Колькі яшчэ Украіна зможа ўтрымліваць гарады Пакроўск і Мірнаград у Данецкай вобласці
Баявыя дзеянні каля агламерацыі Пакроўск — Мірнаград у Данецкай вобласці працягваюцца ўжо амаль паўтара года, і ў канцы кастрычніка Крэмль абвясціў пра іх акружэнне. Але ўкраінскія вайскоўцы да гэтага часу ўтрымліваюць паўночныя ўскраіны Пакроўска і захоўваюць прысутнасць у цэнтры Мірнаграда. Як доўга гэта можа працягвацца, пiша Бі-бі-сі — Украіна.

Мінула два месяцы пасля таго, як расійскія ўлады аб'явілі пра «акружэнне» амаль 5,5‑тысячнай украінскай групоўкі ў Пакроўску і Мірнаградзе (Крэмль выкарыстоўвае іх савецкія назвы — Чырвонааармейск і Дзімітраў).
«Хачу павіншаваць увесь асабовы склад Аб'яднанай групоўкі войскаў з гэтымі вынікамі. Разам з тым, як было ўжо адзначана, наперадзе чакае вялікая, складаная праца па ліквідацыі акружаных фарміраванняў праціўніка», — заявіў прэзідэнт Уладзімір Пуцін 26 кастрычніка падчас сустрэчы з расійскім камандаваннем.

Увечары 1 снежня начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў яшчэ раз далажыў Пуціну аб «узяцці» Пакроўска, а 18 снежня — паўтарыў гэта, дадаўшы, што ў суседнім Мірнаградзе праціўнік заблакаваны і палова горада ўжо пад кантролем расійскай арміі.
Аднак падзеі «на зямлі» паказваюць, што на гэтым участку фронту, як і, напрыклад, на купянскім накірунку, улады РФ паспяшаліся аб'явіць пра свае поспехі, фактычна анансаваўшы ўзяцце гарадоў «у крэдыт».
Што адбываецца ў Пакроўску
Яшчэ ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада ўкраінскае камандаванне перакінула рэзервы на гэты ўчастак фронту, каб максімальна запаволіць прасоўванне праціўніка. Дадатковыя сілы, у прыватнасці, узялі з суседняга — дабрапольскага — кірунку.
Гэтыя дзеянні дазволілі затармазіць расійскія войскі, якія для захопу Пакроўска і Мірнаграда выкарыстоўвалі ў асноўным тактыку масіраваных паветраных удараў і інфільтрацыі невялікіх груп пяхоты.
Паводле ацэнак Генштаба УСУ, у цэлым армія РФ сканцэнтравала на гэтым участку фронту каля 150 тыс. байцоў, гэта значыць больш, чым на любым іншым.
За мінулыя тыдні сітуацыя ў Пакроўску кардынальна не змянілася, кажуць крыніцы Бі-бі-сі ва ўкраінскім камандаванні.
Расія замацавалася і ўтрымлівае паўднёвую частку горада, які падзелены чыгуначнымі пуцямі. Вайскоўцы РФ збіраюцца ў гэтых раёнах, фатаграфуюцца тут са сваімі сцягамі і дазваляюць здымкі расійскім ваенкарам, дэманструючы кантроль над тэрыторыяй.
Украінскія сілы трымаюць пад агнявым уздзеяннем паўночныя кварталы, дзе пераважна размешчана нізкапавярховая забудова і прыватныя дамы. Тут яны не даюць праціўніку назапасіць тэхніку, а таксама аператараў беспілотнікаў.

Аднак уся тэрыторыя цэнтральнай і паўночнай часткі Пакроўска фактычна з'яўляецца «шэрай зонай», гэта значыць, ні адзін з бакоў не мае над ёй стабільнага кантролю з-за вялікай колькасці лятаючых над горадам ударных і разведвальных дронаў. Яны знішчаюць асабовы склад і тэхніку, якая заходзіць у гэтыя раёны.
З пачатку снежня армія РФ крыху змяніла тактыку на гэтым участку фронту, кажуць ва ўкраінскім камандаванні. Па-першае, яна пачала актыўна «раскачваць» абарону УСУ, атакуючы флангі Пакроўска і Мірнаграда механізаванымі штурмамі, а таксама перакінула сюды рэзервы. У прыватнасці, 76‑ю дэсантна-штурмавую дывізію.
«Некаторыя падраздзяленні праціўніка, якія планавалі ісці на Запарожжа, таксама былі перакінутыя менавіта на Пакроўск. Чакаем, што да Новага года праціўнік паспрабуе ўзмацніць наступ і ажыццяўляць актыўныя штурмы, у прыватнасці, механізаваныя», — заявіў 21 снежня камандзір 7‑га корпуса хуткага рэагавання УСУ, генерал Яўген Ласійчук.

У асноўным механізаваныя штурмы расіян на галоўныя флангавыя кропкі — вёскі ўздоўж трас на Паўлаград і Дабраполле — пакуль не прыносяць значнага поспеху для расіян. Украінскія вайскоўцы апублікавалі ўжо некалькі відэазапісаў знішчэння такіх калон праціўніка.
Напрыклад, 22 снежня падраздзяленні Першага корпуса Нацгвардыі «Азоў» выявілі і знішчылі адразу некалькі расійскіх бронекалон, якія спрабавалі прарвацца ў бок Дабраполля.
У выніку паражэння, паводле даных УСУ, РФ страціла 6 танкаў, 15 бронемашын, 10 адзінак мотатэхнікі і дзясяткі чалавек асабовага складу. Гэта суправаджаецца відэа, на якім бачнае знішчэнне такіх калон.
Што адбываецца ў Мірнаградзе
Сітуацыя ў Мірнаградзе больш складаная, чым у Пакроўску. У цэнтры горада да гэтага часу застаецца гарнізон украінскіх вайскоўцаў, якія вымушаны весці баі фактычна ў поўным акружэнні.
Верыфікаванай інфармацыі пра тое, ці сапраўды УСУ ўсё яшчэ ўтрымліваюць «калідор» для лагістыкі гэтага гарнізона, няма. Шлях праходзіў праз невялікія вёскі Роўнае і Светлае, якія знаходзяцца на трасе паміж Мірнаградам і Пакроўскам.
Але Расія 7 снежня паведаміла, што яе армія захапіла Роўнае, а 20 снежня — Светлае. Украінскае камандаванне настойвае, што «калідор» усё яшчэ функцыянуе. Больш за тое, УСУ нібыта прыкладаюць намаганні не толькі для яго ўтрымання, але і пашырэння.
У заяве 7‑га корпуса ад 24 снежня сказана пра ўзмацненне ўчастка ў Мірнаградзе новымі сіламі і сродкамі. «У прыватнасці, лагістычныя «калідоры» да заходняй часткі Мірнаграда ўзмоцненыя новымі падраздзяленнямі. Гэта дазваляе не спыняць забеспячэнне ўкраінскіх падраздзяленняў на гэтым накірунку», — гаворыцца ў паведамленні.
Праўда, перыметр, які кантралююць УСУ ў горадзе, у апошнія тыдні значна скараціўся. Украінскія падраздзяленні былі вымушаны адысці на 5‑7 км на поўнач ад паўднёвых ускраін Мірнаграда.
Генерал Ласійчук тлумачыў, што гэта было зроблена для «захавання людзей».
«Гэта было няпростае рашэнне асабіста для мяне. Гаворка ішла пра важны плацдарм для абароны Мірнаграда. Але мы вымушаны былі гэта зрабіць для захавання жыцця людзей і палягчэння нашай лагістыкі», — адзначыў ён.
OSINT-праект DeepState паказвае, што як такога перыметра, які УСУ ўтрымлівалі ў Мірнаградзе, ужо няма. Увесь горад, згодна з данымі аналітыкаў, цяпер з'яўляецца вялікай «шэрай зонай».
Па словах сакратара парламенцкага камітэта па пытаннях нацбяспекі і абароны Рамана Кастэнкі, на гэты момант Мірнаград ужо знаходзіцца ў «аператыўным акружэнні».
«Праціўнік з дапамогай сваіх сродкаў трымае горад у аператыўным акружэнні, не дазваляючы туды трапляць лагістыцы. Там складаная сітуацыя ў цэлым», — сказаў ён.
У камандаванні 7‑га корпуса не хаваюць, што лагістыка для ўкраінскага гарнізона істотна ўскладненая: толькі 30% паставак перадаецца сухапутным шляхам, астатняе — паветраным і наземнымі дронамі.
Колькі яшчэ можна ўтрымліваць гэтыя гарады і для чаго?
Раман Кастэнка называе сітуацыю ў Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі «асабліва цяжкай».
Аднак украінскае камандаванне ўсё яшчэ працягвае ўтрымліваць свае гарнізоны ў гэтых гарадах. Вайскоўцы вымушаны весці знясільваючыя гарадскія баі фактычна ў сітуацыі поўнага акружэння.

