Грамадства4646

Мацкевіч збірае палітыкаў на метадалагічную «гульню». Бабарыка едзе, Ціханоўская — пакуль не. Што адбываецца і колькі гэта каштуе?

«Калі гульня будзе паспяховай, то тыя, хто не ўдзельнічаў, застануцца па-за межамі гэтага працэсу. Таму кажу проста: не хочаце — не ўдзельнічайце. Але я вас папярэдзіў», — фармулюе сваю пазіцыю метадолаг, які працуе з падобнымі фарматамі з канца 1980-х.

Уладзімір Мацкевіч. Фота: Белсат

Метадолаг і былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч у канцы красавіка плануе на тыдзень сабраць у адным месцы прадстаўнікоў палітыкі, бізнэсу, медыя і грамадзянскай супольнасці. Мэта — паспрабаваць сфармуляваць агульнае бачанне таго, як беларускай эміграцыі жыць і дзейнічаць далей.

Гэты фармат ён называе арганізацыйна-дзейнаснай гульнёй.

Мы паразмаўлялі з Мацкевічам і разабраліся, што гэта за «гульня», хто ў ёй будзе ўдзельнічаць і колькі гэта каштуе.

Уладзімір Мацкевіч — філосаф і метадолаг, які працуе з падобнымі фарматамі з канца 1980-х. У 2021 годзе ён быў арыштаваны і правёў больш за чатыры гады за кратамі.

Што гэта за фармат

Па словах Уладзіміра Мацкевіча, гаворка не пра гульню ў звыклым сэнсе, а пра метад калектыўнай сістэмнай працы ў складаных сітуацыях, дзе няма гатовых рашэнняў.

«Мы працуем з праблемамі, для якіх няма стандартных адказаў», — кажа ён.

Фармат прадугледжвае поўнае пагружэнне на працягу сямі дзён. Удзельнікі падзяляюцца на групы, з імі працуюць гульнятэхнікі і метадолагі. Асноўная задача — не згладзіць супярэчнасці, а наадварот, выявіць іх і зрабіць прадметам працы.

«Галоўны прынцып у тым, каб сабраць у адным месцы калектыў удзельнікаў, які мадэлюе праблемную сітуацыю. Каб там былі прадстаўлены ўсе, каго яна закранае: ад нізавых ініцыятыў да палітычных лідараў, ад медыя і праваабаронцаў да людзей з гуманітарных сфер — медыцыны, адукацыі і іншых. У ідэале — хаця б па адным прадстаўніку з кожнай важнай сферы.

На гульні выцягваюцца ўсе супярэчнасці і канфлікты. Яны не хаваюцца пад коўдрай, візуалізуюцца, прад’яўляюцца, удзельнікі пачынаюць з імі працаваць, каб прыйсці да кампрамісу і супрацоўніцтва. Адна з галоўных ліній працы — гэта пошук паразумення з тымі, без каго твае ўласныя мэты застаюцца недасягальнымі. Метад працаёмкі і досыць дарагі», — адзначае метадолаг.

Чаму цяпер

Мацкевіч апісвае сітуацыю ў беларускай эміграцыі як раз’яднаную: ёсць мэты, але няма агульнай стратэгіі і разумення, як іх дасягаць.

«У нас ёсць мэты, але няма поўнай згоды паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі структурамі адносна гэтых мэт і спосабаў дзеяння. Няма кансалідацыі высілкаў. Гэта бачна амаль ва ўсіх сферах — і ў гуманітарнай, і ў грамадзянскай, і ў палітычнай. Ёсць дэклараваныя каштоўнасці і мэты, накіраваныя на змены ў краіне, але амаль няма разумення, якімі сродкамі іх дасягаць і на якія рэсурсы абапірацца. Не хапае праграмы і падыходу, каб выкарыстаць усё гэта на карысць агульнай справы. З практыкі апошніх дзесяцігоддзяў магу сказаць: больш эфектыўнага метаду чым арганізацыйна-дзейнасная гульня для такіх сітуацый я не ведаю», — перакананы метадолаг.

