва і дэмаграфічны прырост у пасляваенныя дзесяцігоддзі сталі прычынай складанай сітуацыі, калі могілкі апынуліся ў глыбіні гарадской забудовы. Таму з 1961 па 1977 год могілкі выкарыстоўваліся паўторна: на месцы безназоўных магілаў і салдацкіх пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны рабілі новыя магілы. У 1977 годзе могілкі закрылі для пахаванняў, а ў 1993‑м надалі ім статус гістарычнай каштоўнасці.
Таямнічыя каменныя крыжы ў вёсцы Бабцы пад Докшыцамі
У вёсцы Бабцы непадалёк ад Докшыцаў у жніўні 2011 года каля вясковых могілак выявілі ўнікальную знаходку: на мясцовых могілках знайшлося каля 30 каменных крыжоў вышынёй ад 30 сантыметраў да амаль 2 метраў.

Існуе легенда, што знайшоў іх не абы-хто, а народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, вяртаючыся з родных Ушачаў у Мінск. Паэт нібыта вырашыў спыніцца па дарозе ў Бабцах, дзе яго чакала неверагоднае адкрыццё. Ён быў так зачараваны ўбачаным, што праз пэўны час прысвяціў гэтаму месцу верш:
У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі.
Калі багоў даўніны
Расьцілі —
Адцялі рукі,
І сталі крыжамі яны,
Сакральныя помнікі-рухі.
Тут часу зацішна яшчэ.
Збіраюцца здані з адхонаў.
І камень сьцюдзёна пячэ
Сузор’е паганскіх пісьмёнаў.
Дакладнае прызначэнне і час іх узвядзення пакуль адмыслоўцамі не вызначаныя. Хутчэй за ўсё, яны былі ўсталяваныя тут у якасці надмагільных камянёў прыкладна ў часы Сярэднявечча.
Яўрэйскія могілкі ХІІІ стагоддзя ў вёсцы Сапоцкін на Гродзеншчыне
Могілкі маюць выключную гістарычную каштоўнасць, бо тут знаходзіцца адно з самых ранніх пахаванняў у Беларусі, датаванае 1278 годам! Дакладных звестак пра тое, колькі памерлых тут спачывае, няма. Паводле звестак даследчыкаў іўдаізму і краязнаўцаў, усяго захавалася каля сотні помнікаў. На некаторых плітах праглядаецца тэкст, але прачытаць яго ўжо амаль немагчыма.

Да 2000 года могілкі знаходзіліся ў занядбаным стане і былі закінутыя. Аднавілі могілкі пры падтрымцы Майкла Лозмана, стаматолага з ЗША, чый бацька быў родам з Сапоцкіна, але за часамі Другой сусветнай вайны пакінуў роднае мястэчка. У праекце па ўпарадкаванні ўдзельнічалі амерыканскія студэнты і мясцовыя валанцёры, якія не толькі аднавілі надмагіллі, але і ўсталявалі на некаторых з іх металічныя зоркі Давіда ў знак памяці.

Як адзначаюць Дзяды
Ціханоўская: Нават калі не можаце наведаць іх на могілках — запаліце свечку, прамоўце іх імёны, аддайце ім хвіліну цішыні
Акадэмію КДБ будуюць проста на Залатагорскіх могілках. З зямлі дастаюць парэшткі мінчукоў, якіх тут хавалі сотні гадоў
У Лютэранскім садзе ў Вільні ўшанавалі памяць Францішка Аляхновіча
На Усходніх могілках адкрыюць надмагільны манумент Змітраку Бядулю
Каментары