Кіроўцы таксі рэгулярна адмаўляюць у паездках пасажырам з дзецьмі. Юлія таксама трапіла ў такую сітуацыю: яна выклікала машыну праз «Яндэкс» для сваёй дачкі і бабулі дзіцяці. Спецыяльна выбрала тарыф «Бізнэс», каб быць упэўненай: на заказ прыедзе свежы аўтамабіль павышанага камфорту.

Але кіроўца «развярнуў» пасажыраў, параіўшы выклікаць тарыф «Дзіцячы». А ў Юліі з апошнім неаднаразова ўзнікалі праблемы: прыязджалі, як сцвярджае дзяўчына, аўтамабілі не ў найлепшым тэхнічным стане, піша Onliner.by.
— Пазаўчора дачка разам са сваёй бабуляй ехалі на ёлку ў Нацыянальную бібліятэку. Калі я сама езджу з дзіцем у таксі, то важу з сабой бустар (магчыма, таму мне яшчэ ні разу не адмаўлялі ў паездцы). Але гэтым разам было незразумела, ці можна будзе пакінуць бустар у гардэробе, таму не хацелася «нагружаць» ім бабулю-пенсіянерку.
Імпрэза скончылася, я пачала выклікаць таксі. Адзначу: для дачкі заўсёды выбіраю менавіта «Бізнэс» — там адэкватныя кіроўцы і бяспечныя машыны. Быў у мяне досвед і з тарыфам «Дзіцячы»: аднойчы прыехала моцна зношаная і брудная Honda Civic з нервовым кіроўцам. Я дагэтуль добра памятаю тую паездку — як мужчына газаваў, каб не заглухнуць! Пасля па «Дзіцячым» да мяне таксама прыязджалі вельмі спецыфічныя машыны. Мне нават самі кіроўцы тлумачылі: гэты тарыф — апошні шанец для некаторых, каб не быць адключанымі ад сэрвісу. У іх з-за нізкага рэйтынгу мала заказаў, дык яны «ўпіхваюць» аўтакрэсла — і працягваюць зарабляць. Дарэчы, у «Бізнэсу» раней заўсёды былі бустары, але цяпер іх няма.
Вяртаючыся да пазаўчорашняй сітуацыі, Юлія расказвае: абстаноўка ў горадзе была напружаная. Дарогі загружаныя, тарыфы павышаныя… Дзяўчына спрабавала знайсці «Бізнэс» з бустарам, але двойчы выклікаліся кіроўцы без іх, і яна адмяняла паездку. Паралельна маніторыла дзіцячы тарыф са спадзевам «вылавіць» добрую машыну. Але такая стратэгія выніку не дала. Тады Юлія ўсё ж спынілася на «Бізнэсе».
— Падумала: хаця б машына прыедзе надзейная. Карацей, заказала, мне прыйшло апавяшчэнне, што машына едзе. Бабуля з унучкай выйшлі да прыпынку. Дзіця пасля свята, зразумела, прыбранае, але не вельмі цёпла апранутае — дакладна не для доўгай прагулкі.
І тут мне прылятае паведамленне ад кіроўцы: бустара ў яго няма, дзіця не павязе. Параіў выбраць тарыф «Дзіцячы». Я аргументавала сваё нежаданне выклікаць гэты тарыф, але кіроўца толькі адказаў: дзяцей не возіць.

Сам заказ ён не адмяняў, чакаў, калі гэта зраблю я. Я, зразумела, не магла ісці на прынцып: дзіця з бабуляй, паўтаруся, ужо мерзлі на прыпынку. Выклікала яшчэ адну машыну — яна прыехала праз 15 хвілін, вадзіцель у паездцы не адмовіў. Бабуля з унучкай шчасліва дабраліся дадому.
Мяне засмучае тое, што няма магчымасці везці дзіця ў крэсле/бустары і пры гэтым у добрай машыне. Даводзіцца выбіраць паміж крэслам і камфортным і бяспечным аўто. Калі чытаеш гісторыі, як нейкі п’яны кіроўца Mercedes «расклаў» Skoda на М2, дзе было аўтакрэсла, але ад самой машыны нічога не засталося, а Mercedes — цэлы (як і ўсе, хто ў ім ехаў), разумееш, што бустар/аўтакрэсла — не панацэя.
Ці меў права кіроўца таксі адмаўляць у паездцы з дзіцем?
Спачатку звернемся да ПДР, а дакладней — да пункта 178. У аўтамабілі-таксі дзяцей можна перавозіць без утрымліваючых прылад. І вадзіцель таксі не можа адмовіць у перавозцы пасажыра з дзіцем, што неаднаразова тлумачылі ў Мінтрансе і Транспартнай інспекцыі.
Аднак канфлікты нярэдкія: таксісты, убачыўшы сярод патэнцыйных пасажыраў дзіця, часам адмаўляюць у паездцы, спасылаючыся на адсутнасць у іх аўтакрэсла і магчымасць атрымаць штраф ад ДАІ. Журналісты «Анлайнера» ўжо звярталіся ў Дзяржаўтаінспекцыю па каментар наконт такіх сітуацый. Там тлумачылі: калі супрацоўнік ДАІ бачыць, што дзіця вязуць без аўтакрэсла, ён высвятляе ўсе абставіны, у тым ліку пытаецца ў вадзіцеля, ці працуе той у таксі. Калі вадзіцель кажа, што не (так раней вельмі часта рабілі тыя, у каго не ўсё ў парадку з дакументамі), яго штрафуюць паводле ч. 5 арт. 18.14 КаАП — за парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў.
Атрымліваецца, адказ на пастаўленае пытанне відавочны. Аднак Юлія даслала рэдакцыі адказ ад службы падтрымкі сэрвісу на яе скаргу: там паведамілі, што вадзіцелю аўтапарка-партнёра «Яндэкса» дазволена адмаўляцца (відаць, паводле ўнутраных правілаў) ад паездкі, калі пасажыр не выбраў тарыф «Дзіцячы». Уласна, падобна, праз такія разыходжанні і ўзнікаюць непаразуменні. Аднак у выпадку, калі пасажыр напіша скаргу ў Транспартную інспекцыю на кіроўцу, рашэнне будзе прымацца ў адпаведнасці з законам.

Каментары