Гісторыя4545

Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў

Экс-супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Радзівон Колас прайшоўся па ініцыятыве Maldzis, якая вяртае Беларусі гістарычныя каштоўнасці. На думку навукоўца, стваральнікі праекта больш хайпуюць, чым робяць карысныя рэчы. Акрамя таго, яшчэ і «дыскрэдытуюць прафесійныя фонды і захавальнікаў».

Радзівон Колас і Павел Мацукевіч. Фоты для калажа: facebook.com

Нагадаем, што за год існавання ініцыятыва Maldzis набыла трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўскую карту ВКЛ і Карту ВКЛ Яна Няпрэцкага, «Жазло кіравання» Сімяона Полацкага, а таксама франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча.

Нядаўна ініцыятыва таксама выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы першую беларускамоўную карту краіны аўтарства Аркадзя Смоліча — усё гэта дзякуючы беларускім мецэнатам.

Але ўсе гэтыя дзеянні Радзівон Колас знаходзіць больш шкоднымі, чым карыснымі і нават бачыць у іх «дыскрэдытацыю прафесіяналаў».

«Maldzis «стварае ілюзію, што набытыя артэфакты былі «страчаныя» і дзякуючы грамадскім намаганням «вернутыя». Грамадства, асабліва ў эміграцыі, прыходзіць да памылковай высновы, што прафесійныя захавальнікі (бібліятэкары, архіварыусы, навукоўцы) не змаглі захаваць нацыянальныя скарбы або нават не ведаюць, што ў іх захоўваецца. Гэта падрывае давер да інстытутаў і іх супрацоўнікаў», — аргументуе Колас.

Па яго ж меркаванні, ініцыятыва праз «непрафесіяналізм» стваральнікаў тыражуе папулізм і выкупае сумнеўныя артэфакты ці дублікаты замест сапраўды каштоўных рэчаў.

«Ініцыятыва выкарыстоўвае гучныя і эмацыйныя, але фактычна недакладныя заявы (напрыклад, пра «вяршыню беларускай думкі» адносна Казіміра Семяновіча, чый беларускі след і ўнікальнасць ідэй ставяцца пад сумнеў навукоўцамі).

Кожны раз, калі збіраюцца значныя сродкі на набыццё другаснага дубліката, гэта дыскрэдытуе ідэю эфектыўнага грамадскага фінансавання. Гэтыя грошы маглі б пайсці на рэальныя прыярытэты, вызначаныя прафесіяналамі: набыццё адзіных страчаных экзэмпляраў або рэстаўрацыю артэфактаў, якія ўжо знаходзяцца ў краіне», — лічыць навуковец, дадаючы, што «ўнікальныя вернутыя артэфакты» ўжо былі раней даступныя беларусам бясплатна, і кожны ахвотны можа азнаёміцца з імі ў музеях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

«Калі грамадства верыць у «гераічнае вяртанне» другасных копій і не ведае пра тысячы арыгіналаў у НББ і ЦНБ НАН, то гэта значыць, што навукоўцы і бібліятэкары, якія гадамі захоўваюць гэтыя фонды, становяцца нябачнымі або дыскрэдытуюцца як неэфектыўныя захавальнікі», — робіць выснову Радзівон Колас.

Павел Мацукевіч: «Мы нікому не замінаем быць лепшымі за нас»

Стваральнікі ініцыятывы Maldzis лічаць такія прэтэнзіі на іх адрас дзіўнымі.

«Мы нікому не замінаем быць лепшымі за нас. Нават стварылі Летнюю школу, каб дапамагаць іншым праз свой вопыт і практыкі. Дарэчы, Радзівон Колас таксама быў удзельнікам гэтай школы», — пракаментаваў «Нашай Ніве» адзін з дзеячаў Maldzis, былы кіраўнік амбасады Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.

«Наша інфармацыйная праца накіраваная на тое, каб вяртаць каштоўнасці ў беларускі кантэкст, у свядомасць грамадства — каб людзі ведалі і цікавіліся. І гэтая праца рэалізуецца ў тым ліку праз фізічнае вяртанне артэфактаў, бо менавіта фізічнае набыццё стварае найлепшую інфармацыйную нагоду».

Суразмоўца падкрэслівае, што яны ніколі не рабілі таямніцы з таго, колькі асобнікаў таго ці іншага артэфакта ёсць у Беларусі ці ў свеце.

«Да таго ж у тых канкрэтных музеях Беларусі, у якія мы плануем перадаць набытыя артэфакты і якія звычайна звязаныя з імі гістарычна, іх няма. Гэта тычыцца ўсіх набытых намі артэфактаў і ўсіх музеяў, якія мы абралі. Напрыклад, у Навагрудку, першай сталіцы ВКЛ, няма Трэцяга Статута ВКЛ, хоць асобнікі менавіта такога ж выдання, што набыты намі, ёсць у буйных бібліятэках Беларусі. 

Другі прыклад: арыгінальны старадрук Сімяона Полацкага «Жазло кіравання» ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы, іншых буйных бібліятэках, карпаратыўнай калекцыі, створанай Бабарыкам, але вось у самім музеі Сімяона Полацкага ў Полацку, у які мы і плануем перадаць свой здабытак, арыгінальнага выдання няма. І гэта стане для горада вельмі каштоўным здабыткам».

