У Мінску зноў спыніліся тралейбусы і трамваі на некалькіх вуліцах
Вечарам 23 лютага Мінск сутыкнуўся з транспартнымі праблемамі. Спачатку горад скавалі заторы, а затым на некалькіх вуліцах адбыліся аварыі на кантактнай сетцы і ДТЗ, якія паралізавалі рух тралейбусаў і трамваяў, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Паводле даных сэрвісу «Яндэкс.Заторы», загружанасць дарог у сталіцы да вечара ацэньваецца ў 5 балаў — рух у горадзе істотна ўскладнены.
Паводле інфармацыі «Мінсктранса», з-за вялікай колькасці машын запаволіўся рух на двух участках:
- Вуліцы Сурганава і Акадэмічная: тут транспарт адставаў ад графіка на 20 хвілін.
- Вуліца Кальварыйская: заторы таксама дадавалі кіроўцам да 20 хвілін затрымкі.
Каля паловы на сёмую вечара сітуацыя пагоршылася. Спачатку ў 18:29 адбылося пашкоджанне кантактнай сеткі на вуліцы Кальварыйскай і ў Тучынскім завулку. Рух спыніўся ў абодвух напрамках. З-за гэтага сталі тралейбусы маршрутаў №7, 9, 13 і 44.
Літаральна праз тры хвіліны, у 18:32, яшчэ адна аварыя здарылася ў цэнтры горада — на вуліцах Няміга і Мяснікова (у напрамку плошчы Бангалор). Там таксама пашкодзіла кантактную сетку, і спыніліся тралейбусы маршрутаў №29, 37 і 53.
У 18:33 да транспартных праблем дадалася новая — на вуліцах Якуба Коласа і Някрасава (у напрамку вуліцы Чырвоная) адбылася аварыя, з-за якой спыніўся рух трамваяў. Сталі маршруты №1, 5, 6 і 11.
Рух часткова перанакіравалі:
- Трамваі №5 ідуць толькі да прыпынку «РК «Змітрака Бядулі».
- Трамваі №1 і №6 даязджаюць толькі да дыспетчарскай станцыі «Возера».
Цяпер чытаюць
У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя
Каментары