Грамадства99

Вячорка: Калі ты ноч пад абстрэламі перажывеш, тады разумееш, чаму трэба дапамагаць украінцам

Беларусы і ўкраінцы сталі лепш разумець адзін аднаго? Што паказаў сёлетні форум Астрожскіх? Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў «Салідарнасці» пра дэбаты пра будучыню пасля ночы ў бамбасховішчы, як змянілася стаўленне да «беларускага пытання» за чатыры гады і якая практычная карысць ад гэтага ўсяго беларусам.

Франак Вячорка. Усе здымкі: Офіс Святланы Ціханоўскай

Днямі ў Львове і Кіеве адбыўся ўжо чацвёрты беларуска-ўкраінскі форум Астрожскіх — міжнародная сустрэча, прысвечаная будучыні двухбаковых стасункаў, супрацы, дэмакратызацыі і бяспекі ў рэгіёне.

Сярод удзельнікаў форуму сёлета былі дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны з розных фракцый, прадстаўнікі ўкраінскага ўраду і МЗС, Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, палітыкі, эксперты, аналітыкі, актывісты грамадскіх арганізацый, медыя. Прычым не толькі з Украіны і Беларусі, але і з іншых еўрапейскіх краін.

— Для мяне гэта ўжо быў пяты ці шосты візіт ва Украіну пасля поўнамаштабнага ўварвання, — дзеліцца ўражаннямі Франак Вячорка. — Канешне, Кіеў мяняецца. З аднаго боку, людзі прывыкаюць да ракет, з іншага — нарастае трывожнасць ад зацягнутасці вайны…

Сёлета, толькі мы прыехалі ў гатэль, адразу пачаліся ракетныя абстрэлы, кожныя 15 хвілін абвяшчалі паветраную трывогу. Ляцела ўсё, што можна: і «кінжалы», і «герані» ды «герберы», і «шахеды», і балістыка.

Мясцовыя жыхары ўжо навучыліся адрозніваць па гуку, што там дакладна ляціць. Калі нешта невялікае, людзі хаваюцца ў калідоры, альбо некаторыя раяць у ванным пакоі. Калі балістыка — трэба спускацца ў бамбасховішча. Вось і мы ўсёй беларускай дэлегацыяй — Офіс, АПК, журналісты — правялі ноч у бамбасховішчы ў падвале гатэля. Нават, калі інтэнсіўнасць абстрэлаў зменшылася, паспалі да чацвёртай-пятай раніцы.

Такі досвед, на маю думку, трэба перажыць «заходнікам» — бо пасля гэтага не будзе наіўнасці, што да Пуціна і ягонай агрэсіўнай палітыкі. Калі ты ноч пад абстрэламі перажывеш, тады разумееш, чаму трэба дапамагаць украінцам, даць ім магчымасць перамагчы.

— У сацсетках вы назвалі сёлетні форум Астрожскіх «магчыма, найлепшым за чатыры гады». Ці ёсць адчуванне, што беларускія і ўкраінскія эксперты, палітыкі, актывісты, так бы мовіць, глядзяць у адным кірунку, чуюць і разумеюць адзін аднаго, або шмат якія праблемы застаюцца вострымі і нявырашанымі?

— Безумоўна, стаўленне ўкраінцаў да беларусаў палепшылася, калі параўнаць з 2022 годам, калі мы ўсе былі «агрэсарамі». Украінскае кіраўніцтва, палітыкі і грамадства адрозніваюць рэжым і людзей — гэта адчуваецца, асабліва ў Кіеве.

Але вельмі мала экспертызы, калі казаць пра ўкраінскія эліты. Ёсць 20‑30 палітыкаў, чыноўнікаў, якія Беларусь разумеюць, ведаюць і займаюцца беларускай тэмай. Гэта невялікая супольнасць людзей.

Нашая задача — каб Беларуссю займаліся, ці прынамсі разумелі, усе ў Вярхоўнай Радзе, у Офісе Зяленскага, ва ўрадзе. І такія канферэнцыі разуменне пашыраюць.

Ёсць шмат канкрэтных напрамкаў, па якіх мы працуем. Сярод іх — вырашэнне праблем беларусаў, дыяспары і добраахвотнікаў ва Украіне. Міжнародная праца на парламенцкім, на ўрадавым узроўні, у тым ліку дыпламатычная. Нам неабходна прызначыць новага спецпасланніка пасля Ігара Кізіма — нават амерыканцы прызначылі ўжо свайго спецпасланніка па Беларусі, а ўкраінцы дагэтуль не.

Таксама згадаю культурна-асветную супрацу паміж НДА, універсітэтамі — там, дзе, здаецца, найпрасцей можна было б арганізаваць. Каб былі беларускія праграмы, каб беларускія і ўкраінскія даследчыкі, навукоўцы і актывісты працавалі разам.

Чым больш будзе такіх нізавых кантактаў, тым хутчэй палітыкі на вышэйшым узроўні пачнуць нешта рабіць для Беларусі. Бо цяпер беларуская тэма, падаецца, часам проста замятаецца пад дыван, і ніхто не хоча браць за яе адказнасць на высокім узроўні.

— Даследаванне BELPOL пра супрацоўніцтва Кітая з рэжымам Лукашэнкі, альбо праект па дакументацыі злачынстваў рэжыму ў вайне — гэта важна. Але большасці беларусаў ад тых высноў проста цяпер ні горача, ні холадна. А якія, на ваш погляд, практычныя вынікі сёлетняга форуму?

— У маім візіце найважнейшым складнікам была нефармальная камунікацыя з Офісам Зяленскага. Я з вялікім захапленнем стаўлюся да прэзідэнта Зяленскага, і бачу, што ў яго і ягонай каманды з’яўляецца разуменне: Беларусь павінна быць адным з фокусаў украінскай улады. Гэта радуе.

Другі момант, які трэба адзначыць: ёсць два канкрэтныя законапраекты па беларускіх пытаннях. Яны цяпер у Вярхоўнай Радзе, у другім чытанні, і вельмі важна іх прасунуць. Гэта акурат тая канкрэтыка, якая палепшыць умовы для добраахвотнікаў, але і для дыяспары ў больш шырокім коле.

Трэцяе — змены ў МЗС Украіны. Гэта не непасрэдна вынік канферэнцыі, але ж кантэкст.

Цяпер ва ўкраінскім МЗС ствараецца новы дэпартамент, дзе будзе асобна разглядацца Беларусь. І мы спадзяемся, што з гэтай рэформай міністэрства будзе выпрацаванае асобнае policy, палітыка па Беларусі, і прызначаны спецпасланнік. Эксперты, якія прымалі ўдзел у форуме Астрожскіх, маглі б яму дапамагчы ў фармаванні прыярытэтных напрамкаў працы.

Наогул падчас сёлетняй беларуска-ўкраінскай сустрэчы, зазначае Франак Вячорка, гучала мноства прапаноў і ідэй у фармаце брэйнсторму. Праблема, на яго думку, палягае ў тым, што ва Украіне не так шмат беларускіх арганізацый «на зямлі», якія могуць рэалізаваць усё гэта:

— Многія нашыя ініцыятывы з’ехалі ў Польшчу, Літву. Хоць, трэба заўважыць, сёння некаторыя вяртаюцца ва Украіну. І чым больш там будзе прысутнасці беларускіх НДА, тым прасцей будзе рэалізоўваць асветныя, культурныя і іншыя ініцыятывы.

Тым больш, у Кіеве мы ўжо маем партнёрскі пул: ёсць супольнасць украінскіх арганізацый, найперш аналітычны цэнтр «Украінская прызма», ёсць кіраўнічка Місіі беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Шаціліна, група дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь». Мяркую, разам і з іх падтрымкай мы шмат што можам зрабіць надалей.

Каментары9

  • Беларус
    19.11.2025
    Рацыя! Усё менавіта так
  • Насамрэч
    19.11.2025
    Вось таму Зянон Пазьняк калісьці ў Бахмут на перадок пад абстрэлы і езьдзіў да палка Каліноўскага, каб і сваіх падтрымаць, і каб скурай адчуць сапраўднасьць вайны. А Вячорка недзе па глыбокім тыле, па Кіяву палазіў і ,мабыць, ужо лічыць сябе гяроем.
  • Лл
    19.11.2025
    Ішоў чацьвёрты год вайны...

Цяпер чытаюць

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Жах на пяць паверхаў: як жыве і пакутуе самая вялікая камуналка Мінска4

Axios: ЗША і РФ працуюць над сакрэтным планам па Украіне9

Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку13

«Бабарыка быў бы годным прэзідэнтам, але хунта пазбаўляецца ад разумных людзей крымінальнымі метадамі». Што пішуць людзі пра банкіра84

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання4

Зборная Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі выйшла на чэмпіянат свету па футболе

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?1

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце7

Вызначыліся каманды ад Еўропы, што напрамую выйшлі на ЧС па футболе, і ўдзельнікі стыкавых матчаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць