Скандал вакол забароны на выкананне духоўнага гімна «Малітва», які ўчыніла ўдава кампазітара Алега Моўчана Ірына Відава пасля канцэрта ў філармоніі, выкрыў схаваны бок біяграфіі творцы. Пакуль удава змагаецца з выканаўцамі за аўтарскія адлічэнні, родная дачка кампазітара засталася практычна ні з чым і вымушана весці шматгадовую вайну за бацькаву спадчыну.

Нагадаем, днямі Ірына Відава-Моўчан забараніла спеваку Пятру Ялфімаву і іншым артыстам выконваць хіты свайго памерлага мужа, у тым ліку знакамітую «Малітву», спаслаўшыся на сваё выключнае права ўласнасці. Аднак, як выявілася, Ірына Відава — не адзіная жанчына, якая мае дачыненне да лёсу гэтых песень.
Выкрасленае жыццё
Калі адкрыць афіцыйную біяграфію Алега Моўчана на яго персанальным сайце або старонку ў Вікіпедыі, якая створана яго апошняй жонкай Ірынай Відавай (пра гэта сведчыць гісторыя правак), то там адсутнічаюць звесткі пра папярэднія шлюбы і дзяцей.

Аднак менавіта на гады першага шлюбу са спявачкай і кампазітаркай Таццянай Моўчан, цяперашняй кіраўніцай тэатра «Беларусінкі», прыпалі найбольш плённыя гады працы з «Песнярамі», а таксама ў 1989 годзе нарадзілася адзіная дачка кампазітара — Вікторыя.


Таццяна Моўчан у сваіх успамінах піша, што многія знакавыя песні, правы на якія цяпер прысвоіла ўдава, былі напісаны задоўга да з’яўлення Відавай у жыцці творцы.
«У інтэрнэце яе расхвальваюць як музу, з якой ён напісаў свае шэдэўры. Асабліва смешна, калі яе хваляць за «Маргарыту» ці «Малітву», напісаныя да 1993 года. Мы разышліся ў 1995-м. Проста ён быў Свабодны», — пісала Таццяна ў сацсетках.
«Стаў гламурным і забыў дачку»
Па словах першай жонкі, пасля разводу і новага шлюбу Алег Моўчан аддаліўся ад сям'і. «Стаў «гламурным», крутым», — з горыччу адзначала Таццяна. Адносіны перарваліся на доўгія гады. Былая жонка вінаваціць у гэтым Відаву, маўляў, новая спадарожніца «ўсё жыццё спрабавала адгарадзіць яго ад зносін».

Лёд крануўся толькі ў апошнія два гады жыцця кампазітара, калі ён ужо цяжка хварэў. Моўчан сам патэлефанаваў, пачаў размаўляць з Вікторыяй і нават паспеў сустрэцца з ёй і ўнукам Святаславам. Але аднавіць паўнавартасную сувязь яны не паспелі.
Шлюбная дамова і скандал на пахаванні
Пасля смерці кампазітара ў 2019 годзе разгарнулася сапраўдная драма з падзелам маёмасці. Высветлілася, што юрыдычна дачцэ не належыць амаль нічога.

«У жніўні 2017 года Віка ўпершыню пазнаёміла дзеда з унукам. Ірачка пяшчотна трымае Віку за пальчык. А вось у верасні Ірачка перапісвае на сябе ўсю маёмасць шлюбнай дамовай. І для падстрахоўкі яшчэ і завяшчанне ўсё сабе любімай», — расказвала ў сацсетках Таццяна Моўчан.
Сітуацыя дайшла да суда, але, па словах першай сям'і, выйграць у іх пакуль не атрымліваецца:
«Дагэтуль змагаемся з апошняй жонкай наконт спадчыны. Ладна, забрала яна ўсё, ну хоць па аўтарскіх правах крыху прабіваюся. Ведаў бы Алег, што ў дачкі няма нават гэтай фінансавай падушкі».
Асабліва цынічным, па словах Таццяны, быў эпізод на развітанні ў філармоніі, калі Відава нібыта кінула дачцэ, якая плакала ля труны: «Што ты тут робіш — ён табе ніхто».
«Гэта не любоў і не памяць»
Варта адзначыць, што Вікторыя Моўчан пайшла па слядах бацькоў. Яна прафесійная спявачка, педагог па вакале, стыпендыятка спецфонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. І яе пазіцыя адносна спадчыны бацькі кардынальна адрозніваецца ад пазіцыі ўдавы.
Калі Ірына Відава забараняе выконваць песні Алега Моўчана і блакуе відэа ў YouTube, дачка і першая жонка выступаюць за тое, каб музыка гучала.

«Ладзіць пампезныя прадстаўленні ў памяць пра Алега, а потым забараняць выконваць яго песні і прыбіраць іх з інтэрнэту — у гэтым заключаецца любоў і памяць?» — задаецца пытаннем Таццяна Моўчан.
Яна ўпэўненая, што справядлівасць будзе адноўлена: «Мая дачка даб'ецца, каб ніхто не забараняў выконваць яго песні. Каб на яго творчасць ніхто не вешаў забаронаў і каб яго імя не сышло ў забыццё».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы
У цэнтры Мінска адкрыецца музычная лава, на якой можна будзе паслухаць мелодыі Алега Моўчана
Суд за «Малітву»: Шпакоўская заплаціць Моўчану 9 млн кампенсацыі
Суд за «Малітву»: мірам не разыдуцца
Кампазітар Алег Моўчан падаў у суд на вакалістку Naka
Каментары