Вывесці ўкраінскіх вайскоўцаў з гэтых гарадоў некаторыя палітыкі і ваенныя дзеячы заклікалі яшчэ ў пачатку лістапада. Аднак Генштаб УСУ выбраў іншы план дзеянняў.
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі наўпрост заяўляе, што мэта — выматаць праціўніка і спыніць яго прасоўванне. Акрамя таго, паводле яго слоў, каля Пакроўска ўкраінскім сілам нават удаецца перахопліваць ініцыятыву і вызваляць тэрыторыі.
«Украінскія падраздзяленні трымаюць абарону і перахопліваюць ініцыятыву. У выніку контрнаступальных дзеянняў вярнулі кантроль над 16 кв. км у паўночнай частцы горада. Таксама адбілі 56 кв. км тэрыторыі ў раёнах населеных пунктаў Грышына, Котліна, Удачнае на захад ад Пакроўска», — заявіў ён 17 снежня.
Сапраўды, «захрасанне» расійскай арміі ў баях за Мірнаград і Пакроўск відавочна не ўваходзіла ў планы Генштаба РФ.
Калі б гэтая агламерацыя пала да пачатку зімы, то для расійскіх вайскоўцаў гэтыя буйныя прамысловыя гарады з вышыннай забудовай сталі б зручным лагістычным цэнтрам для назапашвання войскаў і тэхнікі, а таксама плацдармам для далейшага руху ў бок адміністрацыйных межаў Данецкай вобласці.
Улічваючы, што апошняй больш-менш істотнай перашкодай тут можа быць толькі горад Дабраполле, не выключана, што гэтых межаў расіяне дасягнулі б дастаткова хутка.
Акрамя таго, відавочная ілжывасць заяў Крамля пра поўны кантроль над Пакроўскам і Мірнаградам мае і палітычнае значэнне.
Прынамсі, на гэта звяртае ўвагу былы галоўкам УСУ (у 2014‑19 гадах) Віктар Мужэнка. На яго думку, эфектыўныя дзеянні УСУ ў гэтых гарадах былі адным з фактараў, якія паўплывалі на рашэнне Еўрапейскага саюза вылучыць Украіне 22 снежня беспрацэнтны крэдыт у памеры 90 млрд еўра.
«Калі б мы здалі Пакроўск і Мірнаград і не было б аперацыі па вызваленні Купянска, то, відаць, дэбаты (з нагоды крэдыту. — Рэд.) працягваліся б і дагэтуль. Гэта значыць, не было б даверу да Украіны, да ўкраінскай арміі, яе здольнасці стрымаць ворага», — лічыць былы галоўкам.
Але колькі яшчэ часу ўкраінская армія зможа ўтрымліваць гэтую агламерацыю? Меркаванні з гэтай нагоды разыходзяцца. Напрыклад, ваенны аналітык Канстанцін Машовец лічыць, што час для «бязбольнага» вываду УСУ з Мірнаграда ўжо ўпушчаны ў канцы лістапада.
Але камандзір Першага асобнага штурмавога палка Дзмітрый Філатаў (пазыўны «Пярун»), які вядзе баі на гэтым участку фронту, упэўнены, што абарона Пакроўска яшчэ зацягнецца на некалькі месяцаў.
«Ці страцім мы Пакроўск? З улікам цяперашняга ходу падзей — так, думаю, дзесьці вясной — у сярэдзіне вясны. Калі нічога не зменіцца і ўсё будзе ісці як ідзе», — выказаў сваё меркаванне камандзір.
Для параўнання, аперацыя па ўзяцці расіянамі буйнога прамысловага горада Аўдзееўкі доўжылася 4 месяцы — з сярэдзіны кастрычніка 2023 года да 16 лютага 2024 года. Украінскія падраздзяленні таксама вялі баявыя дзеянні ў паўакружэнні і змаглі выйсці з горада па лагістычным калідоры толькі ў апошні момант і толькі дзякуючы перакіданню дадатковых сіл на гэты накірунак.
Каментары