Хто будзе ўдзельнічаць

Першапачаткова бюджэт разлічваўся на 60 чалавек, аднак ужо цяпер удзел пацвердзілі 72 чалавекі.

Арганізатары імкнуцца сабраць максімальна разнастайны склад: палітыкаў і прадстаўнікоў розных структур, бізнэс, медыя і праваабаронцаў, актывістаў і гуманітарныя ініцыятывы з беларускай і расійскай эміграцыі, а таксама ўдзельнікаў з краін-суседак — Літвы, Польшчы і Украіны.

Свой удзел у гульні пацвердзіў Віктар Бабарыка. Заяўлена прысутнасць прадстаўнікоў палка Каліноўскага, чакаецца ўдзел Франака Вячоркі. Верагодны і прыезд з ЗША Сяргея Ціханоўскага. Таксама гаворыцца пра магчымы ўдзел прадстаўнікоў ініцыятыў кшталту «Байсола» і «Кіберпартызанаў».

(Пасля выхаду публікацыі Полк Каліноўскага заявіў, што ад іх афіцыйна ніхто не ўдзельнічае. — НН)

«Канчаткова людзі яшчэ вызначаюцца: трэба вызваліць сабе тыдзень, улічыць здароўе, дакументы, працу. Але прадстаўніцтва ўсіх палітычных структур будзе», — пераконвае Мацкевіч.

Асобна ён падкрэслівае, што хацеў бы бачыць на гульні Святлану Ціханоўскую — аднак яна пакуль не дала згоды. Паводле яго, яе запрасілі адной з першых і нават падладжвалі даты пад яе графік.

«Яна не вельмі хоча ехаць, але я ўсё яшчэ спрабую яе пераканаць. Святлана — цэнтральная фігура, яна нам усім вельмі патрэбная. Але і мы ёй патрэбныя», — кажа Мацкевіч.

Мацкевіч расказвае пра лёсавызначальнасць сваёй гульні.

«Той, хто робіць стаўкі ў гульні, выйграе. Хто не робіць — прайграе яшчэ да пачатку. Адмова ад удзелу азначае як мінімум, што ты не атрымаеш нічога. А ў максімуме — можаш апынуцца за бортам працэсу. Калі гульня будзе паспяховай і сапраўды пачне змяняць кірунак дзейнасці палітычных і грамадскіх сіл, то тыя, хто не ўдзельнічаў, застануцца па-за межамі гэтага працэсу. Таму я кажу проста: не хочаце — не ўдзельнічайце. Але я вас папярэдзіў», — жорстка фармулюе метадолаг сваю пазіцыю.

Адзін з элементаў гульні — сутыкненне розных стратэгій. Напрыклад, паводле Мацкевіча, Віктар Бабарыка мае прадставіць уласную праграму, распрацаваную па-за межамі гульні, каб яе можна было крытычна разабраць.

«На гульні сутыкнуцца як мінімум дзве стратэгіі, распрацаваныя рознымі калектывамі. І кожны зразумее, што яго стратэгія частковая і без сённяшніх апанентаў яна нерэалістычная», — тлумачыць ён.

Паводле задумы, ужо на другі дзень канфрантацыя павінна перайсці ў супрацоўніцтва. Сам Мацкевіч апісвае гэты працэс метафарычна: «Гэта як танга. Ёсць напружанне, ёсць канфлікт, але адзін без другога танец не станцуюць».

Пры гэтым частка ўдзельнікаў не раскрываецца з меркаванняў бяспекі, што не дазваляе цалкам ацаніць баланс і склад сустрэчы.

«Ёсць ахвотныя з Украіны, Польшчы, беларускія бізнэсоўцы ў эміграцыі, якія самі хочуць прысутнічаць. Некаторым мы прапануем ехаць за ўласныя грошы», — кажа Мацкевіч.

Кошт пытання

Гульня патрабуе значных выдаткаў і рэсурсаў: сем дзён пражывання ў камфартабельных умовах, дзясяткі ўдзельнікаў, дарога з розных краін, у тым ліку з ЗША, і праца каманды арганізатараў робяць удзел дарагім.

Мінімальны кошт удзелу аднаго чалавека — 2000 еўра. Але Мацкевіч падкрэслівае, што праект фінансуецца за кошт беларускага бізнэсу за мяжой і саміх удзельнікаў.

Навошта?

Заяўлены вынік — агульная стратэгія для беларускай дыяспары. Уладзімір Мацкевіч сцвярджае, што без уключэння шырокага кола ўдзельнікаў любая стратэгія застанецца «паперай». 

«Вынікам гульні мы бачым агульную стратэгію дзейнасці шырокіх колаў беларускай эміграцыі і дыяспар, найперш у Літве і Польшчы, дзе пасля 2020 года апынулася найбольш беларусаў.

Мне часта кажуць: «Навошта? У нас жа ўжо ёсць стратэгіі — у Азарава, у Офіса, у іншых». Але я адказваю: гэта стратэгіі асобных структур. Чаму ўсе астатнія павінны рэалізоўваць тое, што вызначана кімсьці ў вузкім коле? Стратэгія працуе толькі тады, калі тыя, хто будзе яе рэалізоўваць, самі ўдзельнічаюць у яе распрацоўцы», — кажа метадолаг.

Паводле яго слоў, каманду гульні ў першую чаргу цікавяць змены ў самой Беларусі. І тое, на што здольныя дыяспара і міграцыя, каб паўплываць на гэтыя змены і паскорыць іх.

Але ці не застануцца размовы на гульні проста размовамі? Уладзімір Мацкевіч перакананы, што яму ўдасца арганізаваць працэс і дасягнуць пастаўленай мэты. 

«Я арганізоўваю гэтае мерапрыемства, я ім кірую і буду за гэта адказваць. І я на 90% упэўнены, што зраблю гэта. Гэта мая праца і мая прафесія. Першую вялікую гульню я правёў яшчэ ў 1988 годзе — з трыма міністэрствамі тагачаснай савецкай Латвіі. Я гэта ўмею», — кажа метадолаг.

Гульні, якія не заўсёды «спрацоўваюць»

Апошнюю вялікую арганізацыйна-дзейнасную гульню Уладзімір Мацкевіч праводзіў яшчэ ў 2013 годзе. Яна была міжнароднай: заказчыкамі выступалі МЗС Германіі і Польшчы, а інвестарам — нямецкі фонд Bertelsmann у межах праграмы Transformation Thinkers.

Тады спрабавалі працаваць з тэмай трансфармацыі — на прыкладзе Беларусі, але з удзелам людзей з розных краін. Акрамя беларусаў, у гульні ўдзельнічалі прадстаўнікі Сірыі, Аргенціны, Чылі, Егіпта, эксперты з Польшчы і Германіі.

Ідэя была амбітная: прапрацаваць, як наогул адбываюцца трансфармацыі ў краінах, дзе няма гатовых сцэнарыяў. Але сам Мацкевіч прызнае — вынік аказаўся далёка не адназначным.

Гульня ішла на трох мовах з сінхронным перакладам, што значна ўскладніла працэс. Дадаўся і палітычны кантэкст: усё адбывалася ва Украіне напярэдадні падзей, якія прывялі да Майдана і наступнай агрэсіі Расіі.

Паводле Мацкевіча, сцэнар такога развіцця падзей прагаворваўся і ў межах гульні — але частка ўдзельнікаў, у тым ліку нямецкія эксперты, не ўспрыняла яго сур’ёзна. У выніку не ўдалося нават аформіць супольны выніковы дакумент.

«У нейкім сэнсе яна не атрымалася», — кажа ён. І дадае, што пасля гэтага фактычна спыніў правядзенне вялікіх гульняў.

Пазней праводзіліся ўжо меншыя фарматы — так званыя «гульні-лайт». Яны, паводле яго, маглі быць карыснымі для лакальных задач, але не давалі стратэгічнага выніку.

Адзін з прыкладаў — гульня на пачатку 2020 года пасля кампаніі «Свежы вецер», якая выступала супраць інтэграцыйных «дарожных мапаў» з Расіяй. Пасля таго як частка мапаў не была падпісаная, многія ўдзельнікі палічылі задачу выкананай.

Мацкевіч жа прапаноўваў выкарыстоўваць гэты рэсурс для падрыхтоўкі да выбараў 2020 года — але, паводле яго, на гульню прыйшло мала людзей.

Пасля арышту Мацкевіча падобныя гульні праводзілі ўжо іншыя людзі, таму іх вынікі ён не ацэньвае.

«Гульня ўжо ідзе» 

Мацкевіч сцвярджае, што цяпер працэс гульні пачаўся яшчэ да старту: ёсць людзі, якія не хочуць правядзення гульні, але ўсё роўна імкнуцца ў ёй удзельнічаць, каб паўплываць на вынік.

«Я ўжо месяц працую з гульнятэхнікамі, наперадзе яшчэ тыдзень афлайн-падрыхтоўкі за горадам. Гэта вялікая праца яшчэ да пачатку гульні. І ўжо цяпер ёсць людзі, якія не хочуць, каб гульня адбылася. Але паколькі сарваць яе яны не могуць, яны хочуць удзельнічаць, каб не дапусціць развіцця працэсу ў нявыгадным для іх кірунку. У гэтым сэнсе гульня ўжо ідзе», — тлумачыць метадолаг.

Каментары46

  • Гідоты
    25.03.2026
    А чаму ж вы не напісалі, што гэтыя "гульні" - дзіця распачынальніка канцэпцыі "русского міра" Шчадравіцкага, а Мацкевіч, Кірыенка і іншыя - яго шчырыя паслядоўнікі і ідэолагі? Зноў тут у чужыя гульні гуляюць.
  • Абу
    25.03.2026
    І далібог, няхай выпрацоўваюць штось агульнае.
    Але падкрэсліванне менавіта гульнявога характару мерапрыемства не можа не спарадзіць з'едлівых асацыяцыяў.
    Напрыклад:
    Падчас гульні пад вокнамі Офіса: "А Сьвета выйдзе?! Не? Хай хоць мячык скіне!"
  • Anatol Starkou
    25.03.2026
    Самая любімая, бо самая звыклая гульня ў беларусаў - гэта гульня ў “Ніколі ні пры якіх умовах не аб’ядноўвацца”. Яны мгуць гуляць у яе за 2000 еўрыкаў, за бяслатна і ў доўг да дргога прышэсця Ўсявышняга. Грошы не маюць значэння. Месца гульні і тэрмін таксама. У Якую б іншую ульню беларусы не гулялі ўсі іх гульні ўсё роўна закончацца гульнёй “Ніколі ні пры якіх умовах не аб’ядноўвацца”.

Цяпер чытаюць

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»40

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Усе навіны →
Усе навіны

Эйсмант заявіла, што разглядаецца магчымасць сустрэчы Лукашэнкі з Трампам3

Эйсмант: Мы заўсёды будзем рады бачыць Кім Чэн Ына ў Беларусі7

Колькасць насельніцтва Гомеля апусцілася ніжэй за 500 тысяч1

Топ-25 гарадоў Беларусі па колькасці насельніцтва. Вось свежыя падлікі2

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек23

У Мінску адкрылі кавярню, дзе за каву можна плаціць колькі хочаш1

Былому топ-менеджару ProStore і IT-кампаніі далі тры гады калоніі па палітычным артыкуле

У Празе закідалі кактэйлямі Молатава Рускі дом7

Кім Чэн Ын зладзіў раскошны прыём у гонар Лукашэнкі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»40

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць