Танкер Bella 1 ішоў пад панамскім сцягам.

ЗША захапілі яшчэ адзін нафтавы танкер каля берагоў Венесуэлы, паведамляе Bloomberg са спасылкай на людзей, знаёмых з сітуацыяй. Гэта адбылося на фоне таго, што Дональд Трамп узмацняе нафтавую блакаду ўрада Нікаласа Мадура.
Танкер Bella 1, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, пад панамскім сцягам накіроўваўся ў Венесуэлу пад загрузку.
Аналагічныя захопы адбыліся 10 снежня (судна Skipper) і 20 снежня (супертанкер Centuries).
Трамп узмацняе ціск на Мадура, спрабуючы перакрыць асноўную крыніцу даходаў рэжыму. На думку экспертаў, калі Венесуэла не зможа экспартаваць сваю нафту, яе сховішчы будуць перапоўненыя і дзяржаўнай кампаніі прыйдзецца пачаць закрыццё нафтавых свідравін.
Трамп таксама прызнаў урад Мадура замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй, абвінаваціўшы яго ў датычнасці да гандлю наркотыкамі.
Адметна, што танкер Centuries, захоплены 20 снежня, не значыўся ў публічным санкцыйным спісе ЗША. Танкер ішоў пад панамскім сцягам, у той час як права ўласнасці на нафту належыць кітайскай кампаніі.
Віцэ-прэзідэнт і міністр нафты Венесуэлы Дэльсі Радрыгес асудзіла захоп танкера, назваўшы гэты крок «сур’ёзным актам пірацтва» з боку ўрада ЗША.
16 снежня Трамп абвясціў пра «поўную блакаду» ўсіх падсанкцыйных суднаў і прызнаў урад Мадуры «замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй».
Каментары