Пры гэтым асобныя з набытых пры ўдзеле Maldzis артэфактаў сапраўды рэдкія.

«Як, напрыклад, карта Смоліча — вядома пра існаванне літаральна некалькіх экзэмпляраў у свеце. Можа, іх фактычна больш, але пакуль вядома пра адзінкавыя», — дадае Павел Мацукевіч.

Што тычыцца крытыкі надмернага ўсыпання кампліментамі Семяновіча, ідэі якога спадар Колас як і частка іншых навукоўцаў не знаходзіць арыгінальнымі, тут у ініцыятывы сваё бачанне.

«Мы не сустракалі крытычных матэрыялаў адносна спадчыны Семяновіча, але адмыслова і не шукалі іх, — разважае Павел Мацукевіч. — Набытае намі выданне Семяновіча не з'яўляецца першым, але мы пакуль і не бачылі ў продажы першых выданняў. Але нават у гэтага ёсць свае цікавыя ўнікальныя асаблівасці. Напрыклад, да яго Семяновіч напісаў прадмову — адрозную ад той, што да першага выдання. Гэтая прадмова — апошняя дакументальная сведка жыцця Семяновіча.

І цікава, што менавіта гэты артэфакт мы набылі па рэкамендацыі навукоўца, які даслаў нам спасылку на аўкцыён».

Наконт «няправільнасці выкарыстання сродкаў» — маўляў грошы, сабраныя пад патранажам Maldzis, маглі б «пайсці на рэальныя прыярытэты, вызначаныя прафесіяналамі», у ініцыятыве адказваюць лаканічна:

«У нашым выпадку грошы мецэнатаў удалося сабраць менавіта пад тое, што мы робім і менавіта на ўмовах вяртання ў Беларусь».

Каментары45

  • Проста жыхар
    26.11.2025
    Окэй, Радзівон, дзе тады юцюб-канал музея гісторыі НАН РБ, дзе рэгулярна публікуюцца відэа пра скарбы са сховішчаў? Дзе можна паглядзець алічбаваныя копіі рэдкіх гістарычных дакументаў, што захоўваюцца ў нацыянальнай бібліятэцы і гістарычным архіве? Што, няма такога? Можа хоць якая-небудзь БелТА публікуе артыкулы пра артэфакты са сховішчаў, прымеркаваныя да гадавін гістарычных падзей або нараджэння/смерці звязаных з німі асоб? Таксама няма такога? Ну дык і каго ў гэтым трэба вінаваціць?
  • Гамонка
    26.11.2025
    Колас кажа справу. Кожная псеўдабеларуская ініццыятыва ў замежжы дзейнічае па прынцыпе "пагаласціь на тры капейкі - скрасці на сто рублёў".
    Хай ідуць спачатку заробяць штосці на сваё існаванне, а потым займаюцца мецэнатствам разумнікі-бяссрэбранікі!
  • Эмігрант
    26.11.2025
    Я, канешне, вельмі цешуся, што ў Беларусі ёсць нязлічаная колькасць арыгінальных кніг, мапаў, і іншых гістарычных артэфактаў, але які ў гэтым сэнс, калі яны схаваныя ад простых людзей? У найлепшым выпадку, яны час ад часу дэманструюцца на тэматычных выставах у той жа ж Нацыянальнай бібліятэцы, гістарычным або мастацкім музеі, але большасць часу яны проста ляжаць у сховішчах. Некаторыя артэфакты ўвогуле ніколі не выстаўляліся праз ідэалагічныя абмежаванні дзейнай улады. Калі пра ўсе гэтыя каштоўнасці няма інфармацыі ў адкрытых крыніцах, няма апублікаваных лічбавых копій, то гэта амаль раўназначна таму, што іх увогуле не існуе.

Цяпер чытаюць

«Яны кашмарылі ўсіх». Суседзі пра сям’ю Ліпскіх, якія «планавалі забойства больш за 40 чалавек»

«Яны кашмарылі ўсіх». Суседзі пра сям’ю Ліпскіх, якія «планавалі забойства больш за 40 чалавек»

Усе навіны →
Усе навіны

«Сказалі: ад'едзьце ад калонкі і падыходзьце». Што цяпер робіцца на АЗС?5

«Гэта і ёсць корань усіх нашых бед». Шуневіч узяўся за егераў — збіраецца абмежаваць іх паўнамоцтвы і змяніць правілы палявання5

Аляксандр Мілінкевіч застаецца ў стабільна цяжкім стане7

У Мінску плануюць запусціць аплату карткамі на ўсіх відах транспарту2

Мінскі метрапалітэн прэзентаваў новыя цягнікі. Яны будуць хадзіць на Аўтазаводскай лініі2

Віктар Лукашэнка дамогся перамоваў з новай кіраўніцай Міжнароднага алімпійскага камітэта3

Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў45

Жывёлавод з Брэстчыны паказаў заробак і шакаваў людзей15

Мінчук паабедаў у рэстаране і заплаціў 98 рублёў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яны кашмарылі ўсіх». Суседзі пра сям’ю Ліпскіх, якія «планавалі забойства больш за 40 чалавек»

«Яны кашмарылі ўсіх». Суседзі пра сям’ю Ліпскіх, якія «планавалі забойства больш за 40 чалавек»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць