Грамадства33

У Гомельскай вобласці ціха закрылі бальніцу, назваўшы гэта рэарганізацыяй

Тут праходзілі рэабілітацыю і лячэнне жыхары розных раёнаў Гомельшчыны. Чыноўнікі абяцалі, што нічога не закрыюць. 

Відэа з кадрамі часткова закінутай тэрыторыі Свяцілавіцкай участковай бальніцы ў Веткаўскім раёне заўважыў «Флагшток». Пад ролікам з'явілася мноства каментароў: людзі выказалі жаль з нагоды таго, што будынак некалі папулярнай медустановы апусцеў, і абурэнне, што «ўсё развалілі».

«Уся Гомельская вобласць прыязджала на лячэнне… Лічылася адной з найлепшых рэабілітацый у вобласці», — напісала былая медработніца.

«Па ўсёй краіне такіх месцаў шмат, а раней такія аб'екты не тое што закрываліся, а развіваліся і будаваліся новыя», — выказаў меркаванне іншы карыстальнік.

 Скрыншот відэа з тыктоку

Як высветліў «Флагшток», бальніцу закрылі ціха, без аб'яў і афіцыйных публікацый. Ні ў раённай газеце, ні на іншых дзяржрэсурсах інфармацыі пра гэта няма. Адзінае згадванне з афіцыйным каментаром — адказ на пытанне чытача ў «Сельскай газеце».

Паведамлялася, што жыхарка Хойніцкага раёна была «ўсхваляваная тым, што, паводле чутак, з 1 студзеня 2025 года закрыюць Свяцілавіцкую ўчастковую бальніцу», якая «нашае выратаванне, там дапамагаюць аднавіцца пасля розных траўм».

У газеце тады напісалі, што «чуткі развеяла» начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама Наталля Масцерская. Яна заявіла:

«Закрываць установу не будзем. Яе чакае некаторая рэарганізацыя: 20 рэабілітацыйных ложкаў перанясуць на базу Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта адбываецца згодна з нарматыўнымі прававымі актамі. Умовы для пацыентаў толькі палепшацца: ім не давядзецца ехаць у Свяцілавічы, што ўскладняе лагістыку для людзей з іншых раёнаў, а рэабілітавацца будуць проста ў Ветцы».

Так раней праводзілі рэабілітацыю ў Свяцілавічах. Фота: ГП

Па сутнасці ж бальніца аказалася закрытай.

Пацыентаў прыцягвалі ў Свяцілавічы не толькі працэдуры, але і маляўнічая прырода, прыгожае возера, тэрыторыя вакол — менавіта гэта спрыяла рэабілітацыі. У Свяцілавіцкую бальніцу ехалі як у санаторый.

Яшчэ ў 2018 годзе газета Веткаўскага райвыканкама падымала тэму закрыцця бальніцы ў Свяцілавічах, адзначаючы, што «сярод вяскоўцаў папаўзлі чуткі пра закрыццё бальніцы» і «колькі б людзей ні пераконвалі ў адваротным, пагалоска вылілася ў зварот у адміністрацыю прэзідэнта».

Тады ўлады пераконвалі, што нягледзячы на «аптымізацыю», бальніца будзе працаваць:

«Больш за тое, на раённым узроўні прынята рашэнне захаваць тэрапеўтычнае аддзяленне ў ранейшым выглядзе. Жыхары навакольных вёсак будуць атрымліваць лячэнне на месцы ў ранейшым рэжыме».

Пра гэта ж заяўляў і экс-кіраўнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя, дэпутат парламента Мікалай Васількоў:

«Свяцілавіцкая бальніца будзе існаваць. І ўзровень медыцынскай дапамогі захаваецца тут на ранейшым узроўні. Гэта датычыцца і рэабілітацыйнага аддзялення, паслугі якога цэняць далёка за межамі Веткаўскага раёна, і ложкаў сястрынскага догляду, запатрабаванасць якіх вельмі высокая, і тэрапеўтычнага аддзялення, дзе можна атрымаць першую дапамогу».

Праўда, гэтая публікацыя на сайце раёнкі ўжо недаступная, але яна захавалася ў вэб-архіве.

Цяпер, па словах мясцовых жыхароў, адзінае, што засталося ў Свяцілавіцкай бальніцы — гэта аддзяленне сястрынскага догляду, «і тое, кажуць, толькі да канца года».

Раней, як сказана на сайце Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у Свяцілавічах была паліклініка на 250 наведванняў у змену і з аддзяленнем дзённага знаходжання на 5 ложкаў, аддзяленне сястрынскага догляду на 40 ложкаў, пост хуткай медыцынскай дапамогі на адну выязную брыгаду. Тут былі паслугі фізіятэрапіі, хвойныя ванны, гразі, шкіпінарныя ванны.

Першапачаткова будынак у Свяцілавічах быў пабудаваны як дзіцячы санаторый. Але пасля катастрофы на ЧАЭС у новым комплексе было арганізавана міжраённае аддзяленне ранняй медыцынскай рэабілітацыі для хворых траўматалагічнага профілю. Тут сталі прапаноўваць пацыентам сваю крыніцу мінеральнай вады, вода– і гразелячэбніцу, ароматэрапію, электрасвятлолячэнне, залу ЛФК, масаж, іншыя працэдуры.

Амаль сорак гадоў, да канца свайго жыцця, бальніцу ўзначальваў заслужаны ўрач БССР, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Валерый Родзін. У памяць пра яго на будынку бальніцы ўсталявана мемарыяльная дошка.

«Калі б Родзін падняўся, ён бы зноў лёг у магілу. Так запусцілі і знішчылі бальніцу», — напісаў адзін з каментатараў.

З ліквідацыяй бальніцы вёска Свяцілавічы, якой быў прысвоены статус аграгарадка, перажывае сваё другое паміранне — пасля першага, праз чарнобыльскую катастрофу.

Каментары3

  • даведка
    03.11.2025
    В агрогородках по всей стране при Лукашенко стремительно закрывают больницы, ФАПы, школы, детсады, но они всё равно продолжают называться агрогородками.)
  • Патрабаванне да рэжыму лукашэнкі
    03.11.2025
    Палітычных вызваліць, новых не браць. Рэпрэсіі - спыніць.
  • Яська Гаспадар
    03.11.2025
    Усюды, куды прыходзіць маскаль, галеча, разбурэнне і смерць. Таму "тагды толькі зажывеш шчасліва, Народзе, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.".

Цяпер чытаюць

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»19

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Усе навіны →
Усе навіны

Збілі і залілі пярцовым газам: на беларуса і ягоную дзяўчыну напалі ў навагоднюю ноч пад Варшавай11

Уладзімір Зяленскі заклікаў свет дапамагчы народу Ірана зрынуць рэжым аятол4

«Яны проста працягвалі забіваць». Што відавочцы кажуць пра крывавае падаўленне пратэстаў у Іране12

«Ты памёр?» Дзіўны кітайскі мабільны дадатак нечакана стаў вірусным

Трамп увёў 25‑працэнтныя мыты для кожнай краіны, якая вядзе бізнэс з Іранам5

Дзе была зніклая Яна ў свой апошні дзень і дзе яе знайшлі КАРТА11

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам7

«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі6

На БТ заявілі, што шпіён Уладзімір Усер пісаў з Польшчы ў камісію па вяртанні6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»19

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць