Нерухомасць1313

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?

Кватэры плошчай менш за 50 м² звычайна патрабуюць кампрамісу — паміж эстэтыкай і практычнасцю, паміж марамі і рэальнасцю. Але гэты праект у адной з мінскіх забудоў паказвае, як з невялікага метражу можна выціснуць максімум, піша Onliner.

Жыллё плошчай 47 м² месціцца ў новабудоўлі на вуліцы Маякоўскага. Уладальнікам дасталася стандартная планіроўка: вузкі калідор, два асобныя пакоі, санвузел і маленькая лоджыя. Галоўная каштоўнасць жылля — панарамны від на раку і горад. Менавіта ён стаў адпраўным пунктам для будучага інтэр'еру.

— Двухпакаёўка належыць сямейнай пары ва ўзросце 45+ гадоў. Ён — чалавек творчай прафесіі, яна працуе ў банкаўскай сферы, але цікавіцца дызайнам і фатаграфіяй. Актыўныя людзі, якія шмат падарожнічаюць, любяць камфорт і эстэтыку ў побыце. Для іх дом — месца, дзе можна адпачыць, пабыць разам, сустрэцца з сябрамі, — тлумачыць дызайнер Улад Бірын са студыі Design Community.

Галоўнай задачай для дызайнера было зрабіць прастору функцыянальнай, але без адчування цеснаты, якое спачатку існавала. Заказчыкі прасілі паўнавартаснае спальнае месца з добрым матрацам, зручную кухню, бо гаспадыня любіць гатаваць, два працоўныя месцы і максімум натуральнага святла. Таксама важна было прадугледзець месцы для захоўвання рэчаў і ўтульную зону для прыёму гасцей, а яшчэ як-небудзь абыграць эркер.

— У аснове новай планіроўкі — выразнае занаванне і логіка руху. Мы прыбралі непатрэбны калідор, затое пакінулі невялікі пярэдні пакой з сістэмай захоўвання і гаспадарчым блокам. Санвузел зрабілі больш кампактным, але больш прадуманым. Правялі поўную гідраізаляцыю падлогі і сцен, унутры размясцілі душавую, пральны блок і шмат сістэм захоўвання. Кухню і гасціную аб'ядналі, а спальню схавалі за шклянымі перагародкамі і шторамі — простае рашэнне, якое дапамагае ў адасабленні. Лоджыя таксама змянілася: мы дэмантавалі стандартны балконны блок, паставілі шкляную перагародку «ў падлогу», уцяплілі памяшканне. Там з'явілася другое працоўнае месца і крэсла для адпачынку з відам на горад.

Сам інтэр'ер выкананы ў эклектычным стылі: светлыя адценні, натуральныя матэрыялы і акцэнты з класікі і вінтажу.

— У гасцінай мы выкарыстоўвалі гіпсавыя радыусныя молдынгі і карнізы, якія адсылаюць да французскай эстэтыкі. Гэта не поліўрэтан, а сапраўдны гіпс з лёгкімі няроўнасцямі, якія надаюць абстаноўцы жывасць. Агульную атмасферу падтрымліваюць і шкляныя перагародкі з дакладнай геаметрыяй.

Асаблівае месца займае вінтажнае крэсла, якое дасталася гаспадыні ад мамы. Раней яно было цёмным, у колеры венгэ, са старой абіўкай. Але яго вырашылі цалкам адрэстаўрыраваць: асвятлілі дрэва, замянілі напаўненне і тканіну. Цяпер яно з'яўляецца неад'емнай часткай кватэры.

У аздабленні дызайнер стараўся знайсці баланс: дзесьці выкарыстоўваў дарагія матэрыялы, дзесьці падбіраў аналагі, каб захаваць адчуванне цэласнасці, але пры гэтым не выйсці за рамкі бюджэту.

— У гасцінай зрабілі столь з гіпсакардону — ён дазволіў выкарыстоўваць гіпсавую ляпніну і ўбудаваныя безрамачныя свяцільнікі з эфектам «чыстага святла». У астатніх памяшканнях — нацяжныя столі з ценявым профілем і такімі ж акуратнымі свяцільнікамі.

Фасады кухні і стальніцы выкананы ў шпоне, а аздабленне эркера зрабілі матэрыялам пад дрэва — выглядае гэтак жа, але больш эканамічна. Шафы ў пярэднім пакоі выраблены з МДФ. Мяккая мэбля, за выключэннем крэсла на лоджыі, зробленага на замову, купленая ў аднаго і таго ж вытворцы.

Пройдземся па канкрэтных зонах. Пярэдні пакой пачынаецца з уваходных дзвярэй з разумным замком, які адчыняецца па адбітку пальца, коду або з дапамогай смартфона.

— Каб візуальна пашырыць прастору, мы выкарыстоўвалі тры віды люстэркаў — звычайнае, таніраванае (у графітавым адценні) і састаранае, за кошт чаго памяшканне здаецца глыбейшым і больш цікавым. На адным з люстэркаў таксама ўстаноўлена бра для мяккага вячэрняга святла.

У пярэднім пакоі дзве шафы: адна для верхняга адзення і схаванага электрашчыта, другая для паўсядзённых рэчаў і бытавых дробязяў. 

Падлога выкладзена керамагранітам у цёплым адценні з тэкстурай, падобнай на разводы, каб дробныя забруджванні не кідаліся ў вочы.

— Плітка з калідора заходзіць у санвузел, аб'ядноўваючы прастору. Акцэнт тут зроблены на розную фактуру і фармат: дробная глянцавая плітка «пад даўніну» ў душавой кантрастуе з буйной матавай на астатніх сценах.

У ванны пакой вядуць нябачныя дзверы. Яны нестандартнай вышыні — амаль да столі, — што візуальна павялічвае яе вышыню. У плітку ўбудаваны магнітны дзвярны стопар, каб ручка не білася аб сцяну.

— Планіроўка тут лінейная: пральны блок, тумба з рукамыйнікам, вялікім люстэркам і рэтрасвяцільнікамі, затым шафа для захоўвання з адкідным кошыкам для бялізны і месцам для дробязяў. Ніжняя частка шафы вышэйшая за стандартную, каб туды змяшчаўся латок для ката і пры гэтым дзверцы адчыняліся без перашкод.

У зоне кухні-гасцінай пад вуглом 45° паклалі паркетную дошку ў светлым адценні, дыяганальная геаметрыя візуальна пашырае пакой. Сама кухня Г-падобная, функцыянальная: убудаваны халадзільнік, варачная панэль на дзве канфоркі, духавая шафа, шырокая рабочая паверхня. Ніжнія шафы светлыя і гладкія, верхнія — у цёмным дрэве (кантраст дадае візуальнай цікавасці). Фартух і стальніца выкананы з кварцавага каменя, трывалага і практычнага матэрыялу для актыўнай кухні.

Кухню і гасціную падзяляе паўбарная стойка на металічнай аснове і з драўлянай стальніцай, над ёй — дызайнерскі свяцільнік, які збірае кампазіцыю разам.

У гасцінай размешчаная канапа, тое самае вінтажнае крэсла і раскладны часопісны столік, а састараны дыван дадае пакою ўтульнасці. 

— Галоўная адметнасць тут — гэта эркер. Ён аформлены ў рамку з панэляў пад дрэва, унутры — мяккая падушка. Бакавыя панэлі таксама абшыты паўкруглымі мяккімі элементамі, каб можна было абаперціся. У адну са сцен убудаваны разеткі для гаджэтаў. Пад сядзеннем — умяшчальная сістэма захоўвання. Эркер настолькі камфортны, што яго можна выкарыстоўваць як дадатковае спальнае месца.

Спальня ўключае паўнавартасны ложак, ТБ-зону і сістэмы захоўвання пад матрацам і за падгалоўем. Замест прыложкавых тумбачак зробленыя нішы, куды можна паставіць шклянку вады, кнігу ці тэлефон, пры гэтым ёсць разеткі для гаджэтаў.

Для зручнасці прадугледжаны паваротныя бра і начныя свяцільнікі для чытання, убудаваныя ў мяккую абіўку. Паміж ложкам і рабочай зонай схаваная невялікая шафка для дакументаў і іншых дробязяў. Акрамя таго, у пакоі ёсць працоўны стол.

Лоджыя аформлена як невялікая ўтульная прастора для працы і адпачынку. 

Сцены і столь пакрытыя дэкаратыўнай тынкоўкай з прыемнай фактурай у цёплым адценні, якое гарманіруе з астатнімі памяшканнямі. На вокнах — лёгкія сеткаватыя шторы шакаладнага колеру, якія прапускаюць толькі частку дзённага святла, не зацямняючы пры гэтым прастору.

— Рамонт заняў каля года. Яго кошт склаў $95 000 па курсе. У гэтую суму ўваходзіць усё: будаўнічыя работы, матэрыялы, мэбля, асвятленне, бытавая тэхніка і ўзгадненне перапланіроўкі. Так, гэты інтэр'ер нельга назваць бюджэтным. Былі пазіцыі, на якіх заказчыкі свядома не эканомілі: паркетная дошка, фасады з натуральнага шпону, гіпсавая ляпніна, рамачныя фасады мэблі, — падсумаваў дызайнер.

Каментары13

  • G
    17.11.2025
    [Рэд. — Дзякуй за заўвагу]

    [Зрэдагавана]
  • Ну вот
    17.11.2025
    А вы на Игоря тура гоните, который скромную хатку почти в деревне купил 😅
  • Satan
    17.11.2025
    Канапа ў мяне амаль такая ж. Набыта ў ікее, але ж безумоўна можна было б зрабіць і на замову ў 2-5-10-100 разоў даражэй.
    А ў астатнім... ну, няма куды грошы людзям усунуць... ну й няхай. Мне ёсць куды.

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі39

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі

Усе навіны →
Усе навіны

Кандыдат Трампа на пасаду пасла ў Ісландыі назваў яе 52‑м штатам ЗША2

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу22

Бабарыка сустрэўся з прыхаджанамі царквы ў Берліне, дзе год за годам моляцца за беларускіх палітвязняў5

Беларускі хакеіст згуляе ў матчы зорак АХЛ

Відэа з тэгеранскага морга сведчаць пра вельмі жорсткае падаўленне пратэстаў у Іране33

Памятаеце фота, як сцюардэса «Белавія» адпачывала ў турбіне самалёта? Дзяўчына распавяла яго гісторыю

Вялікабрытанія адхіліла прапанову Францыі і Італіі пачаць перамовы з Пуціным2

Трамп прыняў нобелеўскі медаль ад Марыі Карыны Мачада ФОТАФАКТ28

У Жодзіне частка дамоў засталася без ацяплення і гарачай вады

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі39

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць