Сістэма продажу квіткоў, на якую перайшла «Белавія», аказалася ў цэнтры карупцыйнага скандалу
Расійская пракуратура заявіла, што выявіла крымінальны і карупцыйны кантроль над найбуйнейшай у Расіі сістэмай авіябраніравання Leonardo, піша РБК.

Паводле пазову расійскай Генеральнай пракуратуры, кампаніі, якія забяспечваюць ключавыя інфармацыйныя паслугі ў авіяперавозках, у тым ліку «Сірэна-Трэвэл», ТКП і іншыя структуры групы, былі набытыя карупцыйным шляхам, знаходзяцца пад уплывам крыміналу і замежным кантролем. Сярод адказчыкаў у справе фігуруе і дзейны дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Рыфат Шайхутдзінаў.
Як сцвярджаюць у Генпракуратуры, асновай для гэтага стала наўмыснае банкруцтва дзяржаўнага прадпрыемства «Галоўнае агенцтва паветраных злучэнняў грамадзянскай авіяцыі» ў 2003 годзе. Гэтае агенцтва займалася продажам авіябілетаў праз сетку кас і кіравала сістэмай афармлення паветраных перавозак «Сірэна».
4 лютага Генеральная пракуратура Расіі падала пазоў да некалькіх дзясяткаў фізічных і юрыдычных асоб з патрабаваннем перадаць у даход дзяржавы рухомую і нерухомую маёмасць уладальнікаў і структур кампаніі «Сірэна-Трэвэл», якая з’яўляецца аператарам сістэмы Leonardo. Першае судовае пасяджэнне прызначана на 18 лютага.
Паводле звестак крыніц, пракуратура лічыць, што для захопу прадпрыемства падазраваныя ўступілі ў змову з кіраўніком Федэральнай службы па справах неплацежаздольнасці і фінансавага аздараўлення Георгіем Талем. Пры яго карупцыйным садзейнічанні Рыфат Шайхутдзінаў быў прызначаны кіраўніком дзяржаўнага авіяцыйнага агенцтва з парушэннем заканадаўства.
«Белавія» пераключылася на паслугі сістэмы браніравання авіяквіткоў Leonardo ў 2023 годзе, замяніўшы ім амерыканскую Sabre.
Каментары