У мінскім канфіскаце прадаюць рэдкі для Еўропы Nissan, ды яшчэ і з правым рулём. Колькі просяць?
Гэта адзіны такі аўтамабіль у продажы на ўсю Беларусь.

У Мінску на пляцоўцы аўтаканфіската з'явіўся Nissan Skyline 1992 года выпуску. Гэта легендарнае японскае купэ, якое шануюць аўтааматары ва ўсім свеце, нават з улікам таго, што машына выпускалася выключна са стырном з правага боку.
Пад капотам у яго бензінавы рухавік аб'ёмам 2,5 літра і магутнасцю 280 к. с. Заяўлены прабег — 192 тысячы кіламетраў.

Па фота падкапотнай прасторы зразумела, што ў машыне праводзілася экспертыза. Яе сляды бачныя як на самім VIN-нумары, так і на панэлі, на якой ён знаходзіцца.
Агулам машына не ў самым лепшым стане. На капоце аблазіць лакафарбавае пакрыццё, паваротнік з левага боку трымаецца на скотчы. З-пад задняй шыбы вылазіць клей. Ды і іншых дробных дэфектаў хапае.

Руль, які стаіць у незвычным для нас месцы, таксама не першай свежасці, у панэлі не хапае некаторых элементаў.

Просяць за рэдкага праварульнага японца 27 648 рублёў, што складае каля $9 713. Гэта стартавы кошт аўтамабіля. Аўкцыён па продажы адбудзецца 25 лютага.
Для даведкі: у Беларусі аўто з рулём «на месцы бардачка» дазвалялі ставіць на ўлік толькі да 10 жніўня 2002 года. Пасля гэтай даты імпарт такіх машын не забаранілі, але для пастаноўкі на ўлік трэба спачатку пераставіць руль на левы бок, прайсці экспертызу ў БНТУ і толькі пасля гэтага ісці ў ДАІ.
Каментары
[Зрэдагавана]